Абмеркаваць з гродзенцамі забудову гістарычнага цэнтра прапанавала група архітэктараў Гродна. «Мы хочам сабраць меркаванні гараджан аб тым, што для іх каштоўна ў горадзе, даведацца іх стаўленне да помнікаў архітэктуры», — казаў на сустрэчу 6 лютага архітэктар Аляксандр Штен. Дарэчы, прадстаўнікоў адміністрацыі горада ці упраўлення архітэктуры на сустрэчы заўважана не было.
Галоўны помнік горада — гэта сам горад
Архітэктары лічаць, што лепш мясцовых ніхто не вызначыць каштоўнасць горада. Пакуль жа гэта вырашаюць у высокіх кабінетах тыя, хто «можа ў Гродне і не быў ніколі», кажа Штэн.
«Хто і па якіх прыкметах вызначыў, што гэта помнік архітэктуры, а гэта — не помнік? Камісія, Мінкульт? А хто гэтыя людзі? Чаму яны ведаюць, што гэта каштоўна, а гэта — не? Галоўны помнік у нашым горадзе — гэта сам горад. Людзі хочуць яго захаваць. Каб іх пачуць, патрэбны такі адкрыты дыялог».
Чытай больш: Гродна, якім ён можа (не) стаць. Архітэктар Аляксандр Штэн пра гарадскую прастору
Адзінай пазіцыі пра каштоўнасць аб’екта ці нейкі яго часткі можа не быць нават у групе прафесіяналаў, адзначае Штен. У адной сітуацыі важна захаваць «дух забудовы» — паверхавасць, аб’ёмы і сілуэты дахаў. У іншай важней паўтарыць «склад тынкоўкі» — захаваць дакладнасць у дробязях. Гэтыя параметры могуць быць рознымі для розных аб’ектаў.
Інвестары хочуць, каб гістарычная забудова прыносіла даход
Заказчык, падрадчык і архітэктар-навуковы кіраўнік разам павінны забяспечыць захаванасць гістарычных пабудоў пры рэканструкцыі або іх дакладнасць пры аднаўленні. На справе патрабаванні да аб’екта ў іх могуць быць вельмі рознымі, распавядае архітэктар Аляксандр Захарчук.
«Прыватныя інвестары лічаць, што помнік павінен прыносіць прыбытак. То кафэ там прадугледзяць, то гасцініцу. Або выкупляюць [пад забудову] плошчы ў цэнтры горада. Гістарычны цэнтр знішчаецца, сыходзіць. Набалелая тэма для Гродна — гатэль Сямашка. Там квартал цалкам знішчаны. Гэта непаўторная страта для горада».
Чытай больш: «Аб'ект будзе вельмі вясёленькі». Сямашка адкрыў у цэнтры Гродна свой палац
«Турысты адразу бачаць нашы памылкі»
На думку Захарчука, цяпер важна ўсім разам «тлумачыць ўлады» каштоўнасць гістарычнага цэнтра горада. Тым больш што гістарычны цэнтр Гродна адзіны з абласных гарадоў мае першую катэгорыю каштоўнасці.
«Цяпер кажуць: безвіз, прыцягненне турыстаў … Але турысты адразу бачаць нашы памылкі. Навадзел пераважае і гэта заўважна».
Чытай больш: «Валідол, майткі і шакалад». Што безвізавыя турысты вывозяць з Гродна?
Надзея, па словах Захарчука, на «больш цывілізаваных заказчыкаў» і на «спецыялізаваных падрадчыкаў».
Пакуль жа даводзіцца мірыцца з тым, што працы вядуць арганізацыі, якія будуюць жылыя дамы або вытворчыя будынка па тыпавых праектах.
«Рада, нават калі крытыкуюць. Значыць, людзі ў нас не абыякавыя»
Архітэктарка Алена Шчасная вядзе навуковае кіраўніцтва многімі аб’ектамі рэстаўрацыі. Сярод самых паспяховых — Каложская царква. Гэты праект атрымаў у 2019 годзе дыплом першай ступені і залаты медаль Саюза архітэктараў. Алена расказала таксама пра рэканструкцыю драўлянага лямуса і дома лесніка.
Чытай больш: Для экскурсій адкрылі лямус у Гродне — самы стары драўляны будынак Беларусі
Над праектам аднаўлення лямус працавалі польскія адмыслоўцы са спецыялізацыяй ў рэканструкцыі драўляных пабудоў. Пашанцавала і з беларускімі выканаўцамі работ. Ўдалося знайсці будаўнікоў, якія яшчэ памятаюць, як карыстацца «простымі сталярнымі інструментамі, ня бензапілой працавалі».
Перабудаваць нельга захаваць. Коску ставіць той, хто плаціць
Многае ўдасца аднавіць і на Доме лесніка. Заказчык, лясгас, шмат у чым ідзе насустрач.
«Будынак быў адселены і стаяў [некалькі гадоў] без эксплуатацыі. Усе ніжнія часткі прыйшлі ў непрыдатнасць з-за вільгаці ад зямлі. Працякаў дах, таму пацярпела і верхняя частка будынка. Стан перадаварыйнай. На такіх аб’ектах шмат нестыковак [з праектам], пастаянна патрэбныя ўдакладненні. Але любая змена — гэта павелічэнне выдаткаў. А на рубель перавысіш каштарыс — і патрабуецца новая экспертыза».
Чытай больш: Музей леса, кавярня і гатэль з’явяцца ў будынку 18 стагоддзя ў цэнтры Гродна
На Доме лесніка ўдалося часткова захаваць фахверк (драўляны ўнутраны каркас) і аднавіць вонкавы цагляны мур. «Але ў выніку, што б ты не зрабіў, больш захаваў або менш, усё роўна застанешся вінаватым. Будуць казаць, што гэта ты не захавала. Заўсёды будуць і тыя, каму падабаецца, і тыя, каму не падабаецца».
Шчасная адзначае, што «ў Гродне людзі вельмі аб’яднаны», ды радуецца неабыякавасці гараджан. «Чым грамадскасць больш уважліва, тым лепш для горада. Мы нават водгукі ў сацсетках стараемся ўлічваць «.
Археолаг на рэстаўрацыі - чалавек паднявольны
Гісторык Ігар Трусаў заўважыў, што выступаюць у абарону Гродна часцей за ўсё гісторыкі і краязнаўцы. А вось галасы архітэктараў і археолагаў амаль не чуваць. На яго думку, гэта з-за таго, што «архітэктар у праекце рэстаўрацыі чалавек паднявольны. І археолаг таксама. Яны працуюць па заданнях [будаўнікоў] - вось тут паглядзіце і тут».
У архітэктараў, на думку Трусава, зусім іншая логіка і аб іх бачанні пытання неазнаёмленым вядома мала.
Чаму маўчаць архітэктары
Часцей за ўсё на сустрэчы пыталіся — чаму ж архітэктары маўчаць? Прапаноўвалі ім весці калонкі ў мясцовай прэсе ці хаця б пісаць аб праблемах у сацсетках. «Расказвайце, мы вас пачуем», — казалі гараджане.
Чытай больш: Блогер прапануе «аднавіць» страчаныя кварталы Гродна з дапамогай дрэваў
Прыбраць з цэнтра, на думку гараджан, трэба транспарт, бляшаны глобус і бессэнсоўны сонечны гадзіннік. А некаторыя і ўвогуле раілі «прыбраць з цэнтра горада архітэктараў».
«Усе хочуць забіць архітэктара, — сумна пажартавала архитекторка Алена Капытка пасля бурнай дыскусіі, якой скончылася сустрэча. — Амаль, як перамагчы дракона … "