Дадаць навіну
Нядзеля, 21 студзеня 2018, 02:54

Інкунабулы, палеатыпы і іншыя калепіны ў «Таямніцах старых пераплётаў». Не прапусці, каб не застацца невучам!

Забароненыя вершы Франчэска Пятраркі, прыжыццёвае выданне Марціна Лютэра, кнігі з гродзенскай каралеўскай друкарні і кнігі каралеўскіх асобаў. Да 500-годдзя беларускага кнігадруку гродзенскі гісторыка-археалагічны музей прыадкрыў сховішчы, каб прадэманстраваць найстарэйшыя кнігі шырокай публіцы.

«Кнігазбор Гродзенскага музея называюць трэцім па каштоўнасці ў краіне. Багацейшую калекцыю маюць толькі Нацыянальная бібліятэка і бібліятэка Акадэміі навук. У Гродне захоўваецца каля 20 000 старадрукаваных кніг і каля 12 000 рэдкіх перыядычных выданняў», — расказала Алена Развановіч, загадчыца аддзела рэдкай кнігі. Паводле яе экскурсіі Hrodna. life склаў ТОП-10 экспанатаў і цікавых фактаў, дзеля каторых варта наведаць выставу.

1.

Сярод самых рэдкіх экспанатаў выставы — інкунабулы — першыя друкаваныя кнігі, выдадзеныя на пачатку кнігадруку ў XV стагоддзі. На выставе можна пабачыць інкунабулу 1500 года Лейпцыгскага выдання «Падручнік па логіцы"/ Аўтар кнігі - прафесар Кракаўскага ўніверсітэта Ян Глагоўскі. Яго лекцыі па філасофіі Арыстоцеля слухалі ў студэнтскія гады Капернік і Скарына.

2.

Першыя кнігі не мелі вокладак і уяўлялі сабою проста стос старонак. Пераплятаць кнігу трэба было самастойна і за свой кошт. Больш заможныя чытачы замаўлялі багатыя вокладкі з інкрустацыяй і каштоўнай аздобай, бяднейшыя — выкарыстоўвалі больш танныя матэрыялы і часта перапляталі кнігі самастойна.

3.

У экспазіцыі ёсць прыжыццёвае выданне «Тэзісаў» Марціна Лютэра, з якіх пачалася рэфармацыя заходняй царквы. Марцін Лютэр, таксама як і Скарына, пераклаў Біблію на родную мову. Праўда на тры гады пазней за беларускага першадрукара. Ёсць падставы меркаваць, што яны сустракаліся. Ва ўспамінах Філіпа Меланхтона, паплечніка Марціна Лютэра, знойдзены запіс аб сустрэчы з доктарам медыцыны Францішкам Літвінам, каторым з вялікай доляй верагоднасці мог быць Скарына.

4.

На выставе прадстаўлена пяць палеатыпаў - еўрапейскіх друкаваных выданняў першай паловы XVI стагоддзя. Сярод іх «Партрэты знакамітых людзей» выдання сябра Рафаэля, Андрэа Фульбіо. Кніга выдадзена ў 1517 годзе і ўтрымлівае на 228 старонках 190 ксілагравюр выбітных асобаў Дрэўняга Рыма і Грэцыі. Можна сказаць, што гэта адзін з першых каталогаў па нумізматыцы.

Чытайце яшчэ:  Вечны каляндар з Гродзенскага музея выдалі 200 гадоў таму дзякуючы краўдфандынгу

5.

Альдынамі знаўцы даўніх кніг называюць кнігі, выдадзеныя знакамітым друкаром часоў ранняга рэнесансу Альдам Мануцыям. Менавіта ён першым пачаў першым друкаваць кнігі невялікага памеру і ўвёў пагінацыю — нумарацыю старонак. Яшчэ адзін падарунак ад Альда Мануцыя, курсіўны шрыфт, дайшоў да нашых дзён. У вітрынах выставы можна пабачыць першыя кнігі, надрукаваныя гэтым элегантным шрыфтам. Да слова, Альд Мануцый выкарыстоўваў курсіў дзеля эканоміі - месца і сродкаў. Ён першым сярод выдаўцоў пачаў друкаваць кнігі невялікага памеру. Гэта адразу ж зрабіла выданні больш таннымі і праз тое вельмі папулярнымі.

6.

Першы бестсэлер таксама выйшаў з друкарні Альда Мануцыя. Ім сталі «Італьянскія вершы» Франчэска Пятраркі, выдадзеныя ў маленькім фармаце. Чытачы раскупілі 100 000 асобнікаў накладу. Пазнейшыя выдаўцы зменшылі кнігі яшчэ больш і праз гэта нават змянілі моду на адзенне. На ім з’явіліся адмысловыя кішэні для кніг.

7.

Забароненая літаратура XVI стагоддзя таксама прадстаўлена на выставе. Сярод такіх кніг — «Спавядальнік для святароў» спаленага ерэтыка Іераніма Саванаролы і… зборнік вершаў Франчэска Пятраркі. Надпіс на зборніку «Асцярожна! Ерась!» сведчыць, што кніга была ўнесена ў «Індэкс забароненых кніг» Рымскай каталіцкай царквы. Большасць такіх кніг сканчалі сваё існаванне ў вогнішчах інквізіцыі, але частка захавалася ў закрытых сховішчах царкоўных бібліятэк.

8.

Грунтоўныя тлумачальныя слоўнікі адмыслоўцы называюць каліпінамі. Гэта слова паходзіць ад імені выдаўца Амбросія Каліпіны. Усё жыццё ён працаваў над укладаннем тлумачальнага слоўніка на 11 мовах і пад канец свайго веку страціў зрок ад натужнай працы. У экспазіцыі можна пабачыць скарочаны варыянт каліпіны — на васьмі мовах.

9.

Паслядоўнікамі Скарыны ў Вялікім Княстве Літоўскім сталі браты Мамонічы з Вільні. У друкарні Лявона Мамоніча у 1588 годзе быў надрукаваны статут ВКЛ, а ў 1623 — Трыбунал. На выставе прадстаўлены Трыбунал надрукаваны ў 1623 годзе ў друкарні Мамоніча.

Чытайце яшчэ:  Выстава рэдкіх кніг "Таямніцы старых пераплётаў" адкрылася ў Новым замку

10.

Адзіная сучасная кніга ў экспазіцыі - твор Мікалая Гусоўскага «Песня пра зубра». Кніга надрукавана на паперы ручнога адліву, у лепшых традыцыях старажытных майстроў. Упрыгожваюць яе старонкі гравюры гродзенскага мастака Юрыя Якавенкі.


Глядзі іншыя Скарбы гродзенскіх замкаў!

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Раім пачытаць

Каментары

comments powered by HyperComments

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: