Ліўнёвыя сцёкі рэгулярна затапліваюць прыватныя падворкі ў вёсцы Рагачы пад Гродна. Вакол знаходзяцца калгасныя лугі, вадаадводаў няма, таму падчас моцных дажджоў уся вада сцякае на дарогу, заліваючы падворкі і агароды. З цяжкасцю жыхары дабіліся адказу ад уладаў, але выпраўляць памылкі ніхто не спяшаецца. Вяскоўцы працягваюць баяцца кожнага дажджу.

Немагчыма пад’ехаць да хат

Вада ў час залевы цячэ адзіным магутным патокам, вымывае расліны з коранем з зямлі. Пасля па размытай дарозе не можа праехаць смеццявоз, у Рагачах збіраюцца адкіды. Нават мясцовыя жыхары не могуць пад’ехаць да сваіх хат і таму пакідаюць аўтамабілі на імправізаванай стаянцы ў пачатку вёскі.

Вырашыць праблему можна толькі капітальным будаўніцтвам меліярацыйных сістэм. Некалі ў вёсцы была вадаадводная канава, зробленая ў 90-я гады. Але яе ў некаторых месцах засыпалі, каб калгасная тэхніка магла ездзіць на палі. У гэтым і прычына патопаў у вёсцы.

35 см вады

У вёсцы 17 жылых дамоў, палова з іх пацярпела ад апошніх вялікіх дажджоў, што былі вясной. Ратавальнікі не спяшаліся рэагаваць на выклік і прыехалі толькі пасля таго, як мясцовыя жыхары выслалі фатаграфіі. Ваду адпампавалі толькі з вуліцы і з’ехалі. Ніякай дадатковай дапамогі рагачоўцам не было.

Праз 12 гадзін пасля пачатку патопу службы МНС зафіксавалі вышыню вады ў 35 сантыметраў на падворках, а ў мясцовай кузні ўзровень наблізіўся да метра.

За шэсць месяцаў - тры патопы

Вёску затапляе часта. У 2018 годзе гэта быў ужо трэці патоп. Жыхары вёскі лічаць, што не атрымліваюць ад уладаў патрэбнай дапамогі.

Спачатку рагачоўцы прыходзілі да старшыні Падлабенскага сельвыканкама Святланы Сарокі.

— Першы раз яна прыехала, паразмаўляла з намі, паглядзела і абяцала дапамагчы, — распавядае мясцовая жыхарка, маці двух дзяцей, Ганна Палякова. — Прайшло некалькі дзён, але нічога не было зроблена.

Чыя юрысдыкцыя?

Пасля другога затаплення Ганна напісала заяву ў сельсавет. Праз некалькі дзён прыехаў прадстаўнік дарожнай службы, куды перанакіравалі яе зварот, і сказаў, што нічога зрабіць не можа. Маўляў, гэта наогул не іх юрысдыкцыя.

«Потым даслалі калгасны Амкадор, які насыпаў пяску, але нават мае дзеці на падворку вышэй горку робяць!» — узгадвае Ганна. На гэтым справа, здавалася, заглохла.

У чэрвені прыйшоў адказ з Гродзенскага райвыканкама: СПК «Гродзенскі» далучылі аднавіць вадаадводную канаву да 1 ліпеня. Пакуль працы яшчэ не пачыналіся. Што цікава, раней з калгаса прыходзілі адказы, што канавы — не ў іх кампетэнцыі.

Па ваду ездзяць за некалькі кіламетраў

«У мяне ўжо паніка пачынаецца, калі я бачу ў прагнозе дождж або навальніцу, не ведаю куды бегчы, што рабіць!» — эмацыйна расказвае Ганна. Цэнтралізаванага водазабеспячэння ў вёсцы няма, вада ёсць толькі ў калодзежах, але і яна стала непрыдатнай для піцця. Жыхары вёскі ездзяць за некалькі кіламетраў набіраць ваду з крыніцы ці купляюць у крамах бутыляваную.

— Усё мясцовае начальства ведае, што пасля патопаў вады ў вёсцы няма, але не цікавіцца, як нам дапамагчы. Падвалы былі цалкам затопленыя. Мы сваімі сіламі выпампоўвалі з іх ваду. Аднак гідрапомпы не прызначаны для працы ў такой бруднай вадзе і хутка «гінуць».

Пасля кожнага вялікага дажджу рагачоўцы падлічваюць страты, прыбіраюць на падворках, аднаўляюць лужкі. Не заўсёды ясна, ці варта зноўку засяваць агароды і кветнікі - праца можа аказацца бессэнсоўнай пасля чарговага дажджу. Церпяць хатнія жывёлы і птушкі. Бытавыя пабудовы таксама маюць патрэбу ў рамонце.

Hrodna.life будзе сачыць, ці сапраўды праблему з адводам вады вырашыць у Рагачах да 1 ліпеня.


Для того, чтобы вы могли обеспечить своих посетителей свежими и прохладными напитками, вам необходимо приобрести шкаф холодильный. Приобрести его можно на сайте https://polair.com.ua/shkafy-holodilnye/. Большой выбор, высокое качество, отличные цены.