Новая кніга журналіста Hrodna.life Руслана Кулевіча «Гісторыі з гродзенскіх вуліц» выйшла 28 студзеня ў выдавецтве «ЮрСаПрынт». Першыя асобнікі атрымліваюць героі кнігі - гродзенскія старажылы.
Асноўны наклад з’явіцца ў самым пачатку 2020 года і адразу адправіцца тым, хто падтрымаў выданне кнігі праз краўдфандынг. Усе астатнія змогуць набыць кнігу на прэзентацыі, у аўтара, а пазней у кнігарнях.
Прэзентацыя кнігі пройдзе 16 студзеня ў Цэнтры гарадскога жыцця (вул. Кірава, 3). Пачатак у 19.00.
Журналіст Hrodna.life ужо два гады збірае ўспаміны пажылых гродзенцаў, чыё дзяцінства і маладосць прайшлі ў міжваенны перыяд і час Другой суственай вайны. З гэтых размоваў паўстаў цыкл артыкулаў, а ў 2018 годзе — першая папяровая кніга. У 2019 годзе аўтар і рэдакцыя апрацавалі ўспаміны для другой кнігі. Яна ўдвая большая памерам, на яе старонках надрукавана каля 150 старых фотаздымкаў.
Восенню 2019 цыкл Руслана Кулевіча перамог у конкурсе беларускай рэгіянальнай прэсы як найлепшы цыкл гістарычных матэрыялаў года.
Ад аўтара
Новая кніга складаецца з 27 гісторый. Большая частка іх запісана ад гродзенцаў, якія ў 1930−40-я гады жылі ў занёманскай частцы горада. Некаторыя гісторыі я прывёз з Польшчы. Там падчас экспедыцыі «У пошуках гродзенцаў» атрымалася запісаць некалькі ўспамінаў рэпатрыянтаў і знайсці дзясяткі старых фотаздымкаў Гродна.
Сярэдні ўзрост герояў кнігі на момант запісу — 90 гадоў. Іх гісторыі звязаныя з жыццём у Гродне за польскім часам, адносінамі з мясцовымі яўрэямі, прыходам саветаў у 1939 годзе, нямецкай акупацыяй і пасляваенным жыццём. Дзесьці старажылы ўспамінаюць адны і тыя ж падзеі, а дзесьці іх расказы разыходзіцца з успамінамі іншых герояў ці афіцыйнай версіяй гісторыкаў.
Чарговы раз я ставіў мэту паказаць жыццё Гродна з боку яго жыхароў, а не так, як гэта выгадна той ці іншай дзяржаве. Гэтыя ўспаміны — у першую чаргу гісторыя Гродна, якую пішуць самі жыхары.
Ніжэй — героі кнігі са сваімі экземплярамі






