У Гродне адкрылася карэйскае кафэ самаабслугоўвання, дзе няма афіцыянтаў, а ежу трэба «гатаваць» самастойна. Гэта першае падобнае месца ў горадзе. Тут прадстаўлена больш за 50 відаў локшыны, разнастайныя дадаткі і астуджаныя карэйскія гарбаты.

Раменная «Джонго» размешчана на вуліцы Карла Маркса, 23. Гэта невялікае, яркае па афармленні кафэ з неонавымі шыльдамі і традыцыйнымі азіяцкімі ўпрыгожаннямі. Уладальнікі кафэ называюць яго «бібліятэкай рамёнаў».
Тут каля 10 пасадачных месцаў, а таксама міні-кухня, дзе кожны наведвальнік можа сам прыгатаваць рамён з дапамогай спецыяльнай рамёнаваркі, абсталяванай некалькімі рэжымамі. Так, менавіта рамён, а не японскі рамен — бо гаворка ідзе аб карэйскай страве хуткага прыгатавання, якая адрозніваецца па смаку і тэхналогіі.
Карэйскі рамён звычайна больш востры і насычаны па смаку, чым японскі, і нярэдка змяшчае кімчы. Булён для яго рыхтуюць з парашка, у адрозненні ад традыцыйнага наварыстага булёна, які выкарыстоўваецца ў японскай кухні.

У «Джонго» акурат прапануюць такія вострыя і хуткія супы з локшынай.
Пакуначак з рамёнам абыйдзецца прыкладна ў 9 рублёў, топінг — за дадатковую плату.
Падобныя ўстановы вельмі папулярныя ў Паўднёвай Карэі — там яны працуюць кругласутачна, без абслуговага персаналу, а на ўваходзе ўсталяваны тэрмінал самаабслугоўвання. Ноччу патрапіць унутр можна толькі па крэдытнай карце.

Гродзенцы пра рамённую: «Цікава, але востра»
Гродзенцы ўжо актыўна абмяркоўваюць навіну ў сацыяльных сетках. Меркаванні падзяліліся: адны дзеляцца захопленымі водгукамі, іншыя — шкадуюць, што аналагічнага фармату няма ў Мінску (хоць, як адзначаюць, там адна рамённая была, але ўжо зачынілася). Былі і заўвагі з нагоды цэн на рамёны.
«Сумняваюся, што народ будзе масава есці Ролтон. Адзін раз сходзяць — і хопіць», — напісаў адзін з каментатараў.
«На адзін раз можна пасваволіць, але калі браць з напаўненнем і ўсякімі „нішцячкамі“, выходзіць прыстойны чэк», — дадаў іншы.

Некаторыя гараджане ўжо паспелі наведаць кафэ і падзяліліся ўражаннямі:
«Была там сёння і заўважыла, як многія выкідвалі недаедзеную локшыну — мабыць, аказалася занадта востра».
«Не марнуйце час і грошы. Без падліўкі — локшына на смак як вата, а з падліўкай — проста немагчыма есці. Яна не проста вострая, а да горычы. Выкінулі цэлую порцыю. Бачылі, як людзі душыліся і крывіліся, але даядалі — шкада было выдаткаваных грошай».
Дзе: Гродна, вул. Карла Маркса, 23
Час працы: 11.00 — 23.00 без выхадных



