Спадчына

Знаёмства з кнігай: «Шэпт пажоўклых старонак» Леаніда Лаўрэша

Сумесны прает Hrodna.life і выдавецтва «ЮрсаПрынт» працягвае знаемства з цікавымі кнігамі, што выдаюцца ў Гродне. Гэтым разам нашы чытачы змогуць першымі прачытаць некалькі старонак з кнігі Леаніда Лаўрэша Яна прысвечана Лідчыне ў адлюстроўванні прэсы 1900 — 1930. Выданне рыхтуецца да друку і бліжэйшым часам пабачыць свет. У нас ужо зараз можна прагледзець аўтарскую рэцэнзію на твор, некалькі старонак тэксту і частку ілюстрацый з кнігі.

Таксама нагадаем, што пры пакупцы кніг у выдаўца чытачы і падпішчыкі Hrodna.life маюць магчымасць атрымаць зніжкі.

Ад аўтара

Толькі праўда з’яўляецца цікавай

Юзаф Мацкевіч.

Мяне заўжды цікаваў лёс майго горада да 1939 года. З дзяцінства я чуў расказы бацькоў і сваякоў пра жыццё ў Заходняй Беларусі і менавіта гэтыя жывыя ўспаміны назаўжды пакінулі для мяне «смак» і адчуванне той эпохі і таго жыцця.

Спатрэбілася шмат часу і высілкаў каб стварыць, у першую чаргу для сябе, цэльны гістарычны наратыў, цэльнае ўяўленне пра той час, якое і сталася фундаментам гэтай кнігі. Потым падлічыў, што прыйшлося праглядзець, прачытаць, вывучыць каля 30 000 нумароў самых розных газет на беларускай, польскай мовах і рускай мовах.

Леанід Лаўрэш, аўтар кнігі «Шэпт пажоўклых старонак»
Пры гэтым улічвалася, што кожная рэдакцыя газеты ці часопіса мела сваю пэўную рэдакцыйную палітыку і мэту — не інфармаванне, а перадачу рэдакцыйнага позірку і пэўнага стаўленне да падзеі. Менавіта гэта стаўленне і вызначала інфармацыйны накірунак выдання. Таму ў гэтай кнізе газетныя матэрыялы будуць тлумачыцца і дапаўняцца мемуарамі а таксама вынікамі сучасных гістарычных даследаванняў.

Працуючы над кнігай, аўтар зыходзіў з максімы віленскага пісьменніка Юзафа Мацкевіча, тэксты якога будуць шматкроць цытавацца ў гэтай кнізе: «Толькі праўда з’яўляецца цікавай. Адначасна, праўда, як правіла, больш універсальная, багатая і цікавая, чым прыдуманая замест яе апрацоўкі».

Акрамя інфармацыі мне хацелася данесці да чытача жывы водар гісторыі, які часта цікавейшы за ўсялякія аўтарскія каментарыі. Таму тэкст кнігі месцамі ўяўляе з сябе мазаіку з газетных артыкулаў. Матэрыял наўмысна падабраны так, каб зберагчы аўтэнтычныя тэксты і аўтарскага тэксту пры гэтым было б не зашмат — вывады з прапанаванага матэрыялу кожны можа зрабіць сам. Збіраючы інфармацыю, я «тануў» у вялікай колькасці матэрыялаў і таму адбіраў, з майго пункту гледжання, самае цікавае. Шмат у чым прыйшлося сябе абмяжоўваць, напрыклад тэма лідскага спорту ў тыя гады магла б стаць тэмай асобнага вялікага артыкула ці нават кнігі. Тэма жыцця яўрэяў нашага горада таксама абмяжоўваецца толькі матэрыяламі даступных мне газет і ўспамінаў таго часу, жыццё гэтай «затануўшай Атлантыды» яшчэ будзе вывучацца будучымі даследчыкамі.

Усе назвы вуліц горада аўтар прыводзіць па рэаліях таго часу. Карты горада ў кнізе дапамогуць цікаўнаму чытачу зразумець, якую назву гэтыя вуліцы маюць зараз. Тэксты з беларускай газет падаюцца у тым выглядзе, у якім яны друкаваліся — граматыка нашай мовы тады яшчэ толькі выкрышталізоўвалася.

Зараз Лідчына 1900−30-х гг. адсутнічае ў памяці лідзян і таму я вельмі спадзяюся, што кніга зможа даць чытачу першасныя веды пра той час, зразумець чым жылі нашы бацькі, дзяды і прадзеды, якія праблемы іх турбавалі. І як незваротна, фатальна, некалькі разоў за кароткі час, змянялася іх жыццё.

Кніга была напісаны пасля шматразовага прачытання і аналізу рэгіянальнай і беларускай прэсы, якая выходзіла па верасень 1939 г., а таксама мемуараў і вынікаў сучасных навуковых прац. Я нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, мае бацькі нарадзіліся, раслі і вучыліся ў Заходняй Беларусі «пад Польшчай», і таму шмат што мне вядома з дзяцінства па іх расказам. Тым цікавейшым было амаль што на чатыры года паглыбіцца ў той важкі перыяд жыцця нашага горада і павета. Я спрабаваў апісаць тое жыццё такім, якім яно адлюстроўвалася на старонках газет і ўспамінах, імкнуўся быць нейтральным і даваць менш каментарыяў.

Пра некаторых людзей з гэтай кнігі, я чуў у расказах старых людзей, чытаў ва ўспамінах. Пра некаторых, як, напрыклад, пра лепшага гісторыка Ліды ХХ ст. Міхала Шымялевіча ці рэдактара легендарнай «Лідскай зямлі» Уладзіслава Абрамовіча я пісаў раней і думаю, што буду пісаць яшчэ, бо гэта знакавыя фігуры для культуры Лідчыны.

Пасля 1945 г. Заходнюю Беларусь пакінулі практычна ўсе людзі з вышэйшай і нават сярэдняй адукацыяй. Перарваўся жывы ланцуг мясцовай памяці і культуры і патрабавалася больш за сорак гадоў каб зноў у з’явілася беларуская інтэлігенцыя, якая пачала будаваць культуру на сваім, родным падмурку і для свайго, беларускага народу, пачала глядзець на сусвет беларускімі вачыма. Гэты працэс ідзе, яго можна прыпыніць але немагчыма спыніць і кніга якую, я спадзяюся вы прачыталі, толькі невялікая прыступка ў асэнсаванні нашага складанага гістарычнага шляху.

Урывак з кнігі «Шэпт пажоўклых старонак»

Пра галоўнага лідскага боўдзілу таго часу Яна Боландзя

Публікацыі ў газетах пачатку ХХ ст. даюць магчымасць пункцірна прасачыць за жыццёвым шляхам нейкага Боландзя — галоўнага і нават легендарнага лідскага падшыванца, пра якога гараджане памяталі праз шмат дзесяцігоддзяў.

Успаміны пра яго аўтар, як краязнавец, запісаў на дыктафон нават у 2012 г., размаўляючы са сваім цесцем, зараз нябожчыкам. Юзаф Юзафавіч сказаў:

«Мой бацька пры канцы 1930-х гадоў цікава расказваў пра галоўнага лідскага боўдзілу пачатку XX ст. — Боландзя. Ён быў жахам для яўрэяў і ксяндзоў горада.

Неяк убачыўшы ксяндза, які выпадкова праходзіў недалёка ад бардэля, ён пачаў гнаць яго бічом да плябаніі, крычучы пра тое, дзе ён яго нібыта злавіў. Другім разам ён, выпіўшы, учыніў вэрхал у плябаніі фарнага касцёла, і ксёндз-дэкан папрасіў суседзяў замкнуць яго ў «трупярні» — памяшканні злева ад галоўнага ўваходу ў фарны касцёл, дзе ў той момант знаходзіліся дзве труны, з нябожчыкам і нябожчыцай, якіх павінны былі заўтра адпяваць. Ачомаўшыся, Боландзь палажыў у адну труну на нябожчыцу нябожчыка і ўцёк. Назаўтра, пры поўным касцёле адчынілі вечка труны… Вэрхал, які ўчыніла радня нябожчыцы, помнілі і праз шмат гадоў"[1].

У Віленскім архіве ёсць справа, якая датычыць нашага героя: «Предварительное следствие судебного следователя Виленского окружного Суда 1-го участка Лидского уезда. По делу о разбойном нападении на шоссе Лида — Гродно в ночь с 24 на 25 траўня 1910 г., 1630, 1632, 1634 ст. Ул. О нак.». З гэтай справы пра Яна Боландзя даведваемся, што «10 красавіка 1873 года ў Лідскім рыма-каталіцкім парафіяльным касцёле ахрышчана немаўля па імені Ян ксендзам Юльянам Калантаем са здзяйсненнем усіх абрадаў сакраманту. Дваран Яна і Евы з Дашкевічаў Боландзяў, законных мужа і жонкі сын, які нарадзіўся гэтага года 3 красавіка ў г. Ліда. Хрышчонымі бацькамі былі дваране Войцех Хруль і… (неразборліва) жонка Аляксандра Вярцінкага"[2].

Не абыходзіла «прыгоды» Боландзя і краёвая прэса. У студзені 1906 г. «Кур'ер Літоўскі» пісаў:

«У мясцовай бальніцы здзейснена страшнае забойства. У 3-й гадзіне ночы забіты нямы шляхціц Кулеша, які знаходзіўся там на лячэнні. Абставіны забойства наступныя. З канца лістапада на горадзе пачала хадзіць невядома кім пушчаная гаворка пра тое, што нейкі пан Боландзь збіраецца арганізаваць яўрэйскі пагром. Гаворка гэтая не мела ніякіх падстаў, але моцна закранула яўрэйскае насельніцтва горада. Панічны страх дайшоў ды вышэйшага напружання 5 снежня. Падаваліся сігналы трывогі, былі зачыненыя ўсе яўрэйскія крамы».

Увечары таго ж дня 20 яўрэяў напалі на Боландзя і збілі яго сталёвымі прутамі, потым паранілі стрэламі з рэвальвера (у нагу, руку і ў бок). Боландзь страціў прытомнасць, а нападнікі, вырашыўшы, што ён забіты, палажылі яго ў дрожкі і загадалі фурману завезці дадому. Аднак ён выжыў, і яго адвезлі ў гарадскую бальніцу, дзе пацярпелы пачаў хутка здаравець. Наведвальнікі паведамілі Боландзю, што сябры «Бунда» пастанавілі яго забіць. «Боландзь насцярожыўся… У сярэдзіне снежня ў бальніцу з маёнтка Мікянцы прывезлі нямога шляхціца Л. Кулешу, ён ляжаў у той жа палаце… Увечары 19 снежня з дазволу адміністрацыі Боландзь памяняў ложак, але застаўся ў той жа палаце. Каля 3-х гадзін ночы ён пачуў крокі трох мужчын. Незнаёмцы падышлі да ложка, на якім ён раней ляжаў, і ўбачыўшы, што ложак пусты, падышлі да ложка, на якім, накрыўшыся з галавой, спаў Кулеша. Нападнікі нанеслі Кулешы 9 ран стылетам, Боландзь усё бачыў і ляжаў ні жывы ні мёртвы. Здзейсніўшы забойства, мужчыны хутка пакінулі шпіталь… пачаўся перапалох. Праз гадзіну ў бальніцы з’явілася паліцыя. Вядзецца следства…»

[1]  Размова са старым шляхціцам // Лідскі Летапісец. № 2 (58). 2012. С. 52.

[2]  Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы. Ф. 448. Воп. 5. Спр. 850. А. 243.

Змест кнігі знойдзеце тут.

Набыць яе у хуткім часе можна ў гродзенскіх кнігарнях ці наўпрост у выдавецтве «ЮрсаПрынт» па адрасу вул. Карла Маркса, 11, ад 9.00 да 17.00, у працоўныя дні.

Пры пакупцы кнігі у выдаўца чытачы Hrodna.life маюць дадатковую зніжку ў 5%. Зніжка для падпішчыкаў выдання складае 10%.

[irp posts="41 779″ name="Знаёмства з кнігай: Гродно и гродненцы" Віктара Саяпіна"]

[irp posts="41 757″ name=""Пасля зброі, наркотыкаў і прастытуцыі - самы прыбытковы бізнес". Гродзенскі кнігавыдавец пра друкарскую справу з мясцовым каларытам"]

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парасон, халат, check-up здароўя. 11 ідэй, што падарыць мужчыну на свята

Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…

20 снежня 2024

«Навявае сплін і абурэнне». Беларус наведаў Навагрудак і расчараваўся — горад запушчаны, а сэрвіс не развіты

Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…

18 снежня 2024

Віціна, дракар ці славянскае фэнтазі? Чаму праект рэстарана-ладдзі на Нёмане выклікае пытанні

Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…

18 снежня 2024

Дыякан, хакер і шматдзетны бацька. Як беларус выканаў амерыканскую мару

Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…

17 снежня 2024

Усяслаў Чарадзей — квадробер, а Францішка Уршуля Радзівіл — найк про. Тлумачым моладзевы слэнг на гістарычных постацях

Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …

9 снежня 2024

Можна пакаштаваць на большасці заправак. Як у Гродне пражаць каву для ўсёй Беларусі

Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…

9 снежня 2024