Буккросінг MOVABOX — сацыяльна-культурнага праекта кампаніі velcom у падтрымку беларускай літаратуры — дзейнічае з сярэдзіны лістапада. Пасля паспяховага старту ў Мінску 10 кніжных боксаў з творамі сучасных беларускіх пісьменнікаў з’явiлiся і ў іншых гарадах. Цяпер пагартаць старонкі добрых кніг на мове можна ў кавярнях Брэста, Віцебска, Гомеля, Гродна, Магілёва i Мазыра, паведамілі ў кампаніі velcom.
Буккросінг — абмен кнігамі паміж незнаёмымі людзьмі. Кожны можа пакінуць кнігу, якой хоча падзяліцца, у спецыяльна абазначаным месцы і замест яе ўзяць любую іншую. Па ініцыятыве кампаніі velcom боксы для буккросінгу, на якіх змяшчаюцца кнігі з творамі сучасных беларускіх аўтараў, усталяваныя ў папулярных кавярнях.
У Гродне адмысловыя кніжныя боксы з’явіліся ў кавярнях «Кафе Саунд» и «Проста кава».
Першымі сваё месца ў боксах занялi кнігі Людмілы Рублеўскай з цыкла аб прыгодах Пранціша Вырвіча — «Авантуры студыёзуса Вырвіча» і «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча». Менавіта творам гэтай пісьменніцы прысвечаны першы MOVABOX — унікальны набор, у які ўваходзяць кніга і звязаныя з ёй артэфакты. Атрымаць яго змогуць 20 шчасліўчыкаў, якiя пройдуць адпаведны тэст на сайце праекта www.movabox.by.
MOVABOX робіць акцэнт на творчасцi прадстаўнікоў сучаснай беларускай літаратуры. Таму ў боксах таксама прадстаўлены такія кнігі, як раман Юрыя Станкевіча «Паўночны вецер для спелых пладоў», зборнік літаратурных эсэ Андрэя Федарэнкі «Сечка», калекцыя літаратурных замалёвак ад Адама Глобуса пад назвай «Партрэты».
Кнігі сучасных аўтараў для беларускамоўнага буккросінгу прадстаўленыя кампаніяй velcom пры падтрымцы грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!». Для тых, хто хоча палепшыць свой узровень валодання беларускай мовай ці ўзяцца за яе вывучэнне з самага пачатку, арганізатары дадалі у спіс кніг падручнік «20 крокаў да беларускай мовы» ад бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова Нанова». Побач з кнігамі чытачы знойдуць таксама літаратурна-мастацкую перыёдыку — у прыватнасці, часопіс «Дзеяслоў».