Як савецкая ўлада выкарыстоўвала чалавечыя інстынкты ў палітычных мэтах і што з гэтага атрымалася — адказ на гэтыя пытанні дае ў кнізе «Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР» прафесар Аляксандр Гужалоўскі. Аўтар прэзентаваў кнігу ў Гродне напярэданні юбілею бальшавіцкага перавароту. І сумленна папярэдзіў - кніга не пра ўласна сэкс і апісання сэксуальных тэхнік стогадовай даўніны там няма.

Групавы шлюб VS сублімацыя

У пачатку ХХ стагоддзя патрыярхальную сям’ю пачылі разбураць індустыялізацыя, урбанізацыя і міграцыі людзей. А з 1917 года бальшавікі пачалі змагацца з манагамнай сям’ёй як з буржуазнай з’явай, якая перашкаджае рэалізаваць камуністычны праект. Замест яе тэарэтыкі прапаноўвалі працоўныя калектывы, дзе агульная праца будзе першасным фактарам, а з’яўленне дзяцей — другасным.

Згвалтаванні, аборты і "советские барышни": як праходзіла і чым скончылася сэксуальная рэвалюцыя ў БССР
Аляксандр Гужалоўскі на прэзентацыі кнігі ў Гродне
Адным з «сэксуальных рэвалюцыянераў» была Аляксандра Калантай. У сваёй працы «Дорогу крылатому Эросу!» яна прагназуе, што будзе, калі знікне сям’я і настануць вольныя сэксуальныя адносіны ў сацыялістычным грамадстве.

Яна прапанавала некалькі варыянтаў: паслядоўная манагамія, то бок паслядоўная змена партнераў на працягу жыцця, групавы шлюб — калі некалькі мужчын бяруць шлюб з некалькімі жанчынамі, або адзін мужчына мае некалькі жонак. Паводле Калантай, гэта важна не толькі для разняволення сэксуальнай энергіі, але і для псіхікі чалавека. Яна лічыла, што традыцыйны шлюб стрымлівае інтэлектуальнае развіццё чалавека.

Галоўным апанентам Калантай быў Арон Залкінд. Ён выдаў кнігу «Двенадцать половых заповедей революционного пролетариата». Калі Калантай заклікала да вызвалення сэксуальнай энергіі, то Залкінд казаў пра тое, што яе трэба субліміраваць у працоўную, творчую актыўнасць.

Ідэі разнявольвання і разбурэння сямейна-шлюбных адносінаў праводзілі і беларускія сэксуальныя рэвалюцыянеры і вучоныя. Напрыклад, Сафія Шамардзіна і Сямён Вальфсон.

Гамасэксуалізму — так, двухспальнаму ложку — не

З 1924 по 1927 у Беларусі стала значна менш шлюбаў і значна больш разводаў. Гэта вылілася ў прыняцце першага шлюбнага кодэксу ў 1927 годзе. Ён юрыдычна не прызнаваў царкоўны шлюб, затое прызнаваў фактычны, або «грамадзянскі». Праз гэта шмат жанчын аказаліся кінутымі цяжарнымі і з дзецьмі.

Сэксуальная рэвалюцыя праявілася і на побытавым узроўні: заручальны пярсцёнак і двухспальны ложак сталі прыкметай буржуазнасці. Нават падаючы жанчыне жакет можна было нарвацца на смех і кпіны. Моладзь засноўвала камуны, дзе абагульнялася не толькі праца, але і сфера інтымнага жыцця. Улада падтрымлівала эксперыменты, прапануючы моладзі закінутыя будынкі ў гарадах і ў ваколіцах.

Згвалтаванні, аборты і "советские барышни": як праходзіла і чым скончылася сэксуальная рэвалюцыя ў БССР
Кнігу прэзентавалі ў краме «Цудоўня»
Новы Крымінальны кодэкс, прыняты ў 1920-я гады, вывеў гамасэксуалізм за межы крымінальных парушэнняў. Паводле імперскага кодэксу 1830 гады за аднаполае каханне можна было трапіць у Сібір.

Сэксуальная рэвалюцыя мела ўплыў на літаратуру. Бэстсэлерам свайго часу стала аповесць «Голы звер» Міхася Зарэцкага. Аповесць сканцэнтравала ў сабе ўсе праявы сэксуальнай рэвалюцыі. Кнігу зачытвалі да дзірак у дзяржаўных біліятэках і разбіралі ў кнігарнях. Да эратычных сцэнаў рабілі малюнкі і нават дапісвалі ў кнізе свае фантазіі.

Як выводзілі будаўніка камунізму

Вучоныя таксама адрэагавалі на сэксуальную рэвалюцыю. Прафесар Іваноў, які стаў правобразам прафесара Прэабражэнскага ў кнізе «Собачье сердце», праводзіў у Афрыцы эксперымент па скрыжаванні малпы і чалавека, каб вывесці новы гатунак людзей — будаўніка камунізму. Ён павінен быў валодаць інтэлектуальнымі здольнасцямі чалавека і фізічнай моцай малпы.

Для эксперымента вучоны лавіў гарыл і шымпазэ і прымушаў туземак спарвацца з імі. Аказалася, у чалавека і малпы розны набор храмасом, таму яны не сумяшчальныя. Інфармацыя трапіла ў заходнюю прэсу, эксперымент скончыўся скандалам.

Згвалтаванні, аборты і "советские барышни": як праходзіла і чым скончылася сэксуальная рэвалюцыя ў БССР

Колькі зарабляла савецкая прастытутка?

Ахвярамі сэксуальнай рэвалюцыі станавіліся жанчыны, якія заставаліся з дзіцём на руках або рабіліся аб’ектамі гвалтаў у камунах. Часам найлепшым варыянтам быў аборт. У шпіталях на аборт былі вялікія чэргі. Бясплатна іх рабілі толькі прадстаўнікам працоўнага класу, для іншых — за грошы.

У 1926 годзе ў БССР колькасць абортаў дасягнула 50% ад усіх цяжарнасцяў. І гэта толькі афіцыйныя аборты. Найбольш падпольных абартыстаў было ў мястэчках і вёсках. Там ствараліся цэлыя методыкі: бабкі рабілі аборт раскалённымі верацёнамі ці кладучы цяжарным жанчынам гаршкі на жывот.

Квітнела прастытуцыя. Вулічныя прастытуткі зараблялі ад 50 да 70 рублёў (прыкладна столькі ж тады атрымліваў рабочы). Былі прастытуткі ў падпольных бардэлях. Напрыклад, у Гомелі за 1927 год выкрылі 446 падпольных бардэляў. Былі так называныя «советские барышни» — своеасаблівыя гейшы, якія маглі задаволіць вышэйшую партыйную наменклатуру.

Работніцы фабрык таксама часам выходзілі «падпрацоўваць», бо грошай катастрафічна не хапала. Яны атрымлівалі каля 10−40 рублёў.

Згвалтаванні, аборты і "советские барышни": як праходзіла і чым скончылася сэксуальная рэвалюцыя ў БССР

Вяртанне сямейных каштоўнасцей

У 1929 годзе Сталін спыніў усе сэксуальныя эксперыменты, бо яму былі патрэбны рабочыя рэсурсы для мадэрнізацыі савецкага грамадства — індустрыялізацыі і калектывізацыі. Сэксуальная тэма знікае з савецкага дыскурсу, адбылося вяртанне да сямейных каштоўнасцей і парнай сям'і. Праўда, з адным выняткам: жанчына, акрамя выхавання дзяцей і хатняй працы, атрымала яшчэ і звычайны васьмігадзінны дзень працы.

Аляксандр Гужалоўскі ацэньвае сэксуальную рэвалюцыю як негатыўны эксперымент на нізкаадукаваных людзях. Асноўная маса людзей былі непісьменнымі і не гатовымі да ідэй Калантай і Залкінда. Таму сэксуальная рэвалюцыя вылілася ў аборты, венералагічныя захворанні і скалечаныя лёсы.


Прафесар Аляксандр Гужалоўскі працуе на гістфаку БДУ. Напісаў шэраг кніг па гісторыі цэнзуры ў БССР. Некалькі гадоў таму выйшла кніга «Чырвоны аловак», дзе апісвалася гісторыя цэнзуры з 1917 па 1941 год. Зараз рыхтуецца другая частка, дзе будзе апісана пасляваенная гісторыя цэнзуры.