«Бар на Тэлеграфнай», вядомы гродзенцам яшчэ з савецкіх часоў, зачыніўся на рамонт у кастрычніку 2016. За паўгода ва ўстанове нічога не змянілася, рамонт так і не пачаўся. Загадчыца кажа, што будучыня месца яшчэ не вызначана. Яно можа страціць назву, якую, фактычна, прыдумалі гараджане.
«Мы зачыненыя. Можам дакладна сказаць, што фармат установы мяняцца не будзе. Будзе кафэ або рэстаран. Але ўжо ў наступным годзе. З назвай пакуль невядома, можа зменіцца», — распавяла загадчыца ўстановы.
Бар на вуліцы Тэлеграфнай з’явіўся ў пачатку 1970-х гадоў. Гродзенцы адразу яго палюбілі. Фірмовай стравай стала кураня-табака, яго падавалі да піва. Спачатку назвы новы бар не меў, але ў сярэдзіне 1980-х ён стаў афіцыйна называцца кактэйль-бар «Агеньчык». Імя, праўда, не прыжылося, і яго па-ранейшаму называлі барам на Тэлеграфнай. Пасля рамонту ў 2000-х установа атрымала афіцыйную назву «Бар на Тэлеграфнай».
Па ўспамінах вядомага гродзенскага краязнаўцы Віктара Саяпіна, «Бар на Тэлеграфнай» быў адзінай такой установай, дзе цягам дзесяцігоддзяў захоўваліся нейкія ўласныя традыцыі - перадусім фірмовае кураня да піва.