«Уяўляеш, мы ідзем да грымёркі, а дзяўчаты ў калідоры адварочваюцца і рукамі вочы прыкрываюць. Перашэптваюцца: «Яны сапсуюць нам свята», — ціха расказвае дырэктарка дзіцячага хоспіса Воля Вялічка. Воля вельмі спакойная. Дакладныя рухі, уважлівы позірк, лёгкая усмешка. Яна заўсёды такая, калі моцна хвалюецца. А першы ў Беларусі паказ адаптыўнага адзення — нагода да хвалявання яшчэ тая. Шлях мадэляў з інваліднасцю на подыўм не быў безбар’ерным. І вось зараз — яны рыхтуцца да выхаду. Дзясяць мадэляў ад 16 да 70 гадоў з «асаблівымі» целамі разам з валанцёрамі дзіцячага хоспіса ўдзельнічаюць у модным паказе Grodno Fashion Show.
«Усё мае быць на роўных з астатнімі». Гэту фразу апошнімі днямі чулі ад Вольгі Вялічкі тысячу разоў. І арганізатары на перамовах, і ўдзельнікі на рэпетыцыях. У грымёрцы гэта нават не абмяркоўваецца. Тут дыскрымінацыі нуль. Шасцёра візажыстак і цырульніц па-валанцёрску вызваліся дапамагчы асаблівым мадэлям падрыхтавацца да выхаду на подыум.
Дзве гадзіны працы над вобразамі ва «ўмовах, набліжаных да баявых» — ўсё сур’ёзна, ніякай дыскрымінацыі.
-Іўльянія, якія ў цябе валасы прыгожыя, аказваецца! І такія доўгія! Я нават не ведала… Хадзем да люстэрка, пабачыш якая ты прыгажуня.
-Не-не, не трэба зараз да люстэрка! Яна ж расплачацца ад шчасця і ўвесь макіяж пацячэ! — перакідваюцца жартамі дзяўчаты.
У іх маленькай грымёрцы адначасова дзесяць чалавек. Каб павярнуцца ці адкрыць дзверы трэба прасіць суседак падсунуцца. Як візажысткам удаецца працаваць — уявіць сабе цяжка.
— Ды мы прывычныя, — усміхаецца Аня Дзярнейка. — Часта так даводзіцца. Галоўнае, каб мадэлі не капрызнічалі. Але з гэтым сёння ўсё ок.
У грымёрцы хлопцаў таксама кіпіць работа — перад подыумам усе роўныя і маюць быць у дасканалым выглядзе.
-У мяне валасы — як дрот. Хоць укладвай, хоць не — праз хвіліну будуць тырчаць ва ўсе бакі дзьмухаўцом, — выбачаецца перад цырульніцай валанцёр хоспіса Ваня Бараноўскі.
-Паглядзім. На мае ўкладкі пакуль ніхто не скардзіўся, — бярэцца за фен Кацярына Ханько.
-Пасля музычнага нумара — вы! — даносіцца ў прыадкрытыя дзверы грымёркі.
-А-а-а-а-а-а-а-а-а-а-а!
-Спакойна. Выходзім. Ні пуха!
-Прадстаўляем вам калекцыю адаптыўнага адзення, — абвяшчаюць дынамікі ў зале.
«Калі я выехала на подыум, то зразумела — людзі такога не чакалі. Я бачыла, што ў жанчын слёзы з’явіліся на вачах і - яны пачалі апладзіраваць! — расказвае Аксана Якуцэвіч. — Ужо калі я потым стаяла на сцэне і назірала, як выходзілі астатнія, то гэта падтрымка ўвесь час расла. Было відаць, што гледачы суперажываюць і захапляюцца. На свой фінальны выхад я ўжо лёгка выязджала. Людзі прывыклі да нашага выгляду і я перастала хвалявацца. Расслабілася і наават патанцавала на вазку. Мяне трымала вялізарная хваля падтрымкі. Я нічога не баялася».
«Ці было мне страшна? Дакладна — не, — расказвае Міхаіл Рачкоў - Але тыя эмоцыі апісаць немагчыма. Я бачыў, як людзі слёзы выціралі, я адчуваў, што ўдалося нешта даказаць, што яны ў нас паверылі!»
«Ведаеце, мы ж не толькі адзенне хацелі прадэманстраваць. Хацелася паказаць, што ў гэтым адзенні - асобы. Што мы нармальныя людзі, паўнавартасныя грамадзяне», — дадае Максім Аўрамчыкаў.
«Я думаю, трэба ўсе магчымасці скарыстоўваць, каб актыўна ўдзельнічаць у жыцці, — працягвае Міхаіл Рачкоў. — Я спяваю яшчэ, на канцэртах часта выступаю. Нядаўна пасля выступу паэт Фёдар Бараноўскі мне дзякаваў і сказаў: „Міша, ты можаш яшчэ больш!“ То вось я паспрабаваў больш — выйшаў на подыум! Я магу!»
Ваня Бараноўскі выходзіў на паказ разам з вазочнікам Міхаілам Капарэнкам. У Вані мама з інваліднасцю. Яна таксама перамяшчаецца на вазку.
«Я прывычны да такой тэхнікі», — кажа хлопец. Ды і пра тое, што вазочнікам патрэбна асаблівае адзенне, Ваня ведае з досведу:
«Бывае, з мамай 100 500 крамаў абыдзем, пакуль нешта выберам. А потым яшчэ перашываць і падганяць прыходзіцца. Добра, што ў яе рукі залатыя і ўжо навучылася рабіць гэта сама. Але ж так не ўсе могуць».
Вазочнік з вёскі Поразава Яўген Паплаўскі на вузкім подыуме над залай дэманстраваў віртуознае валоданне вазком. Разварот вакол уласнай восі і «пракатачка» пад ухілам на адных задніх колах — толькі частка з яго рэпертуару.
Падчас узгаднення паказу арганізатары прапаноўвалі паказаць калекцыю толькі на сцэне, без выхаду на подыум. Маўляў, каб не разгубіўся хто, не упаў выпадкова з вышыні. Але калі той «вузкі і высокі» подыум пабачыў Жэня — толькі ўсміхнуўся.
«Нас вучаць упраўляцца з вазком, ёсць арганізацыя такая, РАІК (Рэспубліканская асацыацыя інвалідаў-калясачнікаў, заўв. рэд.). Яны курсы адмысловыя праводзяць. Я нават па сходах магу самастойна на вазку спусціцца. Ды і жыццё на вёсцы добра вучыць пераадольваць рознага кшталту бар’еры. Там як за парог — то нават асфальтавай дарогі няма. А што арганізатары апасаліся, то гэта праз тое, што не ведалі і не заўважалі раней вазочнікаў. Мне гэта зразумела — я і сам да аварыі людзей з інваліднасцю не бачыў, нават не задумваўся, што яны жывуць побач».
Каб былі створаны ўмовы і безбар’ернае асяроддзе, інваліды маглі б стаць больш незалежнымі і самастойнымі, мяркуе Яўген. Яны сталі б больш заўважнымі ў грамадстве. Тады рэакцыя на іх з’яўленне ў гарадской прасторы перастала б быць шокам для навакольных людзей. Але і зараз трэба даводзіць свае правы і шукаць магчымасці жыць актыўна.
«Каб лягчэй было з вёскі выязджаць, вырашыў адвучыцца на правы. Брат мяне падтрымаў, усе тры месяцы вазіў у горад на заняткі ў аўташколу. Тэорыю я ўжо здаў, а вось з практыкай — праблема. У Гродне я не знайшоў ніводнай аўташколы, каторая мае аўтамабіль з ручным кіраваннем. Няма на чым здаваць „пляцоўку“ і „горад“. Прыдзецца дзеля гэтага ў Мінск ехаць».
Калекцыя адаптыўнага адзення закрывала імпрэзу: гледачы пакідаюць залу, натоўп віруе ў холе.
«Як вам прыйшла ідэя зрабіць такое адзенне?» — падыходзяць цікаўныя да Вольгі Вялічкі.
«Ідэю падалі бацькі дзяцей, хто знаходзяцца пад апекай дзіцячага хоспіса. Два гады таму мы ўпершыню паспрабавалі ствараць адаптыўнае адзенне. Так з’явілася калекцыя „Святаяннік“ для бацькоў і дзяцей з інваліднасцю. Сёлетняя лінейка адзення — працяг і развіццё той задумкі».
«Вельмі добрая калекцыя», — падыходзяць да групы з хоспіса дзве жанчыны. Яны кажуць, што таксама ствараюць адзенне — працуюць як індывідуальныя прадпрымальнікі. Маўляў, таму могуць не толькі эмацыйна, але і з прафесійнага пункту гледжання ацаніць адзенне.
«Мадэлі проста выключныя. Адчуваецца тэхналагічная прапрацоўка, модныя уплывы. А якая прыгажосць! Вышыванкі гэтыя, аздобы — ва ўсім адчуваецца клопат і індывідуальны падыход. Мне вельмі спадабалася. Думаю, што і спажыўцы такога адзеня будуць задаволены, - дзеліцца ўражаннямі Людміла Паплаўская (справа на здымку).
А мадэлькі пасля дэфіле вяртаюцца ў грымёрку. Час здымаць подыўмныя строі і вяртацца да звычайнага, не-адаптаванага, адзення і жыцця. І шукаць новыя шляхі для пераадолення бар’ераў, што існуюць у рэальнасці і ва ўяўленнях людзей.
Дызайн адаптыўнага адзення для людзей з асаблівасцямі будовы цела распрацавалі Вольга Вялічка і Валянціна Апановіч. Над пашывам калекцыі працавалі пяць швачак і канструктар-тэхнолаг. Сёлета калекцыя атрымала Гран-пры на конкурсе стартапаў для сацыяльных прадпрымальнікаў. На паказы Grodna Fashion Show мадэлям з інваліднасцю ўдалося патрапіць з другой спробы, пры падтрымцы абласнога упраўлення ідэалогіі, офіса па правах людзей з інваліднасцю і кіраўніцтва коледжа мастацтваў, дзе адбывалася імпрэза.
Прадзюсар шоў Ігар Леговіч не каментуе сітуацыю для прэсы. Пры выказванні падзякі удзельнікам мерапрыемства Дзіцячы хоспіс ў пераліку партнераў імпрэзы не называлі.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…