Былі старшыня непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Мечыслаў Яськевіч не хоча аддаваць новаму кіраўніцтву арганізацыі яе фінансавую аснову — фірму «Крэсовія». Праўленне арганізацыі, абранае на з’ездзе 10 снежня 2016 года, абвінавачвае яго ў махінацыях: Яськевіч меў фіктыўна ўзяць на працу між іншым сваю дачку, якая насамрэч стала жыве ў Польшчы. Налічаную ёй зарплату ён меў забіраць сабе, піша znadniemna.pl.

Яськевіч, які з’яўляецца дырэктарам фірмы «Крэсовія», павінен быў перадаць яе новаму кіраўніцтву Саюза палякаў. Фірма з’яўляецца юрыдычнай асобай, праз якую вядзецца дзейнасць арганізацыі. Але пачуўшы абвінавачанні, ён вырашыў пакінуць фірму сабе. Тады на паседжанні Кіраўнічай рады СПБ 12 лютага Мечыслава Яськевіча і яго намесніцу Алену Дубоўскую часова пазбавілі правоў чальцоў Праўлення СПБ.

[irp posts="6147″ name="Анжаліка Борыс стала новым старшынёй Саюза Палякаў"]

Мечыслаў Яськевіч расказаў, што ў апошнім часе кіравання Саюзам палякаў, перад выбарамі 10 снежня 2016 года, ён імкнуўся легалізаваць дзейнасць СПБ. Як вядома, беларускі бок у гэтым пытанні прапануе аб’яднаць непрызнаны беларускімі ўладамі саюз з арганізацыя, якая мае ў Беларусі афіцыйную рэгістрацыю, але не прызнаецца Польшчай. Пры гэтым пра гэтую сваю дзейнасць Яськевіч не інфармаваў рэшту кіраўніцтва арганізацыі.

У канцы паседжання 12 лютага Мечыслаў Яськевіч паведаміў, што мае ў Саюзе палякаў прыхільнікаў, з якімі на базе захопленай ім фірмы «Крэсовія» ён створыць новую арганізацыю польскай меншасці, якая будзе мець рэгістрацыю ў Беларусі.