Адсутнасць ажыятажу, разгубленыя пасажыры з валізамі і адмены рэйсаў. Карэспандэнты Hrodna.life паглядзелі, што адбывалася на вакзале ў Беластоку за некалькі гадзін да закрыцця пункта пропуску «Баброўнікі». І як палітычныя праблемы сталі прычынай многіх бытавых.
У будні дзень да паўдня на вакзале няшмат людзей. У касы зрэдку збіраюцца чэргі. Побач на вуліцы не выходзячы з машыны чакаюць пасажыраў таксісты. Адзіночныя пасажыры стаяць на пероне. Жанчына есць булачку і п’е каву. Касірка ў абменніку пералічвае грошы. З 12: 00 10 лютага 2023 года адсюль перасталі хадзіць звыклыя гродзенцам аўтобусы і маршруткі. Польшча закрыла пункт пропуску «Баброўнікі» на беларуска-польскай мяжы «ў інтарэсах дзяржаўнай бяспекі».
Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon
Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.
На пероне № 5 каля 10.00 стаіць апошняя маршрутка «Беласток-Гродна», якая паспявае прайсці мяжу да закрыцця пункта пропуску. Пасадкі чакае каля 12 чалавек. Багажнік у маршрутцы забіты валізкамі і торбамі.
— Яшчэ паспяваеце да закрыцця пункта пропуску?
— Так! А вы хочаце паехаць? — адказвае, загружаючы чарговую сумку, кіроўца.
Што будзе пасля гэтага рэйса, кіроўца не ведае. Указанняў ад начальства не паступала. Па яго словах, начальнікі самі пакуль не ведаюць, як будуць дзейнічаць. Кіроўца прыспешвае пасажыраў: «Хутчэй, а то не паспеем».
«Я не будую ўжо ніякіх планаў»
Адзін з пасажыраў маршруткі - мужчына 35 гадоў з засмучаным выглядам. Ён дакурвае цыгарэту прама на пероне і ў гутарцы лае палітыкаў — і «ўсходніх», і «заходніх».
— А ў вас праблемы з-за закрыцця пункта пропуску?
— Так, праблемы.
Мужчына — кіроўца-міжнароднік. Працуе ў адным з невялікіх гарадоў Польшчы. Жыве на два гарады — у Гродне ў яго жонка і дзеці. Цяпер ён будзе бачыць іх радзей. Тое, што паездкі будуць абыходзіцца даражэй, мужчыну не палохае. «Грошай я зараблю», — кажа ён. Але перспектыва не бачыць сям’ю яго хвалюе. Змены сітуацыі мужчына не прагназуе.
«Я не ведаю, што будзе, я не будую ўжо ніякіх планаў, жыву адным днём. Я да апошняга дня ня верыў, што вайна ў Украіне пачнецца — а яна пачалася».
Адзін з гродзенцаў распавёў у сацсетках, што паспеў вярнуцца дадому з Беластока літаральна за тры гадзіны да закрыцця мяжы. Ажыятажу ў «Баброўніках» ён не заўважыў. «Не было [чэргаў], восем машын і толькі адна маршрутка», — распавёў ён. У выніку дабраўся з Беластока ў Гродна ўсяго за тры гадзіны. Закрыццё мяжы пакуль што ў яго планы не зменіць многае: «Пару разоў на год ездзіў. Буду менш. Час пакажа».
Рэйсы праз Друскінінкай ўжо ёсць
Апошнім рэйсам да закрыцця мяжы была маршрутка на 10.50. На яе былі яшчэ вольныя месцы, сказалі ў касе Беластоцкага аўтавакзала. Але маршрутка проста не прыйшла, таму што ўсё роўна ўжо не паспела б перасекчы мяжу. Польскія памежнікі перакрылі пад’езд да пераходу «Баброўнікі» за гадзіну да закрыцця мяжы — каля 11.00. Частка машын з чаргі засталася адрэзанай ад мяжы.
Цяпер дакладна вядома толькі пра рэйсы фірмы Gaja Express (партнёр з беларускага боку — «Трансагентсва фаварыт») на 18.25 — ён паедзе праз Друскінінкай, распавялі ў касе вакзала. Больш інфармацыі ад перавозчыкаў не было. Аб іншых рэйсах трэба будзе пытацца ў наступныя дні.
«Усё пайшло не па плане»
Гродзенка Галіна (імя зменена) збіралася ў бліжэйшы час прыехаць у адпачынак да дзяцей, якія жывуць у розных краінах Еўрасаюза. Даведаўшыся пра закрыццё пункта пропуску, дзеці параілі ўзяць ёй білет на бліжэйшы аўтобус раніцай 10 лютага. Маўляў, невядома, як яна потым наогул з Беларусі выедзе. У аўтобусе яна правяла 9 гадзін.
Маршруткі з Гродна ў Беласток прыходзілі 10 лютага са спазненнем у тры-чатыры гадзіны. Аб ім перавозчыкі папярэджваюць даўно. Але гэта не рэкорд: у лістападзе аўтобус з Гродна ў Беласток спазніўся на 11 гадзін. Тады польскі бок без тлумачэння прычын знізіў хуткасць афармлення. Тое ж было і 10 лютага: большую частку шляху склала менавіта чаканне на польскай мяжы.
Аляксандра (імя зменена) вучыцца ў адным з гарадоў Польшчы. Выязджаць 10 лютага яна не планавала. «Усё пайшло не па плане», — сказала дзяўчына. Яна занепакоілася, што і іншыя пункты пропуску закрыюць, таму тэрмінова выехала, каб не прапусціць вучобу. Але ў Беларусь дзяўчыне «хацелася б вяртацца».
«А куды вы дзенеце ўсю беларускую мытню?»
Беларус Васіль (імя змененае) падышоў да кас аўтавакзала ў Беластоку і спытаў, як яму трапіць у Беларусь. Ён не стаў удакладняць, у якой горад едзе яго аўтобус. «Мінск — Мінск, Брэст — Брэст, усе роўна, куды», — згодны мужчына. Яму падабралі аўтобус, які ішоў праз гадзіну. За паўгадзіны яму трэба было ўдакладніць, ці адбудзецца рэйс.
Васіль — жыхар беларускага райцэнтра, кіроўца-міжнароднік. Апошнім часам ён працуе на польскую фірму, якой зручней было працаваць з «Бабрамі» (пунктам пропуску «Баброўнікі»). У «нармальныя» часы, якія, на яго думку, скончыліся з пачаткам вайны ў 2014 годзе, мяжу на фуры можна было прайсці за суткі. У снежні 2022 года гэта займала сем-восем дзён, а чарга расцягвалася на 25 км. Нядаўна пачалі будаваць другую стаянку для электроннай чаргі пункта пропуску «Бераставіца».
Цяпер жа, прагназуе Васіль, чэргі яшчэ павялічацца. «Трэба размеркаваць: хто на Літву, хто на Брэст. Вырасце на адлегласць 400 кіламетраў. Цяжка будзе людзям. <…> Не бачу святла вакол. У канцы тунэля». Васіль сочыць за навінамі і чытаў пра прысуд Анджэю Пачобуту. З ім ён і звязвае закрыццё мяжы. «Там жа чалавек ні за што сядзіць», — абураецца мужчына.
Васіль прывык да сваёй прафесіі - да таго, што ў яго няма дома. З-за працы ў яго разбурылася два шлюбы. Ёсць трое дзяцей, якім патрэбныя аліменты. Праз санкцыі і сітуацыю ў краіне ў яго былі і застаюцца складанасці з працай. «Санкцыі лёгка ўвесці, цяжка здымаць», — адзначае мужчына.
Васіль задаецца пытаннем, што будзе з супрацоўнікамі пункта пропуску «Бераставіца». «Куды вы дзенеце ўсю беларускую мытню? Там жа людзей было мама не гаруй. Шмат маладых супрацоўніц, яны мяняліся, а цяпер іх куды пасадзяць? Узмоцняць Брэст? А калі ў кагосьці выхадных тыдзень, а хтосьці працуе, прыйдзецца дзяліцца заробкам».
«Палякам пляваць»
Трое мужчын, выйшаўшы ў Беластоку з маршруткі, абмяркоўвалі, як вярнуцца назад у Беларусь. Яны тэлефанавалі ў сэрвісы, праз якія купілі зваротныя квіткі — ім паведамлялі, што рэйсы несапраўдныя. Але «бронь» у дадатку была. «Няхай мяняюць маршруткі. < … > Няхай выбівае маршрут праз Брэст», — прапаноўвалі яны свае варыянты перавозчыкам.
— Паедзем, бл*ць, у Варшаву, а адтуль ужо праз Брэст, — вырашылі мужчыны.
— Як-як, дрэнна ўплывае, — адказвае мужчына на пытанне, як на яго жыццё паўплывала закрыццё мяжы.
Цяпер яму давядзецца рабіць кола, каб убачыць сям’ю. Ён стараўся бачыць яе раз на два-тры месяцы. Мужчына таксама працуе кіроўцам. На заўвагу, што ён ужо трэці кіроўца, з якім мы камунікуем, мужчына адказвае: «А іншых вы тут не знойдзеце. У Варшаву едуць будаўнікі, а тут — кіроўцы».
На думку кіроўцы, рашэнне зачыніць пункт пропуску — палітычнае. Праз тое, што палітвязня журналіста Анджэя Пачобута асудзілі на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Кіроўца лічыць, што ні адзін бок не пойдзе на кампраміс: ні беларускія ўлады журналіста не выпусцяць, ні палякі не пойдуць насустрач. Маўляў, «Кузніца"-та з 2021 года зачынена.
Рух на аўтамабільным памежным пераходзе ў Кузніцы прыпынены з 9 лістапада. Гэта рашэнне было звязана з адсутнасцю рэакцыі беларускіх уладаў на просьбы польскага боку аб прадухіленні незаконнага перасячэння мяжы. Тады была падобная сітуацыя: перавозчыкі не ведалі, як ім быць, а чэргі ў іншых пунктах пропуску выраслі.
Пасля закрыцця «Кузніцы» чэргі з фур у «Баброўніках» цягнуліся літаральна да прыгарадаў Беластока. Цяпер яны вырастуць яшчэ больш. «Палякам пляваць. На ўсю краіну адзін пагранпераход!» — лічыць мужчына. Гэта прывядзе да падаражання паслуг і тавараў, але, мабыць, лічыць кіроўца, у Еўропе да гэтага гатовыя. Закрыццё адбылося нечакана для ўсіх, заўважае ён. «Наколькі я чытаю навіны, палякі таксама ў шоку», — сказаў кіроўца.
«Калі скажуць, паеду хоць праз Зімбабвэ»
Маршруткі адной з гродзенскіх фірмаў, якая раней прапаноўвала па 10 рэйсаў на дзень, цяпер стаяць на паркоўцы паміж вакзалам і крамай Kaufland і чакаюць інфармацыі ад дырэктара. Ён сёння сам прыехаў у Беласток, каб вырашыць пытанні далейшай працы фірмы.
«Калі скажуць, паеду хоць праз Зімбабвэ», — адказвае адзін з іх на пытанне, што думае аб магчымых новых маршрутах праз Брэст ці Друскінінкай. Які маршрут у выніку абяруць і як зменіцца іх праца, кіроўцы пакуль не ведаюць.
У прыгранічных чатах — абурэнне
На 15.30 10 лютага чарга ў «Тэрэспалі» (з беларускага боку «Брэст») склала каля 100 аўтамабіляў, у «Райгардас» (з беларускага боку «Прывалка») — каля 10 (на Tax Free каля 35), «Шальчынінкай» (з беларускага боку «Беняконі») — каля 10, паведамляе Telegram-чат «ГраницаBY».
«Перекупы, перекиды и перегоны всех цветов, пород и мастей объявляют решительный протест польским властям по поводу закрытия ПП Берестовица-Бобровники!Любимый ПП не отдадим!!! Где еще мы сможем потолкаться и попропускать своих в колейках? Это наш погранпереход! Откройте петицию!!!» — прапануе карыстальнік чата.
Пасажырскія аўтобусы праз памежны пераход у Брэсце 10 лютага прапускаюць па асобнай паласе. «Але на самым мосце праз Буг ўсяго адна паласа ў кожны бок. Бывае, стаяць на мосце ўсё», — падзяліўся адзін з карыстальнікаў чата «Граница BY». Такім жа вузкім месцам быў і мост праз Свіслач ва ўжо закрытых «Баброўніках».
Уначы з 9 на 10 лютага праходжанне мяжы на аўтобусе праз мяжу ў Брэсце заняло чатыры гадзіны.
«Прывалка» ўжо адчула больш нагрузкі
Некаторыя суразмоўцы Hrodna.life, прыехаўшы ў Беласток, вырашылі вяртацца праз літоўскі пункт пропуску «Прывалка». Чэргі ў гэтым пункце выраслі яшчэ напярэдадні закрыцця.
Сяргей (імя зменена) вяртаўся ў Гродна з паездкі ў Літву 9 лютага. Прыехаў на мяжу каля 18.00. Паводле яго слоў, апошні месяц-паўтара на пункце пропуску Райгардас-Прывалка чэргаў для легкавых аўтамабіляў практычна не было: «Праходзіў і нашых, і літоўцаў менш чым за гадзіну ў цэлым». На гэты раз сітуацыя змянілася кардынальна. На мяжы з літоўскага боку выстраілася чарга, у якой давялося прастаяць больш за шэсць гадзін.
Некаторыя вадзіцелі ў «калейцы» казалі, што прыехалі на Прывалку з Польшчы, так як пачулі аб хуткім закрыцці «Бераставіцы» і вырашылі перастрахавацца.
Пасля літоўскага кантролю на праходжанне праверкі з беларускага боку сышло яшчэ некалькі гадзін. «У выніку да Гродна прыбыў каля чатырох гадзін раніцы. Калі далей так будзе, то асабліва за мяжу не наездзішся».
Чытайце таксама:
- «Баброўнікі» закрываюцца: у чым прычына, як цяпер патрапіць у Польшчу і што будуць рабіць перавозчыкі?
- Польшча закрывае памежны пункт Баброўнікі з 10 лютага на невядомы час
Гэты матэрыял падрыхтаваны дзякуючы вашай падтрымцы на Patreon
Hrodna.life працуе для вас. Калі вам падабаецца наша выданне, калі ласка, падтрымайце нас, стаўшы падпісчыкамі на Patreon. Гэта дазволіць нам рыхтаваць яшчэ больш цікавых аўтарскіх матэрыялаў.