Людзі і справы

Затапіла кузню, электрастанцыю і стайню. Вёску Рагачы чацвёрты раз за год залівае, а дапамогі няма

Вёску Рагачы пад Гродна затапіла чацвёрты раз за год. Пацярпелі не толькі падворкі, хаты і гаспадарчыя пабудовы, але і знакамітая кавальская майстэрня, сонечная электрастанцыя і «сацыяльная» стайня. Жыхары ізноў без пітной вады, а мясцовыя ўлады «прайшліся грэйдарам».

«Вы купілі дом не ў тым месцы»

Юрый Кобін — адзін з самых вядомых кавалёў-мастакоў у Беларусі. Пераехаўшы некалькі гадоў таму з Гродна ў вёску, рамеснік ператварыў старую кузню ў сучасную творчую майстэрню. Чацвёрты раз за год яна пацярпела ад ліўневых сцёкаў з палёў. Вышыня вады ў памяшканні даходзіць да метра. Многія агрэгаты і інструменты цяпер непрыдатныя, будынак у аварыйным стане.

Майстэрня пасля патопу
«Я прыехаў са «Славянскага Базару», а разгрузіць машыну няма куды. Кузня залітая вадой. Працаваць не змагу яшчэ доўга, усе тэрміны буйных заказаў сарваныя.

Мясцовыя ўлады адфутбольваюць нас то дарожнікам, то калгасу. «Вы купілі дом не ў тым месцы» — заявілі мне ў твар чыноўнікі. Адзіная, хто нам спачувае і спрабуе хоць нешта зрабіць — Святлана Сарока, старшыня сельсавета. Яна выбіла грошы, але меліяратары прапануюць толькі выкапаць гіганцкую траншэю побач з дамамі. Праводзіць водаадводы ўздоўж палёў - там, дзе яны былі раней, ніхто нават не думае".

[irp posts="70 158″ name=""Панікую, калі ў прагнозе навальніца". Вёску Рагачы рэгулярна залівае, бо калгас засыпаў вадаадвод"]

З-за патопу «завіслі» заказы

Працамі Юрыя ўпрыгожаны маёнтак «Каробчыцы», царква Усіх святых у Гродне, рэстаран «Каралеўскае паляванне» і многія іншыя аб’екты па ўсёй Беларусі.

Майстар Юрый Кобін сустракаўся з Дзмітрыем Мядзведзевым
«Я вітаўся за руку з Дзмітрыем Мядзведзевым, зробленымі мной рэчамі захапілася салістка „Nigthwish“ Тар’я Турунен. Але зараз я рызыкую застацца без працы і згубіць імя з-за невыканання заказаў.

„Мы застрахаваныя, а вяскоўцаў сапраўды шкада“

Прыватная электрастанцыя на сонечных батарэях пацярпела ад патоку вады адной з першых. Пад удар стыхіі трапіў металічны плот (яго цалкам змыла), лінія панэляў і агрэгаты. Рагачоўская электрастанцыя сілкуе не толькі вёску, але і суседні смеццеперапрацоўчы завод.

youtu.be/5KxCfyLxM3s

Шкода ацэньваецца ў некалькі тысяч долараў. Дырэктар Дзмітрый Аўтка паспеў застрахаваць свой бізнес і атрымае кампенсацыю.

„Эксперт прызнаў гэта страхавым выпадкам. Мы ўсе адновім, страціўшы толькі час і сілы, а вось вяскоўцаў па-сапраўднаму шкада. Мы ўжо пачалі працы, але баімся, што пры наступным дажджы ўсё зноў сыдзе пад ваду. З кожным разам паток усё мацней“.

Зараз няма пад’езду ані да вёскі, ані да электрастанцыі. Супрацоўнікі, якія абслугоўваюць сонечныя батарэі, вымушаны ездзіць праз прыватны сад, які знаходзіцца на пагорку і падчас паводкі не пацярпеў.

[irp posts="73 746″ name=» Да двух гадзін ночы адпампоўвалі ваду". Чым скончылася навальніца ў Гродне"]

Жыхары Рагачоў спрабуюць аб’ехаць разбураны ўчастак дарогі па полі, але гэта дазваляе дабрацца толькі да пачатку вёскі. Ні карэта хуткай дапамогі, ні смеццявоз да вясковых хат доступу не маюць.

З іпатэрапіяй давядзецца пачакаць

У вёсцы Рагачы іпатэрапеўтка Ганна Палякова збіралася зрабіць «сацыяльную» стайню, для рэабілітацыі асаблівых дзяцей. Некалькі гадоў дзяўчына з сяброўкай Вольгай Асінскай расчышчалі навакольныя землі, будавалі жыллё і манеж для коней, разбівалі кветнікі, фармавалі англійскі газон. Але «год каня» ледзь не паставіў крыж на іх мары: усё прыйдзецца пачынаць з пачатку.

Да патопу
Пасля патопу

Больш за пяць тон сена дажджавая вада змяшала з брудам. Выратаваць нарыхтаванную ежу не атрымаецца — яна гніе.

«Я не ведаю, чым буду карміць коней! Большая частка лугоў для пашы пакрыта пластом бруду, сена загінула, хлеў хутка абрынецца, стайня ў жаласным стане, а грошай усё гэта аднавіць проста няма адкуль узяць! Я на мяжы адчаю. Чакаць дапамогі ад мясцовых уладаў не прыходзіцца. Дайшло да абсурду — размытую дарогу з мятровымі ямамі яны спрабавалі аднавіць грэйдарам. Гэта проста смех скрозь слёзы»

[irp posts="67 367″ name="Гродзенка збірае грошы на коней, каб дапамагаць асаблівым дзецям"]

Стыхійнае бедства ці віна калгасу?

Мясцовасць вакол вёскі Рагачы ўзгорыстая, а сама яна знаходзіцца ў нізіне. Вакол калгасныя палі, побач з якімі раней былі водаадводы. Па словах мясцовых жыхароў, падчас пасяўной гэтыя канавы зааралі і зрабілі насыпы для праезду тэхнікі. Цэласнасць меліярацыйных сістэм была парушаная і лішкі вады сцякаюць на дарогу — у час моцных дажджоў яны ствараюць магутны бурлівы паток.

Дарога да дажджоў
Дарога пасля дажджоў

Некалькі месяцаў таму на заяву рагачоўцаў ад райвыканкама прыйшоў адказ: СВК «Гродзенскі» абавязалі аднавіць водаадводы. Праз некалькі дзён жыхары атрымалі супрацьлеглы адказ ад таго ж райвыканкама: маўляў, усяму віной залевы, а пры праверцы «фактаў арганізацыі праездаў на палі тэхнікі кааператыва шляхам уладкавання пераездаў праз вадасцёкавую канаву, не ўстаноўлена». Таму і адказваць за патоп няма каму.

У Беларусі прынята практыка аказання ўсебаковай, у тым ліку матэрыяльнай, дапамогі ад дзяржавы грамадзянам, якія пацярпелі ад разгулу прыроды. Факт стыхійнага бедства пацверджаны інспектарам МНС. Аднак ніякай дапамогі жыхары вёскі не атрымлівалі ні разу за чатыры выпадкі затаплення ў гэтым годзе. Зараз у чарговы раз вада ў студнях стала непрыдатнай для піцця. Але пра забеспячэнне жыхароў вадой чыноўнікі не клапацяцца.

Вёска пасля патопу
Вёска пасля патопу

Хто будзе кампенсаваць шкоду, аднаўляць дарогі і прымаць меры па прадухіленні падобных сітуацый у будучыні - пакуль не ясна.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Парады Караеву: топ-5 месцаў Гродна і вобласці, якія можна ўзяць штурмам

У Слоніме і Лідзе плануюць паўтарыць гродзенскі "штурм Рэйхстага". На думку старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрыя…

13 мая 2025

«Раней падумалі б: пацыенту мроіцца, што яго праследуе псіхіятр». Як беларускія ўрачы працуюць у Польшчы і нават сустракаюць былых падапечных

Штораніцы поўныя цягнікі вязуць жыхароў Прушкава, што пад Варшавай, на працу ў сталіцу. Але ёсць…

10 мая 2025

«Скажуць раздаваць сцяжкі — раздам». Задалі адны і тыя ж пытанні выпускніцам ВНУ з Беларусі і Польшчы

Навучальны год набліжаецца да канца, і хутка выпускнікі будуць абараняць дыпломы і здаваць апошнія экзамены.…

6 мая 2025

Дапамога адрозніваецца ў 33 разы. Параўналі, як Польшча і Беларусь змагаюцца з беспрацоўем

У Польшчы беспрацоўныя атрымліваюць штомесячную дапамогу каля 1500 злотых (або прыкладна 400 долараў) на рукі.…

5 мая 2025

ВНУ Гродна змагаюцца з «моладзевым экстрэмізмам» па прыкладзе Расіі: шукаюць скінхэдаў, металістаў і спартсменаў

Як стаць маладым экстрэмістам? Быць "залатой моладдзю", слухаць хардкор і насіць клятчастую понамку. Так лічаць…

30 красавіка 2025

Сцэна пад «Дажынкі» vs хуткая дапамога на матацыкле. Параўналі, як у Беларусі і Польшчы падтрымліваюць грамадзянскія ініцыятывы

Хочаце новую дзіцячую пляцоўку непадалёк ад дома? Ці лічыце важным правесці ў сваім горадзе кампанію…

29 красавіка 2025