Беларусь часта называюць краінай замкаў. І гэта так. Толькі з папраўкай, што нашы замкі большай часткай альбо разбураныя, альбо паветраныя. Палац у аграгарадку Шчорсы на Навагрудчыне якраз такі. Некалі быў велічным радавым гняздом рода Храптовічаў, а зараз — пакінутыя руіны на аўкцыёне.

Адрадзіць былую веліч сядзібы ўзяліся актывісты. Яны стварылі грамадскую арганізацыю «Фонд Шчорсы-Храптовічы». Пакуль што замак існуе толькі ў іх уяўленні. Але працы вакол яго ўжо пачаліся. Для Hrodna.life дырэктарка фонда Ганна Булда расказала пра гісторыю палаца і вынікі працы. У экскурсіі па сядзібе нас суправаджалі мясцовыя кацяняты-валанцёры.

Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах

Канец гісторыі, пачатак адраджэння

«Злева ад нас — карэ службовых карпусоў, справа — канюшні. Ёсць меркаванне, што і яны былі пабудаваны ў форме карэ, але дакладных пацвержанняў версіі пакуль не знойдзена. Флігель таксама захаваўся толькі левы, правы згарэў у 60-я гады. Палац моцна пацярпеў у першую сусветную. Тут быў рускі штаб, а побач праходзіла лінія фронту. Пабудова гарэла, але выстаяла. Падчас другой сусветнай быў пашкоджаны дах. Сцены, перакрыцці і цэнтральная частка захаваліся. Палац разбурылі ужо ў паваенны час. Папросту — разабралі па цаглінах. З гэтай цэглы мясцовы калгас пабудаваў сенасховішча», — прывычна распачала экскурсію Ганна.

Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах

Зараз ад палаца засталіся толькі фундаменты. Яны пад зямлёй і ёсць надзея, што захаваліся ў больш-менш добрым стане. Праўда, праз іх ужо месцамі прараслі дрэвы. А захаваныя пабудовы зараз знаходзяцца на аўкцыёне. Набываць іх ніхто не спяшаецца.

Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах

Без «таго, адзінага» мецэната

«Меркаваныя мецэнаты разумеюць, што прыбытку ад такой маёмасці ў бліжэйшай будучыні чакаць не варта. А ўкладваць сродкі прыдзецца доўга і нудна, — расказвае Ганна. — Былі спробы шукаць такіх людзей, але пакуль безвыніковыя».

Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах
Домік упраўляючага сядзібай
Таму і вырашылі разам з сябрамі-аднадумцамі стварыць грамадскую арганізацыю, акая б занялася аднаўленнем сядзібы. Лепш праз фонд збіраць нават малыя ахвяраванні і пачынаць працу, чым чакаць «таго, адзінага» мецэната, які прынясе на сподачку патрэбныя грошыкі. Сёлета фонд падпісаў пагадненне аб супрацы з мясцовымі ўладамі - аддзелам культуры Навагрудскага райвыканкама, уладальнікам сядзібы, і Шчорсаўскім сельвыканкам, якому належыць былы гаспадарчы двор Храптовічаў - Мураванка.
Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах
Мураванка — былы гаспадарчы двор сядзібы
«Калі пачыналі працу, то адчувалася пэўная насцярожанасць з боку адміністрацыі. Неабходнасць кожнага кроку трэба было даказваць і ўзгадняць. Гэта зразумела. Будынкі хоць разбураныя, але маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Зараз улады бачаць плён сумеснай працы, то і стаўленне да грамадскіх актывістаў стала больш прыязным. Выканкам дапамог аплаціць даследаванні парка, калгас выдзяляе тэхніку, лясніцтва дапамагае».

Фонд існуе трохі больш за год. За гэты час былі арганізаваны даследаванні парка сядзібы спецыялістамі з Інстытута эксперыментальнай батанікі. Некалі парк быў рэгулярным французскім, пазней — традыцыйным англійскім, а да нашых часоў ператварыўся ў непралазны лясны гушчар. Паводле рэкамендацый і пад кіраўніцтвам спецыялістаў яго пачалі расчышчаць. Гэтым цэлае лета займаліся валанцёры.

«Фонд атрымаў грантавае фінансаванне на дабраўпарадкаванне паркавай зоны адпачынку. Тут будзе альтанка і дзіцячая пляцоўка. Зараз рыхтуецца праект, а таксама ініцыявана стварэнне вакол палаца ахоўнай зоны», — расказвае Ганна.

Мясцовыя жыхары таксама далучаюцца да валанцёраў. Прыходзяць на суботнікі, дапамагаюць у расчыстцы парка. «Хочацца, каб людзі сваімі рукамі нешта зрабілі, хаця б тыя ж лавачкі паставілі, кветкі на клумбах пасадзілі. Тады і жадання ламаць не будзе, і гонар за сваю малую радзіму з’явіцца», — мяркуе Ганна. Тым больш, што прысядзібны парк насамрэч варты гонару. Рос у ім некалі «дуб Міцкевіча», пад каторым, як кажуць, паэт напісаў сваю «Гражыну». Дрэва не выжыла, стала ахвярай навальніцы. Але частка камля ляжыць на ўскрайку парка і зараз.

Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах
Коцікі даследуюць астаткі дуба Міцкевіча ў парку сядзібы Храптовічаў
На бліжэйшы час асноўныя работы будуць працягвацца ў парку, а ўзімку Ганна спадзяецца сабраць экспертаў, каб вырашыць далейшы лёс сядзібы.

Гісторыя, легенды і паветраныя замкі

«Пакуль няма агульнай канцэпцыі - што тут можа паўстаць. Зразумела, што нейкі турыстычны і культурніцкі аб’ект. Але трэба падумаць, як падкрэсліць яго ўнікальнасць, тое, дзеля чаго людзі захацелі б прыехаць сюды, за 100 кіламетраў ад Мінска. А пакуль робім што можам у парку. Бо парк трэба давесці да ладу незалежна ад таго, што тут будзе — музей, рэстаран ці гатэль».

Ахвотныя наведаць сядзібу ёсць і зараз. Раз-пораз пад’язджаюць экскурсійныя бусікі, групы абыходзяць рэшткі сядзібы. Разам з імі мы слухаем расповед Ганны пра знакамітую бібліятэку Храптовічаў, у якой было ці то 10, ці то 20 тысяч каштоўных кніг і калекцыя даўніх карт, падараваная каралём Станіславам Аўгустам. Не дзіва, што папрацаваць з кнігамі ў Шчорсы прыязджалі тагачасныя знакамітасці - Лелявель і Сыракомля, а бібліятэкарам пэўны час працаваў Ян Чачот.

Зацікавіць турыстаў могуць і гаспадарчыя поспехі сядзібы. Калісці тут варылі швейцарскія сыры, гатавалі ўласнае піва і пяклі адмысловы хлеб. У сажалках побач з палацам разводзілі рыбу, а на Нёманскай верфі будавалі караблі - віціны.

Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах
Скульптуру дзяўчыны на беразе сажалкі мясцовыя называюць Зосяй. Яна часта пазуе мастакам і фатографам на пленэрах. Коцікам Зося таксама спадабалася
Прагрэсіўныя погляды гаспадароў сядзібы таксама вартыя ўвагі. Храптовічы адмянілі прыгон для сваіх сялян на сто гадоў раней, чым гэта сталася ў Расійскай імперыі.

Калі ісці ўздоўж сажалак, то адкрываецца і від на Мураванку. Тут, па марах Ганны, паўстане калісці назіральная пляцоўка з вышкаю. З яе адрыюцца проста чароўныя далягляды. І напэўна захочацца наведаць былы гаспадарчы двор, пабудаваную з чырвонай цэглы Мураванку.

Людзі слухаюць расповеды, азіраюцца на пусткі, будуюць ва ўласным уяўленні паветраныя замкі на месцы руінаў сядзібы. Тут была аранжарэя, тут бібліятэка, там капцільня…

Ганна кажа, што калі ўпершыню пабачыла сядзібу Храптовічаў, захапілася яе былой веліччу. Цікавасць да шляхецкіх беларускіх палацаў з’явілася ў яе падчас навучання ў Інстытуце культуры, дзе яна артымала спецыяльнасць культурнага менеджара. «У адзін прыўкрасны момант я зразумела, што павінна ўзяцца за аднаўленне якой-небудзь сядзібы. Мне сон такі прысніўся. Я пачала тую сядзібу шукаць. Калі пабачыла руіны палаца ў Шчорсах, адчула — гэта яно. Адазвалася літаральна адразу».

Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах

Кажуць, без грошай — пустая зацея

З той пары адраджэнне сядзібы Храптовічаў стала для Ганны і працай, і хобі, і сэнсам жыцця. Яна ўзначаліла створаны фонд і займаецца арганізацыяй і каардынацыяй працы на сядзібе. У першы год існавання сабрала валанцёраў, каб ачысціць тэрыторыю сядзібы хаця б ад смецця. «Сапраўдная звалка была. Чаго ты толькі адсюль не павыносілі! Старыя канапы, іржавыя лядоўні, мяхі бутэлек… Дзіўна было, чаму людзі насілі сюды смецце. У аграгарадку ж ёсць арганізаваны яго вываз».

У той час, ды і зараз таксама, многія называюць планы фонда «пустой зацеяй». Маўляў, без уласных сродкаў і брацца за такую працу няма сэнсу. Але Ганна мяркуе інакш. Галоўнае — пачаць і не апускаць рукі. Калі нехта шчыра гарыць ідэяй, то і іншыя падцягнуцца. «За два лета мы з валанцёрамі шмат зрабілі. І спецыялістаў знайшлі, і ўлады зацікавілі. Калі такімі тэмпамі працягнем працу, то гадоў за пяць давядзём парк да ладу. А там, глядзіш, і спосары-мецэнаты знойдуцца на капітальнае будаўніцтва».

Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах
Праца валанцёраў у парку праходзіла пад кіраўніцтвам і наглядам спецыялістаў з Інстытута эксперыментальнай батанікі. Важна выдаліць лішнія расліны і захаваць каштоўныя дрэвы. Год таму і чалавеку прыходзілася прадзірацца праз гушчар закінутага парка. А зараз дрэвы даступны нават кацянятам

Планы і коцікі

Лета Ганна правяла ў Шчорсах, разам з валанцёрамі і даследчыкамі. Зараз прыязджае на сустрэчы з мясцовымі актывістамі, каб арганізаваць суботнікі і абмеркаваць сумесную працу.

«Доўга так не наездзішся. Задумваю наогул жыць сюды перабрацца. Працы не на адно дзесяцігоддзе хопіць. Магу тут правесці частку жыцця, што мне засталася, для сябе домік на вёсцы падрыхтаваць. Тады і ўласных пушыстых экскурсаводаў завесці можна будзе. Прыедуць на сядзібу госці, а мы з коцікамі будзем іх сустракаць».

Паветраныя замкі і патрыятычныя коцікі. Як актывісты спрабуюць аднавіць палац Храптовічаў у Шчорсах

P. S. Падчас працы над артыкулам ні адзін коцік не пацярпеў.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life