У Гродне і рэгіёне 17 ліпеня ўвесь дзень ішлі дажджы. Навальніца абрынулася на абласны цэнтр ўвечары. «За 17 ліпеня ў Гродне выпала 33 мм ападкаў, што перавышае нават дэкадную норму ў 26 мм. Моцныя дажджы адзначаліся ў Наваградку (16 мм ападкаў) і Шчучыне (28 мм)», — адзначылі ў Гродзенскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя БЕЛТА.

Лівень у Гродне выклікаў цяжкасці ў руху адразу на некалькіх вуліцах. Падтопленымі апынуліся як магістралі, так і двары. Па дадзеных абласнога ўпраўлення МНС, людзі звярталіся па дапамогу ў адпампоўванні вады да ратавальнікаў і камунальных службаў.

Як паведамілі ў Гродзенскім абласным упраўленні МНС «Вячэрняму Гродна», на тэрыторыі вобласці былі зафіксаваны два выпадкі падзення дрэў на праезную частку — у Воранаўскім і Гродзенскім раёнах. Пацярпелых няма.

Акрамя таго, ратавальнікі дапамагалі ў адпампоўванні вады з затопленых домаўладанняў. Так, у вёсцы Рагачы Гродзенскага раёна адпампавалі ваду з падтопленых падвалаў у двух прыватных дамах. Непасрэдна ў Гродне работнікі МНС дапамагалі адпампаваць ваду з падтопленых падвалаў у 10 прыватных дамах. У той жа час спецыялісты ЖКГ правялі адпампоўку ў чатырох шматкватэрных дамах і трох прыватных.

На некаторых вуліцах з-за залевы былі перашкоды руху, піша «Гродзенская праўда».

Традыцыйна пасля моцнага дажджу гарадскія вуліцы ператвараюцца ў рачныя плыні - гараджане актыўна дзеляцца здымкамі «падтапленняў» у сацсетках. Аднак журналісты «Вячоркі» звярнулі ўвагу, што да ўжо звыкла затопленых цэнтральных вуліцаў на гэты раз «далучыліся» звычайна не моцна пакутуючыя магістралі.

Напрыклад, кальцо на вуліцы Перамогі так моцна раней не затаплівала. Аналагічныя эмоцыі ў тых, хто жыве ў раёне Суворава — увечары ў аўторак праехаць па кальцы было вельмі цяжка. Падзяліліся абурэннем і жыхары, па сутнасці, новых дамоў на Вольгі Соламавай — праезная частка практычна сышла пад ваду.

www.youtube.com/watch?v=gsUuqWLA9sU

— Праблема падтаплення вуліц актуальная не толькі для Гродна, але і для Брэста, Мінска і іншых буйных гарадоў. Яна ў асноўным ўласцівая тых участках, дзе ёсць вялікая плошча бетоннага пакрыцця. «Ліўнёўкі» ў цэнтры Гродна працуе добра. Але якой бы дасканалай яна ні была, справіцца з «залпавым» дажджом складана. Для параўнання: вада з напоўненай ванны сыходзіць не маментальна, а на працягу некаторага часу. Прыкладна такая сітуацыя складваецца, калі ідзе моцны дождж. Работнікі КУП «Рамбудаўтадар» да двух гадзін ночы адпампоўвалі ваду, вызваляючы праезд для аўтамабіляў, — пракаментаваў сітуацыю дырэктар КУП «Рамбудаўтадар» Віктар Левановіч.

Там падкрэслілі, што дажджлівае надвор’е захаваецца ў рэгіёне да канца тыдня. Моцных дажджоў не чакаецца.