Выдавецтва «ЮрСаПрынт» распачало год выданнем шыкоўнай кнігі краязнаўцы Віктара Саяпіна «Гродна і гродзенцы. 30 гадоў ХХ стагоддзя (1944−1974)». Кніга запрашае акунуцца ў атмасферу пасляваеннага горада, прасачыць яго няпростую гісторыю, адлюстраваную ў жыцці звычайных гараджан.
Кіраўнік выдавецтва Аляксандр Рыжы мяркуе, што новая кніга Саяпіна — гэта сапраўдная энцыклапедыя аднаго з самых складаных перыядаў у гісторыі Гродна і Беларусі ў цэлым: аднаўлення пасля вайны, першых пасляваенных дзесяцігоддзяў, эпохі будаўніцтва сацыялістычна-камуністычнага Гродна.
«Але пры гэтым там няма «пераможнага поступу», — адзначае Аляксандр Рыжы. — Галоўнае ў кнізе — людзі і тое, што адбывалася вакол іх. Аўтар згадвае найперш не нейкія вялікія будоўлі, а простага чалавека — як ён жыў, як нешта набываў, куды хадзіў бавіцца, дзе і як харчаваўся…
Дзякуючы кнізе, мы даведаемся, як будаваўся Гродна, колькі было ў горадзе цырульняў, колькі аўтаматаў па продажы газіроўкі, зойдзем у дворыкі нашага дзяцінства, зазірнём у цудоўны рэстаран гродзенскага чыгуначнага вакзала…".
Кніга Віктара Саяпіна «Гродна і гродзенцы» энцыклапедычная як па змесце, так і па памерах і афармленні. Яе складаюць 390 старонак часопіснага фармату. Выданне змяшчае больш за 500 ілюстрацый, мноства дакументаў і ўспамінаў жыхароў горада.
У продажы кніга з’явіцца ў канцы тыдня. Набыць яе можна будзе ў кнігарні «Праметэй» і ў выдавецтве. Цана — 25 рублёў.
Прэзентацыя кнігі Віктара Саяпіна «Гродна і гродзенцы. 30 гадоў ХХ стагоддзя (1944−1974)» адбудзецца 26 студзеня ў абласной бібліятэцы імя Карскага. Пачатак — у 17.00.