Наш герой, які папрасіў не называць яго імя, — блакітнавокі мужчына, добра апрануты, мае сям’ю. Ад большасці гродзенцаў яго адрознівае вера — ён язычнік. Ужо некалькі гадоў ён жыве паводле законаў прыроды і адраджае ў Гродне старыя традыцыі.

Hrodna.life па запрашэнні мясцовага язычніка пабываў на ўшанаванні багоў у лесе. Праўда, фатаграфаваць людзей нам там строга забаранілі.


У апошні дзень красавіка ў прызначаны час мы сустрэліся з Олафам (вырашылі, па яго просьбе, называць яго выпадковым скандынаўскім імем) на ўскраіне горада, каб разам адправіцца да так званага свяцілішча. Там ён збіраўся адзначаць з блізкімі сябрамі «Ноч вогнішчаў Вальбург» — паганскае свята скандынаўскіх народаў. Паказваць свой твар і называць імя мужчына не захацеў па асабістых прычынах. Кажа — так будзе лепш.

Адраджэнне старажытнай веры — шанаванне прыроды

Ад трасы мы накіраваліся ўглыб сасновага лесу. Пачынала цямнець. Па дарозе да святыні хлопец распавёў, як стаў паганцам.

«Я быў ахрышчаны ў царкве, але з часам абраў тое, што мне больш па душы, — распавядае мужчына. — Я не маю нічога супраць традыцыйных рэлігій, кожны ў наш час мае права выбіраць тое, што яму больш падабаецца. Я абраў веру продкаў, якія калісьці жылі тут да хрысціянскай эпохі.

Адраджэнне старажытнай веры для мяне гэта перш за ўсё шанаванне прыроды, імкненне не чыніць нікому і нічому шкоды, імкненне да жыцця ў гармоніі. Мая вера не нясе ніякага экстрэмісцкага і супрацьзаконнага характару, не зневажае і не абражае рэлігійныя пачуцці і веру іншых канфесій і цэркваў".

"Выбраў веру продкаў". Як гродзенец стаў паганцам
Першы ідал багіні Фрэі на свяцілішчы гродзенца
Веды аб новай веры мужчына папаўняе вывучэннем гісторыі, а таксама чытаннем старажытных скандынаўскіх саг і паданняў.

«У адраджэнні старых традыцый велізарную ролю мае навукова-гістарычны інтарэс. Так што чым больш чытаеш рознай старажытнай літаратуры, тым больш за ўсё даведаешся. У Беларусі, у тым ліку і Гродне, такіх язычнікаў, як я, няшмат. Ва ўсякім выпадку, я ведаю толькі некалькіх чалавек», — кажа Олаф.

Выпадковы чалавек свяцілішча не знойдзе

Для сябе мужчына ў 2016 годзе на ўскраіне Гродна стварыў свяцілішча. Час ад часу ён прыязджае туды каб пабыць сам насам з прыродай і пакланіцца багам.

"Выбраў веру продкаў". Як гродзенец стаў паганцам
Свяцілішча язычніка з новым ідалам багіні Фрэі
Каля 30 хвілін нам давялося ісці па лесе на ўскраіне горада, каб патрапіць на месца, дзе нас чакалі сябры Олафа. Недасведчаны чалавек сапраўды ў адзіночку гэтае месца не знойдзе. А выбрацца адтуль яшчэ больш складана. Наш язычнік спецыяльна выбіраў такое месца, каб туды акрамя яго ніхто не мог патрапіць.

«У гэтага месца вельмі добрая энергетыка. Мне тут добра, часам я бяру намёт і прыходжу сюды начаваць. Тут можна пра многае падумаць», — кажа мужчына.

Свяцілішча гэта невялікая палянка ў густым лесе, дзе стаяць драўляныя статуі і камяні з дзіўнымі надпісамі.

«Маё свяцілішча пабудавана ў гонар багіні кахання, вайны, урадлівасці і сямейнага ачага Інгві-Фрэі. Тут я і пакланяюся.
Святыня для мяне гэта месца яднання з прыродай, з вышэйшымі сіламі і з самім сабой. Месца, дзе ты адчуваеш сябе жывым і часткай жывога без нейкіх сацыяльных масак і патрэбаў. Час ад часу я прыводжу сюды сваіх родных і сяброў.

На свяцілішчы ўсё адбываецца ў выглядзе цінгу — сходу. Мы весялімся, дзелімся пазітыўнымі эмоцыямі, адпачываем, балюем. А на самім абрадзе мы славім Фрэю і іншых багоў. Дзякуем ім за тое, што было дазволена ажыццявіцца, славім прыроду і жыццё ў цэлым, дзякуем адзін аднаму, жадаем усім поспехаў і здароўя".

"Выбраў веру продкаў". Як гродзенец стаў паганцам
Святыня язычніка на «Ноч вогнішчаў Вальбург»

У Гродна варажскія карані

Сёння паўночная вера найбольш распаўсюджаная, як і шмат стагоддзяў таму, у Паўночнай Еўропе. У Ісландыі гэта адна з афіцыйных рэлігій, у Расіі таксама ёсць абшчыны — менавіта ў тых раёнах, дзе ў мінулым сяліліся варагі: Ладага, Ноўгарад і наваколлі сённяшняга Санкт-Пецярбурга.

Олаф лічыць, што людзі, якія ў старажытнасці прытрымліваліся паўночнай веры, жылі і на тэрыторыі сучаснай Гродзеншчыны.

«Апошнія знаходкі археолагаў кажуць пра тое, што на нашых землях з 9 па 15 стагоддзі жылі і сяліліся язычнікі, якія нярэдка хаваліся тут ад ганенняў з боку хрысціянскай царквы. Раскопкі гарадзішчаў і курганоў адкрылі велізарную колькасць прадметаў альбо відавочна скандынаўскага паходжання, альбо маючых варажскі след.

Не варта забываць што Нёман, хоць і ў меншай ступені, чым Дзвіна, меў не апошнюю ролю на шляху з «варагаў у грэкі». Нават Гродна, Гарадзен у старажытнасці, на мой погляд мае яўна варажскае паходжанне ад старажытнага скандынаўскага кораня «гарад» ці «герд» — абарона ці заслон, то бок форт ці фарпост на гандлёвым шляху", — растлумачыў мужчына.

Пасля пакланення багам — трэба баляваць

Калі сцямнела і на небе з’явіўся месяц, язычнік Олаф прыступіў да рытуалу — пакланіўся статуі багіні Фрэі, падняў келіх у яе гонар, вымавіў словы падзякі і запаліў вогнішчы Вальбарга. Пасля пакланення багіні ён запрасіў сяброў баляваць у яе гонар. Галоўным пачастункам ночы быў традыцыйны паўночны напой — медавуха ўласнага прыгатавання. Урачыстасці на свяцілішчы працягваліся да раніцы.

"Выбраў веру продкаў". Як гродзенец стаў паганцам