Дадаць навіну

Сталі сведкамі падзеі?
Падзяліцеся!

Напішыце навіну

Як выглядалі замкі сярэднявечнай Літвы паказваюць у Гродзенскай выставачнай зале

Выставу «Замкі Вялікага Княства Літоўскага» адкрылі 20 лютага ў Гродзенскай выставачнай зале. 19 карцін, над якiмi працавалі гісторыкі, археолагі, архітэктары, мастакі і 3D-дызайнеры з розных краін, уяўляюць сабой панарамы сярэднявечных замкаў. Гродзенцаў збор карцін зацікавіць яшчэ і тым, што акрамя замкаў з тэрыторыi сучаснай Літвы, у ім прадстаўлены  беларускiя замкі — Крэўскі і Навагрудскі.

Арганізавала выставу Літоўскае консульства ў Гродне. Менавіта дыпламаты запрасілі паказаць свае працы ў Беларусі дырэктара літоўскай фірмы «Метала форма» Антанаса Вайчэкаўскаса. Гродна стаў першым беларускім горадам, дзе былі выстаўленыя карціны. Адкрыццё выставы прымеркавалі да 99-й гадавіны аднаўлення дзяржаўнасці Літвы.

«Ідэя займацца замкамі ў маёй каманды нарадзілася ў 2007 годзе. Першыя працы мы падрыхтавалі да тысячагоддзя Літвы. Нам было важна паказаць, як выглядалі замкі ў сярэднявеччы. З часам мы зразумелі, што тэма замкаў вельмі сур’ёзная і ёй трэба абавязкова займацца. У год мы рабілі па 2-4 карціны, і да 2017 года ў нас атрымалася 20 штук. У асноўным на карцінах прадстаўлены замкі на тэрыторыі сучаснай Літвы, але ёсць і два замкі, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі — Крэўскі і Навагрудскі. У будучыні таксама плануем працягнуць гэту працу, спадзяюся, пяройдзем на сучасную Беларусь і Украіну», — распавядае Антанас Вайчэкаўскас.

30
Антанас Вайчэкаўскас

Са слоў Антанаса, над адной карцінай, бывала, працавалі па пяць спецыялістаў. Кожная праца рабілася згодна старым планам і чарцяжам. На падставе атрыманай інфармацыі ствараецца 3D карціна. Уладальнік работ кажа, што такім жа чынам ствараюцца закі і ў галівудскіх фільмах.

«Напрыклад, карціну з аблогай каўнаскай крэпасці мы рабілі восем месяцаў. Тады была ў нас вельмі складаная тэма, а вось іншую працу бывала што і за два месяцы рабілі. Хачу звярнуць увагу, што кожная наша праца ідзе праз ўзгадненне з архітэктурай».

Да Гродна выстава была ў многіх гарадах Літвы і Польшчы. У планах у Антанаса працягнуць працу над стварэннем замкаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі ВКЛ. Гродзенскі замак Вітаўта таксама ўваходзіць у іх лік.

«Я шмат чуў пра гродзенскі замак. Там, вядома праблема ў тым, што ён перабудоўваўся. Спачатку Вітаўта замак быў, а пасля Баторыя. У будучыні і гэтым замкам я хачу папоўніць сваю калекцыю. Хачу гродзенцам пажадаць цярпення і найхутчэйшага аднаўлення гэтай жамчужыны. Працы там вельмі шмат, але гэта ўсё трэба пераадолець. У нас у цэнтры Вюльні 10 гадоў аднаўлялi замак, і ў прэсе пастаянна быў негатыў, а калі працы скончыліся — выніковым варыянтам усе засталіся вельмі задаволеныя».

Выстава «Замкі Вялікага Княства Літоўскага» будзе праходзіць у Гродзенскай выставачнай зале да 5 сакавіка.

Час працы: з 10:00 да 19:00. Выходны – панядзелак.

Квiткi: дзіцячы – 1.0 бел.руб., студэнцкі – 1.5 бел.руб.,  дарослы – 2.0 бел.руб.

comments powered by HyperComments

Раім пачытаць

Каментары