Вуліца Савецкая ў Гродне сёння — адна з самых музычных у краіне. Акрамя ўжо знаёмых музыкаў, там часта можна сустрэць і новыя таленты. Музыку граюць на любы густ: ад спакойных гукаў прыроды і брутальнага саксафона да хітоў 90-х і беларускіх песень пад гітару. Пра еўрапейскі дух Гродна, канкурэнцыю і жорсткую барацьбу за лепшае месца вулічныя музыкі расказалі Hrodna.life.

Яшчэ два гады таму на Савецкай гралі толькі гітарысты і скрыпач. Цяпер музыкаў шмат, а частка з іх — госці з іншых гарадоў.

www.youtube.com/watch?v=4KH-ptmxKtE

Павел, грае на саксафоне

— Я мясцовы і граю на вуліцы каля 20 гадоў з невялікімі перапынкамі. Выходжу на вуліцу, бо жыццё прымушае. А так я прафесійны музыка, але ў апошні час вымушаны працаваць на будоўлі ў суседніх краінах. Зараз прыехаў адпачыць у родны горад і заадно вырашыў зноў паграць. Калі скончыцца лета, я паеду на заробкі.

Граю на Савецкай, бо гэта адзіная пешаходная вуліца горада, тут заўсёды людна. Ёсць у мяне адна канкурэнтка — чорненькая баянiстка, якая ўявіла сябе каралевай вуліцы. Нядаўна яна на мяне сваіх крымінальных элементаў пасылала, каб я пакінуў «яе тэрыторыю». Браток з перагарам падышоў і сказаў мне: «Зямляк, ты перашкаджаеш працаваць людзям». Я сказаў, што нікому не перашкаджаю, а проста граю сабе ў радасць і прыношу радасць людзям.

Мне здаецца, месца на вуліцы хопіць усім, калі людзі захочуць, яны мяне будуць слухаць, а калі не захочуць, то пойдуць да іншых музыкаў.

"Зямляк, ты перашкаджаеш працаваць". Адзін дзень з жыцця вулічных музыкаў на Савецкай

Андрэй, грае на флейце

— Граю на Савецкай ужо не першы год. Мне гэта падабаецца. У нас жонкай тут гандлёвая кропка з сувенірнай прадукцыяй і мне зручна іншы раз паграць для сябе і для навакольных. Мая музыка гэта не бізнес, а творчасць, так што я ні з кім тут не канкурую. Я граю для душы і для людзей. З іншымі музыкамі мы ладзім, так што месца заўсёды хапае ўсім.

"Зямляк, ты перашкаджаеш працаваць". Адзін дзень з жыцця вулічных музыкаў на Савецкай

Ігар, грае на гітары

— У Гродна я прыязджаю часта. Мне вельмі падабаецца гэты горад, асабліва пешаходная вуліца, дзе я люблю граць. Мне, як мінчуку, не хапае ў сваім горадзе такой гісторыі і архітэктуры, як у Гродне. У нас няма еўрапейскіх вуліц, бо апошняя вайна ўсё разбурыла. Я прыязджаю ў Гродна і на імгненне забываю, што я ў Беларусі. У гэтым горадзе я не толькі зарабляю грошы, але і адпачываю.

Музыкаў у Гродне шмат і я разумею, што кожны хоча зарабіць. Калі б я прыехаў без апаратуры, то мне было б складаней нешта зарабіць, бо на адной вуліцы шмат артыстаў. Напрыклад, у Мінску з іншымі музыкамі мы дамаўляемся пра час і месца, каб не перашкаджаць, але ў Гродне гэта не пракатвае. У гэтым горадзе працуе закон: «Хто паспеў, той і з’еў».

Вось я граю, а суседнія музыкi робяць сваю музыку яшчэ гучней. Магчыма, з мэтай выкліку, але я не хачу ні з кім тут канкураваць. Калі людзі захочуць, то яны будуць мяне слухаць і будуць кідаць мне грошы. І я ніколі не выкарыстоўваў людзей з шапкамі для збору грошай, як iншыя. Для мяне гэта зневажальна.

"Зямляк, ты перашкаджаеш працаваць". Адзін дзень з жыцця вулічных музыкаў на Савецкай

Алег, грае на барабанах

— Я выступаю на вялікай сцэне, а гра на Савецкай гэта маё хобі. Тыя, хто грае навокал — гэта проста самадзейнасць, школьны ансамбль, я іх нават ведаць не хачу. У мяне тут свая вялікая і дарагая апаратура, так што на вуліцы ў мяне канкурэнтаў проста няма. Людзі, якія шануюць добрую музыку, падыходзяць да мяне. А каму патрэбныя «Лабутены», розныя «Ляпісы» і ўся астатняя лухта сабачая, можна сказаць рускі рок, які граць можна не ўмеючы, яны ідуць да іншых. Калі ў іх у сваім рэпертуары песень 40 з пальца высасаных, то ў мяне 4 мільёны. У мяне ёсць афіцыйны дазвол ад гарвыканкама і мяне ніхто ніколі не чапае, а астатніх жа міліцыя можа спакойна прагнаць.

"Зямляк, ты перашкаджаеш працаваць". Адзін дзень з жыцця вулічных музыкаў на Савецкай

Віталь, грае на гітары ў складзе кавер-гурта

— Мы выходзім на Савецкую раз у два тыдні. Канкурэнцыі не баімся, мы калі хочам, тады і граем. Нас часта запрашаюць розныя ўстановы, каб мы зайгралі побач з імі. Для нас гэта не заробак, а хобі і рэклама для гурта. Мы граем вядомыя хіты і гараджанам заўсёды падабаецца.

"Зямляк, ты перашкаджаеш працаваць". Адзін дзень з жыцця вулічных музыкаў на Савецкай

Лена, грае на баяне

— Граю каля двух гадоў, мне падабаецца. Жыву побач з Савецкай і ў вольны час заўсёды выходжу. Чаму б не граць і не радаваць людзей музыкай, калі гэтым займаешся з самага дзяцінства? На сцэне ўсім месцаў не хапае, а выступаць хочацца. Вайны ў нас тут з іншымі музыкамі няма, што б людзі не казалі. У нас хтосьці адзін паграе, а потым саступае месца іншаму музыку.

"Зямляк, ты перашкаджаеш працаваць". Адзін дзень з жыцця вулічных музыкаў на Савецкай