Усе пасажырскія рэйсы з Гродна ў Польшчу адмянілі пасля закрыцця пункта пропуску ў Кузніцы. Перавозчыкі пакуль не ведаюць, як будуць працаваць далей, паколькі «сітуацыя ад іх не залежыць». Грузы, якія хутка псуюцца, павязуць праз іншыя прапускныя пункты. Колькасць грузавікоў у чарзе ў Бераставіцы-Баброўніках за ноч вырасла з 20 да 100.

Што адбылося?

З 7 раніцы 9 лістапада польскія памежнікі прыпынілі афармленне транспарту ў Кузніцы. Падарожнікам раяць ехаць на памежныя пераходы ў Цярэспалі (з беларускага боку — Брэст) і Баброўніках (з беларускага боку — Бераставіца).

Прычына — тысячы мігрантаў, якія спрабуюць прарвацца праз беларуска-польскую мяжу паблізу гэтага пункта пропуску. Польскія памежнікі сцвярджаюць, што папярэджвалі беларускі бок, што ў выпадку бяздзейнасці беларусаў мяжа будзе закрытая.

Грузаперавозкі

Прадукты, якія хутка псуюцца, будуць перавозіць праз бліжэйшы прапускны пункт у Бераставіцы-Баброўніках, паведаміла крыніца Hrodna.life сярод дальнабойшчыкаў. «Хуткапорт перакідваюць на Бабры», — напісалі яны Hrodna.life.

Па стане на раніцу 9 лістапада колькасць грузавых транспартных сродкаў у чарзе ў Бераставіцы-Баброўніках за ноч вырасла з 20 да 110. У Брузгах на 10.00 выезд чакаюць 87 фур пры піку ў 2.00 у 145.

Некаторыя дальнабойшчыкі даведаліся аб закрыцці пераходу, толькі прыехаўшы ў Брузгі. Адзін з іх спрабуе звязацца з дырэкцыяй фірмы прама на мяжы.

Пасажырскія перавозкі

Гродзенская кампанія «Интакс» штодня адпраўляла шэсць пасажырскіх рэйсаў у Беласток і назад. На бліжэйшыя дні ўсе аўтобусы адмянілі. Фірма вяртае пасажырам грошы за паездку, якая не адбылася.

 — Мяжа зачыненая — як мы можам ехаць, — растлумачылі Hrodna.life у даведачнай службе ТАА «Интакс». — Дазвол [на пасажыраперавозкі] у нас праз «Брузгі». Праз іншыя пункты ніхто не пусціць. Адмянілі рэйсы на сёння (9 лістапада), на заўтра (10 лістапада) і на чацвер (11 лістапада). Будзем чакаць або дазволу, або, можа быць, усё-ткі мяжу адкрыюць.

Трансагенцтва «Фаварыт» адпраўляла па некалькі рэйсаў у Кузніцу, Сакулку, Беласток і Варшаву кожны дзень. На 9 лістапада ўсе рэйсы скасавалі, распавялі ў агенцтве Hrodna.life. «У нас яшчэ нічога не вырашана. На дадзены момант мяжа зачынена, рэйсы на сёння адменены. Што будзе далей, я не ведаю — вельмі многае залежыць не ад нас».

«Не ведаю, што вам сказаць, заняты трошкі», — адказалі Hrodna.life на пытанне аб працы ў сувязі з закрыццём мяжы ў турфірме «КласТур». Фірма ажыццяўляла рэйсы ў Кузніцу, Сакулку і Беласток. Верагодна, іх таксама адмянілі.

На аўтавакзале Гродна ў сувязі з сітуацыяй у Кузніцы ўсе рэйсы на Польшчу адменены, распавялі Hrodna.life ў даведачнай. Пусціць транспарт праз іншыя пункты пропуску на дадзены момант няма магчымасці. Колькі рэйсаў прыйшлося адмяніць, у даведачнай не ўдакладнілі. Згодна з раскладам, у Беласток з аўтавакзала ў Гродне ёсць каля 30 варыянтаў маршруту, але аўтобусы курсіруюць не кожны дзень. У лік маршрутаў уваходзяць і ўласна рэйсы на Беласток, дзе ён з’яўляецца канчатковым пунктам, і якія далей ідуць на Гданьск і Варшаву.

Пасажыры і аўтамабілісты

Супрацоўнік будаўнічай фірмы гродзенец Яўген другі год працуе ў Беластоку і на момант закрыцця Кузніцы знаходзіўся ў адпачынку дома. Начальнік дазволіў яму пачакаць дома адкрыцця прапускнога пункта. Працадаўца вырашыў, што перасякаць мяжу цяпер небяспечна.

«Я прыехаў дадому тыдзень таму, каб пабыць з жонкай і дзіцем, сам працую ў Беластоку, у будаўнічай кампаніі. Пасля сённяшніх навін не ведаю, як вярнуцца на працу, адпачынак мой скончыўся, ехаць хацеў заўтра-паслязаўтра, мабыць, прыйдзецца сказаць фірме, што затрымаюся дома. Невядома, як надоўга», — распавёў Яўген Hrodna.life.

Рэдакцыя Hrodna.life просіць расказаць, як змяніліся вашы планы, калі вы планавалі ехаць у бліжэйшы час у Кузніцу. Звязацца з намі можна праз нашы сацсеткі, ананімна — праз чат-бот у Telegram @HLnews1bot.

Чытайце таксама: Калона мігрантаў прайшла ўздоўж трасы да мяжы з Польшчай. Іх суправаджалі людзі ў форме і са зброяй