17-гадовага гродзенскага блогера Міхаіла Драгуна узялі пад варту. Акрамя артыкула за махлярства ў асабліва буйным памеры, у дачыненні да яго распачалі яшчэ адну справу за паклёп (арт. 188 КК), паведамляе Следчы камітэт Беларусі. Раней блогер знаходзіўся на волі пад падпіскай аб нявыездзе.
Следчыя вывучылі тэлефон Драгуна і ўстанавілі, што ён публікаваў ілжывыя звесткі пра 18-гадовую гродзенку. Ён сябраваў з ёй, але ў сацсетках абвінаваціў у крадзяжы 50 тыс. руб.
На допыце Драгун не прызнаў сваю віну і адзначыў, што сяброўка яго “кінула на грошы”. Гродзенскі міжраённы аддзел СК узбудзіў супраць Драгуна крымінальную справу аб паклёпе. Блогер затрыманы, яго сацсеткі не абнаўляліся апошнія 13 гадзін.
Расследаванне крымінальнай справы працягваецца. Таксама следчыя лічаць, што Міхаіл Драгун прысвоіў сабе суму, якая перавышае 60 тыс. руб. Па інфармацыі следства, больш за 100 тыс. руб. Драгун прайграў на стаўках. Цяпер следчыя вывучаюць фінансавыя дакументы. Сцвярджаюць, што Міхаіл – адзіны, хто не даў згоды на пералік заблакаваных на яго рахунку сродкаў на лячэнне Вані. Нібыта ён сцвярджаў, што гэтыя грошы – для пакупкі прызоў для яго падпісчыкаў. Грошы далі людзі, праз якіх ён збіраўся іх выводзіць.
Таксама стала вядома, што блогер стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, таму што вадзіў машыну без правоў. За час вучобы ён змяніў пяць школ, бо яму “не падабалася”. Цяпер Драгун нідзе не вучыцца і не працуе. Блогер сцвярджае, што жыве за кошт грошай ад блога і рэкламы, але ІП не рэгістраваў.
Блогеры і іх розыгрыш
Летам 2025 года дапамагчы 9-гадоваму гродзенцу Ване, які хварэе на міадыстрофію Дзюшэна-Бэкера, падахвоціліся гродзенскія блогеры Яўгенія Тарасенка і Міхаіл Драгун. Міхал прапанаваў зладзіць “інтэрактыў”, падчас якога людзі павінны былі “скідаць грошы на яго рахункі”. Частку сродкаў абяцалі аддаць Ване, а яшчэ частку – выдаткаваць на падарункі людзям, «айфоны і машыны». На момант, калі Яўгенія і Міхаіл звярнуліся з прапановай, сям’я сабрала менш за 50% ад патрэбнай сумы.
У выніку блогераў затрымалі аператыўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Паведамлялася, што “з 1,5 мільёна рублёў толькі 200 тысяч перадалі маці дзіцяці, 315 тысяч патрацілі на падарункі ўдзельнікам стрыму. Астатнія каля мільёна рублёў зрасходавалі на „прыгожае жыццё“ — паездкі на Мальдывы і ў ААЭ, арэнду элітнага жылля, азартныя гульні і іншыя забаўкі».
Крымінальная справа супраць блогераў
У дачыненні да блогераў следства ўзбудзіла крымінальную справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Санкцыі артыкула прадугледжваюць да 12 гадоў пазбаўлення волі. Праз трое сутак зняволення блогераў выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Чытайце таксама: Закрыты збор для Вані Сцяцэнкі – грошы ўзялі з арыштаваных рахункаў блогераў



