На вачах у гродзенцаў будаўнікі разабралі частку каралеўскага замку, якой было 300−400 гадоў. Як так выйшла і што рабіць? Высвятляла «Свабода».
«Гродзенцы, чаму вы дазваляеце руйнаваць спадчыну?» — падобныя закіды пісалі інтэрнэт-карыстальнікі, убачыўшы на замку перфаратары і параўнаўшы фота «да» (з дахам і сценамі) і «пасля» («абезгалоўленую» каробку).
Дык хто «правароніў» замак, у якім ладзілі соймы Рэчы Паспалітай, які захаваўся лепш за іншыя каралеўскія рэзідэнцыі таго часу і які так любіў Стэфан Баторы?
Аднаўлення Старога замку, які пайшоў расколінамі па сценах, чакалі даўно. Калі ў сярэдзіне «нулявых» гарадскую архітэктуру пачалі моцна перарабляць (рэканструкцыя Савецкай плошчы, знішчэнне драўлянай забудовы Новага свету, знос або перабудова старых дамоў да непазнавальнасці), абаронцы спадчыны дэманстравалі прыгожы эскіз новенькага замку (распрацаваны ў канцы 1980-х) у процівагу такім зменам.
Можа быць, вінаваты Уладзімір Бачкоў, навуковы кіраўнік рэканструкцыі, ён жа аўтар праекту, вядомы скандальнай рэканструкцыяй яшчэ нясвіжскага замку?
Архітэктар распрацаваў сваё бачанне адноўленага гродзенскага замку яшчэ за савецкім часам, у канцы 1980-х. Тады «Белрэстаўрацыя» спецыяльна рабіла вялікае навуковае даследаванне замку, якое і стала падставай для праекту. У 2000-х Бачкоў проста дапрацаваў свае папярэднія эскізы трыццацігадовай даўнасці, якія абапіраліся на высновы навукоўцаў. Нібыта ўсё слушна.
Можа быць, недагледзелі ўлады, уласна Мінкульт, які зацвярджаў праект? Але ж яго распрацаваў дасведчаны архітэктар на падставе даследаванняў навукоўцаў.
Раптам у гэтай гісторыі з’явілася новая постаць — Мікола Волкаў, гісторык Акадэміі навук, які пісаў навуковую працу пра гродзенскі замак і нечакана для сябе заўважыў шэраг памылак у праекце Бачкова. За трыццаць гадоў гістарычная навука зрабіла крок наперад, адкрыліся новыя крыніцы аб замку, раней вядомыя інвентары гісторык таксама прачытаў па-іншаму, у тым дзякуючы інтэрнэту, магчымасці параўноўваць дакументы, выявы, апісанні. Прыкладам, ён ведаў пра розніцу ў адліку паверхаў у палякаў, якія таксама апісвалі гродзенскі замак.
Волкаў зразумеў, што Бачкоў дадаў лішнія паверхі ў некалькі вежаў, «прыдумаў» вялікую камяніцу там, дзе знаходзіліся проста сходы.
Прыкладна з 2015 году навуковец выступаў са сваімі заўвагамі — на канферэнцыях, круглых сталах, у медыя. Але аказалася, што ўжо надта позна. Вялікія грошы на праект выдаткаваныя, фінансавая дакументацыя, згодна з якой ідуць работы, зацверджаная.
Пасля рэзанансу праект усё ж накіравалі на перагляд у Мінкульт, але рэкамендацыі наконт зменаў былі нязначнымі.
Самай буйной перамогай Волкава і паплечнікаў стала тое, што на замку не будуць разбіраць другі паверх прыбудовы пры ўязной браме (гэта, мяркуецца, XVII-XVIII стагоддзе).
«Некалькі спробаў спыніць работы праз Мінкульт не мелі поспеху. Працу адсочвае старшыня аблвыканкаму», — паведаміла кансультантка ўпраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі Святлана Краюшкіна падчас чэрвеньскага круглага стала ў Мінску, прысвечанага Старому замку.
Прадстаўніца Мінкульту адзначыла, што ўсё пачалося ў 2008 годзе, калі праект інвеставання разглядаўся на паседжанні рады пры Мінкульце.
«Цяжка сказаць, што тады абмяркоўвалася. Я не бачыла. Не ведаю матывацыі, чаму тады гэты праект быў ухвалены. Але ён рэкамэндаваўся для далейшага праектавання… На мой асабісты вялікі жаль, канчатковы праект таксама быў ухвалены», — сказала Краюшкіна.
Удзельнікі згаданага круглага стала адзначылі, што пры падпісаных паперах нерэальна нешта змяніць. Галоўным чынам гэта датычыць першай чаргі, якая цяпер ідзе (уязная брама, мост, галерэя, сцяна і сярэдняя вежа над Нёманам, камяніца пры вежы над Нёманам, мерная ізба). Калі «лішняя» камяніца закладзена ў праект, то яна мусіць з’явіцца.
Да таго ж у ёй запраектаваны цеплавузел. Паводле беларускага заканадаўства, чарга рэканструкцыі не можа быць завершаная, калі не пабудаваны цеплавузел. Гэта значыць, нават калі гродзенцы пратэстамі дамогуцца ейнай адмены, гэта будзе значыць спыненне работ і аўтаматычную адмену другой і трэцяй чаргі рэканструкцыі, што неўзабаве пацягне знішчэньне замку ад старасці.
Выбар паміж: або замку не будзе, або ён будзе не падобны да першапачатковага.
У той жа час ёсць шанец паўплываць на другую (каралеўскі палац) і трэцюю (рэшта замкавай сцяны, дзе цяпер адно руіны, і Ніжняя царква) чаргу рэканструкцыі.
Як паведаміў Свабодзе Юры Кітурка, дырэктар гісторыка-археалагічнага музею, які месціцца ў Старым замку, распрацоўка праекту другой і трэцяй чаргі яшчэ не пачыналіся.
Па-першае, прыехаць у Гродна «для прыняцця рашэння аб праекце на месцы». Верагодна, часткай рашэння стане правядзенне дадатковых навуковых даследаванняў аб’екта, бо за апошнія дзесяцігоддзі павялічылася колькасць дадзеных пра замак.
Гродзенскія гісторыкі прапануюць замовіць гэтыя даследаванні ў Міколы Волкава, які раней вывучаў толькі тую частку замку, якая ўвайшла ў першую чаргу рэканструкцыі.
Праўда, галоўны архітэктар праектаў інстытуту «Гроднаграмадзянпраект» Алег Шымбарэцкі, які займаецца замкам, сцвярджае, што дадзеныя збіраліся, вывучаліся цягам трыццаці гадоў, а не толькі ў 1980-х.
«У выніку былі распрацаваныя чатыры варыянты рэканструкцыі. Іх выносілі на раду пры Мінкульце. Чацвёрты варыянт быў прыняты ў працу», — сказаў Свабодзе Алег Шымбарэцкі.
Па-другое, вырашылі паспрабаваць скарэктаваць «абгрунтаванне інвестыцый праектаў другой і трэцяй чаргі з улікам найбольш поўнага захавання аўтэнтычных элементаў розных перыядаў». То бок, каб замак болей не разбіралі.
Дарэчы, Юры Кітурка сказаў Свабодзе, што «ўсё, што трэба было разабраць, ужо разабралі». Ён запэўніў, што ўсе фрагменты, пабудаваныя раней за ХV стагоддзе, у часы Вітаўта, разбірацца дакладна не будуць.
Гэта датычыць і сцяны над Нёманам. З яе раней знялі напластаванні савецкага і польскага часу. Гродзенскія актывісты турбаваліся, што яе працягнуць разбіраць ажно да часоў Вітаўта, каб праз яе на схіл Замкавай гары магла прайсці будаўнічая тэхніка.
«Усё, што вы бачыце на сённяшні дзень, усё захоўваецца», — пацвердзіў Свабодзе і Алег Шымбарэцкі.
Гродзенскія гісторыкі мяркуюць, што варта скончыць работы на другой чарзе рэканструкцыі (аднавіць каралеўскі палац, які ёсць часткай замку), а трэцюю чаргу адмяніць. Да яе адносяцца руіны сценаў, на якіх сёння любяць адпачываць гродзенцы.
Замест узвядзення сценаў-навабудаў на месцы руінаў можна адкрыць археалагічны шкляны павільён са зрэзам археалагічных пластоў у двары замку, пачынаючы ад ХІІ стагоддзя.
Прэтэнзіі гісторыкаў і грамадскасці да цяперашніх работ датычаць не толькі праекту (з лішняй камяніцай і паверхамі), але і яго выканання.
Дзеля аднаўленьня страчаных элементаў ці тых, што ніколі не існавалі, нішчацца аўтэнтычныя канструкцыі. Каб аднавіць замак на XVI стагоддзе, разабралі сцены пазнейшых часоў, не менш каштоўныя (XVII, XVIII, XIX).
«Падыход на замку да захавання таго, што да сёння ацалела, вельмі дзіўны. Сёння ёсць тэхналогія ўмацавання аварыйных сцен без іхнага дэмантажу ці аднаўленне страчанага без ужывання, прыкладам, цэменту, які, даказана, шкодны на такіх мурах», — кажа мінскі архітэктар-рэстаўратар Раман Забела. Ён навучаўся ў Кракаве, працуе з гістарычнымі аб’ектамі па ўсёй Беларусі.
Ён удакладніў, што механізаваны спосаб разборкі, з перфаратарам, не вітаецца пры дэмантажы, хоць дакладнай забароны няма.
Незразумела, ці былі праведзеныя дастатковыя даследаванні аб’екта да пачатку работ і наколькі кампетэнтна. Паводле апісанняў, фасады ўпрыгожваў малюнак у тэхніцы зграфіта, а ў капліцы над брамай пад падшыўкай столі былі знойдзеныя роспісы XVI-XVII стагоддзяў. На той момант ужо была збітая тынкоўка ў памяшканнях і на фасадах. Невядома, ці не збілі разам з ёю і іншыя фрагменты жывапісу ці зграфіта без папярэдняга вывучэння.
Вядома, што будаўнікі на замку маюць здзельную аплату, а гэта азначае хуткую працу. Агулам у Беларусі адсутнічаюць нарматывы для рэстаўрацыі. Рэстаўратары карыстаюцца будаўнічымі нормамі, якія дзейнічаюць, напрыклад, пры пабудове дамоў.
У гэтай сітуацыі работы патрабуюць сталай прысутнасці рэстаўратараў на аб’екце, каб тлумачыць выканаўцам рэстаўрацыйныя асаблівасці і аператыўна вырашаць спрэчныя моманты. Іначай вялікая верагоднасць атрымаць катэдж.
Яна магла бы хутка рэагаваць на парушэнні, мяркуе Раман Забела. Такая пасада, для параўнання, ёсць у Польшчы.
Раман Забела адзначае, што кожны аб’ект індывідуальны. Складана аб’ектыўна рабіць высновы без ведання вынікаў комплексных (міждысцыплінарных) даследаванняў.
«Не было аргументаванага адказу з боку Бачкова на пералік памылак праз таго ж Волкава. Ён не друкуецца. Магчыма, у праекце Бачкова таксама ўсё абгрунтавана, праводзіліся ўсе неабходныя даследаванні. Але ён не даў гэтай інфармацыі», — кажа архітэктар.
Да таго ж, калі нехта фатаграфуе гродзенскі замак, на яго сварацца рабочыя і забараняюць здымаць.
Суразмоўца прыводзіць у прыклад аднаўленне Берлінскага палаца, якое ідзе ў гэты ж час. Немцы зрабілі з рэканструкцыі атракцыю, на якой зарабляюць грошы. Побач з палацам працуе часовы музей аднаўлення. Кожны можа прыйсці туды, убачыць праз акно будоўлю і набыць сувенір. Можа пазначыць, які менавіта фрагмент ён хоча, каб аднавілі за ягоны ўнёсак. Рэгулярна выходзіць часопіс, які распавядае, што было зроблена за апошні час. Пры такім падыходзе ў людзей не застаецца пытанняў да работ.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…