Новы закон аб забароне абортаў, які разглядае польскі сейм, выклікаў у краіне сур’ёзныя дыскусіі. Жанчыны, якія лічаць поўную забарону абортаў парушэннем сваіх рэпрадуктыўных правоў, заклікалі правесці 3 кастрычніка акцыю “чорны панядзелак”. У Гродне іх падтрымала маладая мастачка Яна Шостак – тая самая, што стала вядомай дзякуючы арыгінальнаму пасланню Папу Рымскаму Францішку.
Яна прыйшла з бацькам пад польскае консульства, апранутая ў чорнае, трымаючы ў руках чорную паперу – сiмвал траўру.
“Прыйшлi выказаць сваю салiдарнасць, паколькi мы з’яўляемся беларускiмi палякамi i польскiмi беларусамi – тутэйшымi, адным словам. Мы, канешне, як усе людзi, супраць абортаў, але ў чалавека мусiць быць выбар. Кожны мае мець права вырашаць: што ў жыццi рабiць, куды iсцi, што выбiраць. Гэта адзнака дэмакратычнага грамадства”, – кажа Яна, якая з’яўляецца веруючай каталічкай.
Маладая мастачка праславілася на ўвесь свет, калі на сустрэчы валанцёраў Сусветных дзён моладзі ў Кракаве выцягнула плакат з нумарам свайго тэлефона і надпісам “Papa, call me”.


