Магчымасць карыстацца пераважна левай рукой пайшла яму ў жыцці толькі на карысць. Нестандартнае мысленне і часам непрадказальныя рэакцыі дазваляюць паспяхова спраўляцца нават з надзвычайнымі абставінамі. У міжнародны дзень леварукіх, 13 жніўня, мы пагутарылі з начальнікам караула першай пажарнай часткі, старшым лейтэнантам Аляксеем Канановічам.

Мама дапамагла

Малым Аляксей не ўсведамляў сваю адметнасць — проста рабіў усё так, як было больш зручна. Пачаў заўважаць, што людзі вакол робяць пэўныя рэчы па-іншаму гадоў у пяць. Перавучваць яго ні ў сям'і, ні ў школе не сталі. Мама Аляксея таксама ляўша і добра памятала пра дзіцячы досвед такога перавучвання. З яе спрабавалі зрабіць праўшу — надзявалі на левую руку рукавіцу, каб вымусіць карысталася правай, ды сварыліся, калі не хацела падпарадкоўваццца. Таму сыну проста дазволілі быць такім як ёсць. «Я ўсё раблю левай рукой — ем, пішу, па мячу б’ю левай нагой — мне так зручна», — кажа Аляксей.

Ляўша надзвычайнага прызначэння. Як леварукасць дапамагае працаваць гарадзенскаму выратавальніку

А тата падставіўся

У сям'і на леварукасці дзіцяці не акцэнтавалі ўвагі. «Паплаціцца» за бяспеку прыйшлося тату. Любімым кінагероем дзяцінства ў Аляксея, як і ў мноства равеснікаў, быў Робакоп. «Пасля фільмаў заўсёды стараўся паўтараць за ім «прыёмчыкі». Аднаго разу тата вырашыў пагуляць з сынам і прапанаваў сябе ў спарынг-партнёры. Стаў у пазіцыю, як звычайна, прыгатаваўся абараняцца… і ў выніку «злавіў» неспадзяваны ўдар у сківіцу з левай. «Добра, што я тады быў малы і не надта дужы, — смяецца Аляксей, — але тату спадабалася.»

Ляўша надзвычайнага прызначэння. Як леварукасць дапамагае працаваць гарадзенскаму выратавальніку

Па жыцці гэта дапамагае

Такія «нечаканыя» рэакцыі робяць леварукіх вельмі каштоўнымі гульцамі, напрыклад, у камандных відах спорту. «Нават калі людзі ведаюць, што ты — ляўша, рэагуюць па-большасці стандартна, у разліку на такіх, як самі». Дзеянні ляўшы выклікаюць замяшальніцтва суперніка і дазваляюць павярнуць сітуацыю сабе на карысць. Прыкладна, як з татам: «Ён жа ведаў, а што я ляўша, але на практыцы аказаўся да таго не гатовым».

Ляўша надзвычайнага прызначэння. Як леварукасць дапамагае працаваць гарадзенскаму выратавальніку

Паводле Аляксея, па жыцці «леварукасць» часцей дапамагае, чым стварае нязручнасці. «Калі дзейнічаеш неардынарна, гэта вылучае з натоўпу. А яшчэ — вучыць пераадольваць цяжкасці і лягчэй знаходзіць выхады ў надзвычайных абставінах».

Пад час навучання ў інстытуце і пасля, ужо на службе, яго «альтэрнатыўная» ацэнка сітуаціі часта ішла на карысць агульнай справе. «Ляўшы мысляць нестандартна, бачаць рэчы з іншага пункту гледжання, у іх па-іншаму загружаны мозг. Таму бывае, што прапановы леварукіх дазваляюць выканаць пэўную задачу хутчэй ці з меншымі затратамі», — распавядае ён.

Не было б шчасця, калі б не няшчасце

Зараз Аляксей аднолькава паспяхова карыстаецца абедзьвума рукамі. Стаць праўшой на час прымусіла спартыўная траўма — аднаго разу на спаборніцтвах зламаў левую руку. «Напачатку было вельмі непрывычна карыстацца правай і рабіць самыя простыя рэчы — трымаць лыжку ці адкрываць дзверы — раптам стала нязручна». Але праз месяц ужо мог рабіць усё не задумваючыся. «Толькі пісаць правай так і не навучыўся. Не мог сабе адмовіць у магчымасці пафілоніць на школьных уроках», — прызнаецца Аляксей.

У надзвычайных абставінах

Абсталяванне, з каторым працуюць пажарныя, зроблена такім чынам, што ім могуць карыстацца як праварукія, так і леварукія. Таму гэта не стварае ніякіх нязручнасцяў.

Ляўша надзвычайнага прызначэння. Як леварукасць дапамагае працаваць гарадзенскаму выратавальніку

Трохі больш складана было са зброяй — тут уніфікацыі няма. Але і страляе Аляксей таксама з левай: «Не так ужо і цяжка прызвычаіцца да „правага“ прыцэла». Ёсць, праўда, некаторыя практыкаванні, каторыя трэба выконваць ў складзе звяна — бегчы па сходах, ці ўсталёўваць лесвіцу ў вакно. Трэба, каб усе размяшчаліся з правага боку ад абсталявання і таму працаваць таксама прыходзіцца правай. Але ў такіх выпадках, на думку Аляксея, важна адразу вучыцца выконваць так, як трэба. «Калі не ўмеў нешта рабіць, то няма розніцы, якой рукой вучыцца. Як пачнеш ад пачатку, так і будзеш рабіць — калектыву ляўша не памеха».

Ляўша надзвычайнага прызначэння. Як леварукасць дапамагае працаваць гарадзенскаму выратавальніку

Насамрэч — не

Што да цяжкасцяў, якія стварае ляўшам праварукае асяроддзе, Аляксей на іх не зважае: «Можа, праўшы і думаюць, што ўвесь свет створаны для іх. Але насамрэч — не.» З гадамі ў яго напрацаваліся пэўныя правілы, што дазваляюць камфортна суіснаваць з праварукімі. Напрыклад, у «шчыльным» застоллі выбіраць места з левага краю, каб не штурхаць суседа пад локаць, а на камп’ютары замест «выключна правай» мышкі карыстацца ўніверсальным тачпадам. Што да гадзінніка на правай руцэ, то зараз так носяць і многія праўшы, гэта стала амаль модай, а пісаць, на размазваючы тэкст, прывучыўся яшчэ ад малога «Атрымліваецца разборліва і нават прыгожа — на нечытальнасць ніхто не скардзіцца».+