Ініцыятыўная група звярнулася да ўладаў горада з прапановай стварыць у Гродне мастацкі музей. Ім прапанавалі прынесці ясную канцэпцыю. Ініцыятары яе стварылі, а ўлады паабяцалі запрасіць на слуханні ў жніўні. Тады будзе ісці размова аб прызначэнні будынка былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў і рамонце ўнутраных памяшканні. Пакуль ідзе знешні рамонт — займаюцца дахам і сценамі.
— Можа не ў той форме, як хацелася б нам, але мастацкі музей павінен быць, тым больш у Гродне. Гэта патрэбна не толькі мастакам. Гэта культурная каштоўнасць, — кажа Наталля Паўленка, адна з ініцыятараў.
Яны падрыхтавалі матэрыял пра тое, што магло б быць на першым, другім, трэцім паверсе. На першым паверсе плануюць арганізаваць каворкінг, кафэ, мастацкую краму і мультымедыйны зала з сучаснай тэхнікай.
— Зараз вельмі шмат такіх залаў - зала Гагена, Ван Гога, Клімта. Гэта сучасныя тэндэнцыі рабіць музей часткай забаўляльнага жыцця. Культура падаецца сучаснаму грамадству ў якасці адпачынку, а не нуднай навукі. Калі казаць пра турыстычны горад і прыцягненне турыстаў, мы будзем прыцягваць іх не навуковымі фондамі, а прадстаўляць шоу пра гісторыю, культуру і мастацтва горада і вобласці, — кажа Наталля.
На яе думку, гэта дазволіць рабіць зменныя выставы і зрабіць наведванне музея «шматразовым». Тым больш, што многія музеі зараз робяць адкрытымі свае фотабанкі. Гэта магчымасць прадэманстраваць тыя калекцыі, якіх няма ў гродзенскіх музеях: напрыклад, Льва Бакста — ураджэнца Гродна, і прадстаўнікоў парыжскай школы. Аб’яднаць гродзенскую спадчыну ў адным месцы і паказаць маладых мастакоў, якія сыходзяць працаваць толькі ў мультымедыя, і для ўспрымання якіх патрэбныя прастора і праектары.
На другім паверсе былі б пастаянныя экспазіцыі. На трэцім — службовыя памяшканні, лекторыі, майстэрні.І ўсё працуе — будынак не на адзін раз, а на шматразовае наведванне. І гэта вельмі важна, таму што калі мы прапануем канцэпцыю гораду, мы думаем, што гэта рэч затратная. Але як рэч іміджавая, якая дазваляе на высокім узроўні прадставіць горад, вобласць, краіну — вельмі добрая ідэя, — кажа Наталля.
Яна лічыць, што музей выконваў бы і выхаваўчую функцыю і дапамагаў бы наглядна выхоўваць патрыятызм. Асабліва ў маладых людзях, якія хочуць з’ехаць з краіны.
— Другая група, якая занялася пытаннем, ідзе не па тым шляху. Саюз мастакоў займаецца музеем даўно, але на ўзроўні вобласці. А горад па статусе не можа займацца арганізацыяй музея. Калі і будзе, то не гарадскі, а абласны музей або абласная карцінная галерэя. Пытанне вырашаецца, але не ў гэтым будынку — сам будынак не пасуе пад карцінную галерэю. Гаворка ідзе пра другое крыло Новага замка, адкуль пераязджае бібліятэка Карскага. І ў гэтым крыле замка будзе карцінная галерэя пры музейным комплексе, — кажа скульптар Уладзімір Панцялееў.
— Гэта толькі плюс — ёсць гатовы штат супрацоўнікаў. Стаіць пытанне аб пераносе экспанатаў са Старога замка ў гэтае крыло. Гэта пытанне гадоў 10, калі Стары замак здадуць у эксплуатацыю, але ніяк не сёння-заўтра. Наўпрост ці ўскосна ўсе мастакі зацікаўлены ў гэтым. Пакуль варта звярнуць увагу на фарміраванне фондаў, каб потым, калі пытанне вырашыцца, было чым запоўніць гэтую карцінную галерэю. Гэта вельмі няпростае пытанне, — кажа Панцялееў.
Наталля Паўленка лічыць, што музей павінен быць менавіта ў Палацы тэкстыльшчыкаў. На яе думку, месца адыгрывае вялікую ролю, і музей у Новым замку — пройгрышны варыянт. Будынак павінен прыцягваць людзей і завязваць музейны квартал. Тым больш, у Новым замку нельга зрабіць мультымедыйныя залы — плошчы не тыя. Прааналізаваць гродзенскія фонды яна збіраецца ў ліпені.
Мастачка Валянціна Шоба лічыць, што трэба пабудаваць пад музей новы будынак дзе-небудзь у цэнтры. Напрыклад, на месцы Дома быту. Яна гатовая паўдзельнічаць у выставах, але не ведае, што можа зрабіць для музея.
— Пачнем з самага галоўнага: калекцыя ёсць? Хто яе падорыць? Якія прыватнікі падораць калекцыю? Гісторыка-археалагічны музей — на якіх падставах? Музей сучаснага мастацтва? Гэта значыць, мастакі павінны ўзяць і падарыць самае лепшае. А потым могуць трапіць у запаснікі, — пытаецца графік Юрый Якавенка. — У нас выставачная зала пустуе — мастакі не робяць выставы. Чаму не робяць — нецікава, з фінансавага пункту гледжання цяжка зараз зрабіць добрую сур’ёзную выставу. І не кожны здольны яе зрабіць.
Наталля Паўленка кажа, што акрамя фінансавання ад горада, можна паспрабаваць знайсці рэсурсы праз гранты. Карціны закупіць ў мастакоў і ўзяць у іншых музеяў. Штат супрацоўнікаў можна знайсці сярод маладога пакалення. Яна лічыць, што за час падрыхтоўкі да стварэння — каля пяці гадоў - можна вырашыць гэтыя пытанні.
Юрый Якавенка падтрымлівае ідэю зрабіць карцінную галерэю ў будынку Новага замка. Таму што ўтрымліваць новы мастацкі музей — дорага.— Гэта будынак прывесці пад музейныя стандарты, гэта закупка абсталявання, сховішчаў. Гэта кандыцыянеры, спецыяльнае абсталяванне, каб падтрымліваць адмысловую тэмпературу, вільготнасць — так круглы год. Гэта штат работнікаў які трэба. У нас мастацтвазнаўцаў такіх няма, каб гэтыя штаты утрэсці.
Наталля нагадвае, што Новы замак для музея трэба таксама адаптаваць і ўтрымліваць. Траты будуць ўсюды, але зваротная аддача пры новым будынку будзе несувымернай.
Ларыса Макей, гаспадыня галерэі «У Майстра», якая цяпер здаецца ў арэнду, кажа, што гэта «дастаткова ўтапічная думка для маленькага правінцыйнага горада» і на гэта павінны быць вылучаныя велізарныя фінансы.
— Гэта пытанне нашага маленькага горада. Пытанне не фінансаў, а неабходнасці. Людзей, якія рэальна цікавяцца гэтым, становіцца ўсё менш і менш. Хоць моладзь накшталт прыцягнутая. Але местачковасць і ўезднасць маленькай правінцыі - гэта рэальна адчуваецца. Мне здаецца, гэта абсалютна пытанне нашага часу. Сумна, але гэта факт. Мінск існуе па іншых законах. Спадзяюся, гэта і да нас прыйдзе.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…