Вялiкая група бязвізавых турыстаў наведала музей Януша Парулiса

Каля 40 польскіх турыстаў у суботу 28 студзеня наведалі Музей гарадскога побыту Януша Парулiса. Свой тур па Гродне група пачала менавіта з прыватнага музея калекцыянера. Гасцей прыемна здзівіла вялікая калекцыя гродзенца.

Для Януша Парулiса прыезд такой групы стаў вялікім сюрпрызам: столькі чалавек у ягоным музеі даўно не было.

“Турысты прыехалі, можна сказаць, з нашых месцаў – Сакулка, Дамброўка. Іх было шмат, і самае дзіўнае, што ўсе яны змясціліся ў мяне ў музеі. Я рады такой колькасці наведвальнікаў, спадзяюся гэта не апошні раз”, – сказаў Януш.

5
Госці асаблівую ўвагу звярталі на вялікую колькасць карцін, польскія кнігі, а таксама на куток прысвечаны пісьменніцы Элізе Ажэшцы.

“Вельмі добра, што зараз мы можам ездзіць без візы ў Гродна. Мы ўжо вязем сюды другую групу. Тут вельмі прыгожа і шмат родных месцаў для палякаў. Акрамя экскурсіі мы наведваем яшчэ тэатр.

Што тычыцца музея Януша Парулiса, то мы яго ўбачылі ў інтэрнэце і вырашылі ўключыць у праграму. Менавiта з яго і пачалі сваю экскурсію па Гродне. У Януша цікавая і незвычайная калекцыя, усе засталіся задаволеныя”, – распавяла экскурсавод Бажэна Клачко.

Гродзенскія тураператары, якія займаюцца бязвізавымі турыстамі, распавядаюць, што музей Януша Парулiса ўключыць у экскурсію па горадзе часта праблематычна, бо ў турыстаў у асноўным загадзя ўсё распісана. У асноўным турысты наведваюць помнікі архітэктуры і славутасці Гродна.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: