Адзіная прыватная студыя гуказапісу ў Гродне — Cool Records, якой кіруе Андрэй Буры. Каб стварыць якасную студыю ды знайсці добрых кліентаў, ён прайшоў праз шэраг цяжкасцяў: змяніў не адно памяшканне і выдаў шмат грошай на апаратуру.

Усё рабіў сам

«У 2005 годзе я з сябрам вырашыў заняцца рэпам. Хатнія запісы на звычайны мікрафон у нас атрымліваліся неякасныя, даводзілася шукаць месцы, дзе можна было запісаць добры гук. Хадзілі па ўстановах культуры, у выніку атрымалася зрабіць некалькі песень. Але вынікам мы былі незадаволеныя. Тады я паставіў сабе мэту асвойваць усё самому».

Паступова Андрэй стаў купляць абсталяванне. Першая яго студыя знаходзілася дома. У нават з’явілася невялікая база кліентаў. Да 2010 года Андрэй перайшоў з рэпераў у гукарэжысёры — новы занятак яго моцна захапіў.

2

«Паток кліентаў рос, як і навыкі ў запісе і звядзенні. Стала неабходным асобнае гукаізаляванае памяшканне. У канцы 2011 года я знайшоў памяшканне на Савецкай вуліцы. Пасля некалькіх месяцаў рамонту студыя адчыніліся. За два гады, што студыя знаходзілася ў цэнтры, кліенцкая база павялічылася ў некалькі разоў, але ў канцы 2013 года мне не працягнулі арэнду, бо ў памяшканні вырашылi адкрыць магазін. Узімку 2014 года студыя зноў з’ехала ў кватэру. Але праца не спынялася, я купляў новае абсталяванне. У канцы таго ж года знайшоў новае памяшканне на вуліцы Цітова. З сакавіка 2015 студыя знаходзіцца там».

Уклаў у студыю каля 8000 долараў

У новым памяшканні Андрэй улічыў усе мінусы папярэдняй студыі. Праект быў створаны па прынцыпе «пакой у пакоі». Зараз тут можна запісваць голас і любыя інструменты, праводзіць звядзенне любой складанасці, уключаючы дыстанцыйнае звядзенне, майстарынг у лічбе, запісваць рэкламныя ролікі і кліпы, пісаць аранжыроўкі любой складанасці ў любым жанры ды працаваць з сесійнымі музыкамі.

cool-records-3

«У студыі ёсць усё для запісу, звядзення і майстарынгу. За ўсе гады ў яе ўкладзена каля 8000 долараў. Абсталяванне падбіраліся гадамі. Мноства прыбораў у студыі зроблена на заказ. Само памяшканне зроблена па спецыяльным праекце. Зараз са мной працуюць гукарэжысёры і аранжыроўшчыкi з вялікім вопытам».

7
Прыходзіў запісвацца нават ксёндз

У камандзе Андрэя працуюць чатыры чалавекі і кожны займаецца рознымі напрамкамі. Можна сказаць, гэта своеасаблівая мануфактура.

«Кліенты вельмі розныя, але пераважаюць рэперы. Адмаўляць нікому не даводзілася, студыя гатовая супрацоўнічаць з любым выканаўцам любога жанру. Многім прыходзіцца тлумачыць увесь працэс запісу, бо многія ўпершыню сутыкаюцца са стварэннем песень. Суперзораак, на жаль, не было. Але было шмат таленавітых рабят, якія, думаю, у будучыні пакажуць сябе на розных франтах. Вылучыць магу Мікіту Ігнаценка (Mikita, Stay), гурт „Brooklyn“, рэп гурт „Бацькаўская касета“, выканаўцаў Арцём Край, Чэк Моўл. Прыходзяць прафесіяналы, выкладчыкі музычных каледжаў, студэнты і нават ксёндз быў».

5
Лепш запісваць музыку ў студыі, чым спампоўваць з інтэрнэту

Працэс стварэння песні складаны, шмат залежыць ад мэтаў і магчымасцяў кліента. У студыі можна замовіць аранжыроўку, тэкст і прыйсці ўжо на ўсё гатовае, каб проста выконваць.

«Большасць гродзенцаў прыходзіць у студыю з мінусоўкамі, запампаванымі з інтэрнэту. Тады можна прыступаць непасрэдна да запісу. Далей ідзе працэс звядзення і мастэрынгу. Пасля песня зноў трапляе кліенту на флешку. Звычайна мінусоўкі з інтэрнэту пакідаюць жадаць лепшага ў плане якасці, таму тыя, хто хоча атрымаць найлепшы вынік, заказваюць інструментал і тады ўжо адбываецца праца з мульцітрэкам. Гэта праца непасрэдна з выканаўцам ад пачатку, стварэння інструментала, аж да звядзення ўсёй песні ў адным праекце».

cool-records

Многае залежыць ад аб’ёму работ. Людзі бываюць розныя, камусьці атрымліваецца запісаць куплет за 20 хвілін, а камусьці за тры гадзіны. Звядзенне трэка — таксама працэс творчы, на гэта часам сыходзіць шмат часу. У студыі гадзіна працы каштуе каля 10 долараў.

Песню «Дарога, крокі» гурта «Brooklyn» запісвалі таксама ў стыдыi Cool Records.

Кліенты ёсць нават за мяжой

«Увесь свой вольны час, я выкарыстоўваю на самаразвіццё ў плане гуказапiсу. Як казаў Канфуцый: „Выберы сабе працу па душы, і табе не прыйдзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці“. Планаў у мяне з камандай шмат. Пашырыць памяшканне, купіць дадатковае абсталяванне і інструменты, паляпшыць акустычныя ўласцівасцяў пакоя. Таксама пашыраць кліенцкую базу за межы Беларусі. Кліенты ў Расіі і Казахстане ў нас ужо ёсць».

cool-records-2