Навагоднія святы — час, да якога не ўсе хатнія жывёлы могуць быць падрыхтаваныя. Гукі піратэхнікі, шумныя госці і ўпрыгожаныя елкі могуць нашкодзіць гадаванцу. Парады, як дапамагчы жывёлам перажыць Новы год, дала зоапсіхолаг Кацярына Кастрыцкая.
Навагоднія госці і жывёлы
- Перад тым, як сустракаць гасцей, накарміце сабаку і кошку. Забараніце гасцям іх частаваць. Навагоднія дэлікатэсы могуць быць шкоднымі для страўніка жывёлы. Лекаваць наступствы атручэння складана і дорага. Трубчатыя косткі, напрыклад, курыныя, могуць прывесці да разрыву альбо непраходнасці кішэчніка.
- Чакаючы гасцей, лепш прыбраць клеткі з жывёламі і птушкамі падалей. Так у гасцей не будзе спакусы сунуць падец куды не трэба, а ў жывёлаў - небяспекі быць накормленымі незразумела чым. Залішняя ўвага чужых людзей можа стамляць гадаванцаў.
- Калі акварыум у вас адкрыты, лепш закрыць яго чым-небудзь — тады ніхто не стане скідаць туды попел альбо выліваць астаткі з келіхаў. Тытунёвы дым даволі небяспечны для жывёлаў - яны могуць нават загінуць. Таму ў памяшканні, дзе знаходзяцца клеткі, варта ўвесці забарону на курэнне.
Чытайце таксама: Как животные переживают обыски, эмиграцию и заключение хозяина: узнали у зоопсихолога
Што можа быць небяспечным для кошкі
- Калі ў хаце кошка, лепш адмовіцца ад выкарыстання на ялінцы «дожджыка» і мішуры. Ці замацуйце іх там, куды кошка дакладна не дацягнецца. Ёсць больш бяспечныя спосабы ўпрыгожыць елку. Разбітыя шкляныя шары — яшчэ адна крыніца небяспекі. Лепш выкарыстоўваць небіткія ўпрыгожванні.
- Адкрытыя дзверы і вокны таксама небяспечныя. Кошка рызыкуе выпасці з вакна, незаўважна выслізнуць на вуліцу альбо на балкон, дзе на яе могуць забыцца.
Чытайце таксама: Почему в Новый год лучше воздержаться от запуска фейерверков, чтобы не навредить животным и окружающей среде
Як дапамагчы пужліваму сабаку ў Новы год
- Калі сабака баіцца салютаў, лепшы (на жаль, не заўсёды здзяйсняльны) варыянт — адвезці жывёлу падалей ад шумоў навагодняга горада. Можна адправіцца за горад. Найгоршае, што вы можаце зрабіць — з’ехаць, пакінуўшы сабаку на чужых людзей. Калі сабака пазбавіцца яшчэ і гаспадара, святочныя салюты могуць яго даканаць.
- Калі сабака ў прынцыпе пужлівы, варта загадзя пракансультавацца з ветэрынарам — верагодна, ён прапіша прэпараты, якія вы зможаце даць сабаку загадзя альбо ў выпадку спалоху. Але паспрабаваць лекі варта раней — магчыма, у сабакі на іх алергія, а наўрадці вы знойдзеце ветэрынара ў ноч на 1 студзеня.
- Рыхтуйцеся загадзя. Прыкладна за тыдзень варта падрыхтаваць для сабакі зручны ляжак у памяшканні без вокнаў альбо ў памяшканні, дзе гукі з вуліцы чуваць меней. Туды ж пакладзіце любімыя цацкі і ласункі. У сабакі будзе зацішнае месца, дзе ён зможа схавацца, а гэта дазволіць зменшыць беспакойства.
- Не спускайце сабакі з павадка. Прычым вадзіць на павадку пачынайце за тыдзень-два да святаў і не адпускайце яшчэ некалькі тыдняў пасля Новага году. Па магчымасці, абыходзьце людзей, якія, на вашую думку, хочуць узрываць петарды альбо запускаць феерверкі.
- Не варта падводзіць сабакі да вакна, каб ён паглядзеў на салют, і самі не бяжыце да вакна. Прыцягваць увагу сабакі да гэтых гукаў - не лепшае рашэнне. Не дапускайце пераўзбуджэння жывёлы. Адмяніце на час гульні і дрэсіроўку, калі яны ўзбуджаюць вашага гадаванца.
- 31 снежня добра выгуляйце сабаку з раніцы і днём. Не адкладайце вечаровую прагулку пазней 18:00. Нават у гэты час грохат будзе, але ўсё ж верагоднасць спужаццца меней.
- Калі сабака скуліць і бегае па пакоях, не перашкаджайце ёй, але забяспечце доступ у памяшканні, дзе не так чуваць гукі. Калі ж сабака трымціць і прыціскаецца да вас, абдыміце яго і пачынайце глыбока дыхаць у акрэсленым рытме. Вы адчуеце, што жывёла ўздрыгвае радзей. Калі гадаванец захацеў сыйсці, дазвольце яму гэта зрабіць.