Сілавікі актыўна працуюць у Гродзенскім рэгіёне ўжо месяц. Затрыманні прайшлі ў Лідзе, Ваўкавыскім раёне і Карэлічах. Рэдакцыя Hrodna.life спытала ў экспертаў, што адбываецца і з чым гэта звязана. Палітолаг мяркуе, што сігнал паступіў з цэнтра.

Затрыманні ў Лідзе: пачалося на LIDBEER, а далей пайшлі па заводах

Ліда стала адным з цэнтраў затрыманняў у верасні 2023 года. Пачалося ўсё з фестывалю LIDBEER, дзе 2 верасня затрымалі двух мужчын за крыкі “Жыве Беларусь!”. Іх даставілі ў РАУС. Адзін з іх вярнуўся на фестываль і паведаміў, што другому прад’явілі арт.24.23 КаАП «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і штраф 500 рублёў. Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде» сцвярджае, што затрыманага на фестывалі Юрыя Шылкоўскага судзілі 5 верасня яшчэ і паводле арт.19.11 КаАП у судзе Лідскага раёна.

Пасля гэтага 6 верасня на прадпрыемствах «Лідахлебапрадукт» і «Лакафарба» адбыліся масавыя затрыманні рабочых за падпіскі і распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. На “Лакафарбе” затрымалі шэсць чалавек. 7 верасня іх выпусцілі са штрафамі як мінімум 10 базавых.

BELPOL лічыць, што затрыманні звязаныя з выкрыкам “Жыве Беларусь!” на фестывалі “LIDBEER 2023”. Нібыта ў двух затрыманых на фестывалі хлопцаў “знайшлі цесную сувязь” з “Лакафарбай”. Паводле іх інфармацыі, у адміністрацыю «Лакафарбы» выклікалі 15 работнікаў. Ім паведамілі, што трэба папрысутнічаць на нарадзе ў райвыканкаме. Выдзелены для гэтага аўтобус прывёз названых работнікаў не да райвыканкаму, а ў Лідскі РАУС.

Затрыманне ў Ваўкавыскім раёне
Затрыманне ў Ваўкавыскім раёне. Скрыншот Hrodna.life

Некалькі чалавек абышліся “прафілактычнай гутаркай”. У дачыненні да астатніх склалі адміністрацыйныя пратаколы: людзі атрымалі суткі і штрафы. Аднаго лідчаніна адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе з узбуджанай крымінальнай справай.

На “Лідсельмашы” 15 верасня прайшлі затрыманні за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у сацсетках. Некаторыя з затрыманых удзельнічалі ў пратэстах у 2020 годзе.

Пасля гэтага ў Лідзе прайшлі яшчэ некалькі затрыманняў. 22 верасня стала вядома, што затрымалі Паўла Лукашэвіча — за рэгістрацыю ў плане «Перамогі». Таксама ў Telegram мужчына нібыта пісаў пагрозы міліцыі і абражаў Аляксандра Лукашэнку і суддзю. Яго асудзілі на 15 сутак арышту.

Таксама затрымалі начальніка затрыманага, які працуе на прыватным прадпрыемстве майстрам. Днём раней мужчына папярэдзіў падначаленага, што за ім могуць прыйсці. У майстра праверылі тэлефон – там знайшлі экстрэмісцкую інфармацыю і заклікі да гвалту над сілавікамі. Аляксандр Аніскевіч заплаціць штраф у 30 базавых велічынь (1110 рублёў). Таксама ў яго канфіскавалі тэлефон, паведаміў Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

21-22 верасня былі затрыманні на прадпрыемстве “Белтэкс Оптык”. 22 верасня прайшлі затрыманні на “Лакафарбе” і Лідскай ЖКГ, у тым ліку ў дарожна-эксплуатацыйнай вытворчасці. У ЖКГ затрымалі бухгалтара, паведамляе Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».

У рэгіёне рэгулярна праходзілі суды па арт. 19.11 ч.2 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць».

Прызначэння: новыя ідэолагі і дырэктар з’явіліся на прадпрыемствах Ліды

На Лідскім малочна-кансервавым камбінаце з’явіўся ідэолаг, былы начальнік АДАІ Лідскага РАУС Аляксандр Іванавіч Швакель. Усе работнікі абавязаны былі падпісаць “кодэкс карпаратыўнай этыкі”. У тым ліку там ідзе гаворка пра распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пяць чалавек запрасілі на размову аб экстрэмісцкіх матэрыялах, а потым — на прагляд фільмаў «Манкурты» і « Убить президента».

На “Лідсельмашы”, дзе нядаўна адбыліся затрыманні, таксама змянілі начальніка. Генеральным дырэктарам стаў Раман Трубіцкі. Раней ён кіраваў іншым прадпрыемствам у гэтым рэгіёне — Лідскім ліцейна-механічным заводам. Таксама ён дэпутат Лідскага раённага Савета дэпутатаў. Яго прызначыў Аляксандр Лукашэнка.

Затрыманні ў Ваўкавыскім раёне: за экстрэмізм, “Перамогу”, падтрымку Украіны і… парнаграфію

Хапун у раёне праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні двух жыхароў Ваўкавыска і жыхара Краснасельска — іх затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Жыхарку Ваўкавыскага раёна затрымалі ў тым ліку за ўдзел у масавых дэманстрацыях. Іх змясцілі ў ІЧУ і СІЗА.

Затым сілавікі выпусцілі яшчэ адно відэа. З яго стала вядома, што за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў затрымалі двух супрацоўнікаў «Беллакт» і жыхара Ваўкавыска. Супрацоўніка “Беллакт” – яшчэ і за продаж парнаграфіі ў інтэрнэце і паведамленні ў падтрымку Украіны.

Сярод затрыманых таксама намеснік галоўнага ўрача санаторыя “Пралеска” — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у Facebook і ўдзел у плане “Перамога”.

Затрыманні ў Карэлічах: за лайкі ў месенджарах і сацсетках

Паводле некаторых звестак, 26 верасня ў Карэлічах затрымалі дзевяць чалавек. Ускосна гэта пацвярджаецца тым, што частка гэтых людзей не выходзіла на сувязь са сваякамі. Папярэдняй прычынай затрымання назвалі “лайкі і рэакцыі ў мэсэнджарах і сацыяльных сетках”.

Што кажуць эксперты?

Прадстаўнік BYSOL лічыць, што не адбываецца нічога незвычайнага. «Калі б яны маглі ахапіць увагай усю Беларусь адначасова, яны б гэта зрабілі. Але яны гэта робяць гарадамі, часткамі, раёнамі. Прайшоў фестываль LIDBEER – яны знайшлі, за што зачапіцца, і пачалі затрымліваць адтуль людзей. Тое ж самае на прадпрыемствах — проста дайшла чарга да яшчэ аднаго горада, яшчэ аднаго прадпрыемства», — лічыць эксперт.

Паводле інфармацыі палітолага, з якім пагаварыла рэдакцыя Hrodna.life, зачысткі ў Лідзе пачаліся пасля фестывалю LIDBEER, на якім нехта выгукнуў ” Жыве Беларусь!». Паводле інфармацыі эксперта, лозунг выкрыквалі неаднаразова і не толькі двое затрыманых. Пасля гэтага з цэнтра паступіў сігнал: зачысціць рэгіён і праверыць «падполле». Гэта не своеасаблівая помста, лічыць эксперт, а стандартная праца пасля выказвання пазіцыі. Што тычыцца затрыманняў у Ваўкавыску і Карэлічах, магчыма, на людзей там выйшлі праз адпрацаваных на лідскіх прадпрыемствах.

Эксперт раіць тым людзям, да якіх могуць быць пытанні, «сысці з радараў»: па магчымасці, не жыць па прапісцы і прыняць меры бяспекі.

Як падрыхтавацца да візіту сілавікоў, сабрацца ў патэнцыйную эміграцыю і ў якім выпадку запытваць эвакуацыю, рэдакцыя Hrodna.life ўжо падрабязна распавядала.