Вольга збіраецца працаваць у Варшаве ў грамадскім харчаванні, Генадзь — на фуры, а Ганна хоча забраць з сабой у Польшчу дачку, у якой інваліднасць. Ва ўсіх агульная праблема — немагчымасць запісацца на польскую візу. Дапамагчы ім мог запіс па жывой чарзе, але яго ў візавым цэнтры ў Гродне адмянілі.
UPD 10 траўня. Візавы цэнтр Гродна не адказаў на ліст Hrodna.life, які мы адправілі тыдзень таму. На сваім сайце яны абяцаюць адказаць на працягу двух працоўных дзён.
Да 15.00 29 красавіка каля візавага цэнтра на вул. Горкага сабраліся каля 10 чалавек. За два дні да гэтага тут прынялі ўсіх жадаючых — 300−400 чалавек — па жывой чарзе, без анлайн-рэгістрацыі. А на наступны дзень гэтую працэдуру спынілі. Атрыманне даты для падачы дакументаў на візу абрасло чуткамі аб дачы хабараў і апавяданнямі пра канфлікты з супрацоўнікамі візавага цэнтра. Карэспандэнтка Hrodna.life прастаяла два гадзіны ў чарзе і даведалася, пра што казалі людзі.
Гродзенка Вольга (імя зменена па просьбе гераіні — Hrodna.life) спрабуе атрымаць візу, каб з’ехаць у Варшаву і працаваць у грамадскім харчаванні. Чаму хоча пакінуць краіну, яна гаварыць не захацела. Тыдзень яна хадзіла ў візавы цэнтр разам з сябрам, якому ўдалося «злавіць» дату на падачу дакументаў. 29 красавіка яна прыйшла пад візавы цэнтр даведацца сітуацыю і падаць свае дакументы.
Па назіраннях Вольгі, людзі прыходзілі атрымаць працоўныя візы альбо па Карце паляка. «У асноўным, усе з працоўнымі запрашэннямі, усе на працу. Тыя, хто плацілі [прыватным пасярэднікам — Hrodna.life] 400 рублёў за рэгістрацыю, два-тры месяцы іх не могуць зарэгістраваць з сакавіка. І яны, пачуўшы пра жывую чаргу, прыйшлі».
З запрашэннем на працу ў візавы цэнтр прыехаў з вёскі каля Шчучына дальнабойшчык Генадзь. 20 траўня ён павінен быць у Польшчы, каб падаць дакумэнты на «карту побыту» (від на жыхарства). Ён турбуецца аб тым, што можа страціць працу.
«Гэта нейкі замкнёнае кола. Я абтэлефанаваў консулаў. Усё — толькі сюды, бл*. Гэта не тое, што камусьці не тэрмінова. Гэта рэальна: стаіць машына тут, і ехаць, вось магу паказаць — учора ўвечары даслалі з Польшчы, адкочваць пальцы. Я проста ўжо адзін раз заплаціў € 700 і быў у Маскве. Мне трэба быць у Варшаве. А цяпер я зноў без візы, я не магу патрапіць туды. А цяпер сітуацыя такая, што могуць адкінуць хрэн ведае калі, таму украінцаў наехала — во! Мне галоўнае, што я € 700 заплаціў і зноў не зраблю карту побыту. Проста, ну тупа ў гэтую сцяну галавой стукайся і без гэтага самога… Сёння гэтае пытанне ніяк не вырашаецца. …> Ёсць рабочыя, ёсць дакументы, тэхпашпарты машыны, груз, які я перавозіў. Усім пофіг. Абтэлефанаваў і Мінск, і Гродна. Усе — на сайт і на сайт [візавага цэнтра ці консульства для анлайн-рэгістрацыі - Hrodna.life]», — эмацыйна распавёў аб сваёй праблеме Генадзь.
І консульства, і візавы цэнтр адпраўляе рэгістравацца на візавы сайт. Зарэгістравацца на ім нерэальна, лічыць Вольга. «Яны абнавілі сайт, я гадзіну пратырчала, каб зайсці, ўвесці лагін і пароль, потым гадзіну пратырчала, каб выбраць дату, знайшла Баранавічы, дзе былі свабодныя месцы, пачала запісвацца. Пакуль уводзіла свае дадзеныя — месца прапала», — распавяла Вольга.
Раней запісацца на падачу дакументаў у візавы цэнтр можна было на сайце цэнтра альбо па тэлефоне. Але з чэрвеня 2020 года засталася толькі магчымасць анлайн-запісу. Свабодныя даты з’яўляюцца ў сістэме па серадах, але іх не хапае — жадаючых атрымаць візу нашмат больш.
У візавых цэнтрах у Гродне і Лідзе можна падаць заяву на нацыянальную польскую візу тыпу D па мэтах: праца, карта паляка, для навучэнцаў і студэнтаў. На гуманітарную візу або візу па праграме «Poland. Business Harbour» візавы цэнтр заяў не прымае: іх трэба падаваць наўпрост у Генеральнае консульства Польшчы ў Гродне. Многія спрабуюць «злавіць» даты ў візавых цэнтрах іншых гарадоў: Барановіч, Пінска, Брэста і г. д.
Візавыя цэнтры прымалі дакументы па жывой чарзе, калі бліжэй да канца працоўнага дня ў іх заставаліся вольныя месцы.
Пра тое, што злавіць дату немагчыма, распавяла і іншая гродзенка ў лісце на адрас рэдакцыі Hrodna.life. Верагодна, гродзенка Ганна пераблытала наш email з электроннай поштай польскага консульства. «Я еду ў Польшчу па працы, у мяне ёсць дачка з інваліднасцю, і я вельмі хачу, каб яна не заставалася дома адна і паехала са мной. Але тэрмін дзеяння візы скончыўся. У яе ёсць Карта паляка. Мы не можам, на жаль, злавіць дату праз інтэрнэт. І мы стаім трэці дзень у чарзе перад консульствам», — напісала дзяўчына.
У панядзелак, 25 красавіка, Вольга прыехала да пяці гадзін вечара да візавага цэнтра. Тады тут жадаючыя падацца на візу складалі ўласныя спісы на аўторак і сераду. У аўторак прапусцілі шэсць чалавек з 35. «Астатнія пайшлі на сераду ў першую чаргу. І спісы ссунуліся», — распавяла Вольга. 26 красавіка гродзенцам давалі «даты» на 17 траўня.
«Ты прыязджаеш да трох гадзін. Калі не праходзіш, то застаешся альбо тут, альбо з’яжджаеш. І дзесьці да пяці гадзін на пераклічку прыязджаеш. Пацвярджаеш, што ты стаіш у чарзе дагэтуль, што ты чакаеш — з’яжджаеш. „Дзяжурныя“ застаюцца, таму што людзі прыходзяць, людзі запісваюцца», — распавяла аб парадку дзяўчына.
У сераду 27 красавіка спіс ішоў ад 145-га да 312-га чалавека. У той дзень усім жадаючым далі «даты». Па чутках, іх атрымалі нават выпадковыя мінакі, якія даведваліся аб гэтай магчымасці. 28 красавіка ж працэдуру прыпынілі. Па словах Вольгі, прапусцілі толькі трох іншагародніх жадаючых. Тое ж казала і іншая крыніца Hrodna.life. 29 красавіка «мазырскія» стаялі ў візавым цэнтры і чакалі рашэння аб іх візах. Ці атрымалі яны «даты», невядома. Практыка падачы дакументаў на візу па жывой чарзе практыкавалася толькі ў Гродне. Таму сюды ехалі людзі з розных гарадоў. Галоўнай умовай візавага цэнтра было, каб менавіта ў іх заказвалі запаўненне анкеты, SMS-апавяшчэнне, кур’ерскую дастаўку, фатаграфіі і страхоўку.
www.tiktok.com/@podushkovv/video/7 091 257 326 333 611 008?is_from_webapp=1&sender_device=pc&web_id=7 088 376 140 956 600 320Для захавання правільнай чарговасці тры-чатыры чалавекі дзяжурылі ўначы, змяняючыся раз у дзве гадзіны. «Каб спісы не падтасоўвалі, кожны адзін за адным сочыць, ніхто нікому не давярае». Гэтыя спісы шчучынец Генадзь выкінуў 29 красавіка.
Тым не менш, сваркі ўсё роўна ўзнікалі. Пра іх распавялі некалькі суразмоўцаў.
«У сераду як выйшлі, сказалі, што 20 чалавек запускаюць, тут проста… Людзі пачыналі па два-тры чалавекі ў дзверы ламіцца. Адна наогул праскочыла без чаргі. Я потым не бачыла, каб яна выходзіла, але тут натоўп наогул араў», — распавяла Вольга.
«Людзі прыходзяць з раніцы, сыходзяць, камусьці надакучае, потым зноў прыходзяць, лаюцца, хто за кім быў», — распавяла сведка з установы, якая знаходзіцца па суседстве з візавым цэнтрам.
«Учора [28 красавіка — Hrodna.life] прыехалі, з раніцы выйшла дзяўчына, сказала спісы ўсё выкінуць, па „жывой“ нікога прымаць не будуць. І на тры тыдні яны ўсё гэта застапарылі. Сказалі, што адновяць, але гэта яшчэ ніхто не ведае», — распавяла Вольга.
Па версіі Вольгі, працэдуру спынілі, таму што некалькі чалавек паскардзіліся, што супрацоўнікі візавага цэнтра запускалі людзей па-за чаргой за грошы. Сама яна была сведкай выпадку, калі 27 красавіка дзяўчына з чатырма пашпартамі «праляцела» па-за чаргой.
«Не даказана, не злоўлены. Пачалі людзі скардзіцца, гарлапаніць, «візавы» раз’юшыўся. Сказаў: «Значыць, мы ўсе адмяняем. < … > Ведаючы нашых людзей, яны проста тут пагарлапанілі, зладзілі які-небудзь разнос. А візавым аператарам гэта не спадабалася».
Пра нібыта хабар у € 100, пасля якой дата для чалавека на наступны дзень знайшлася, распавёў і іншы жадаючы атрымаць візу 29 красавіка, які стаіць у чарзе.
Прычына адмены «жывой чаргі» — вялікі попыт, паведамілі чытачу Hrodna.life, які спрабаваў падаць дакументы на візу такім спосабам 28 красавіка. Па іншай версіі, гэта канфлікты людзей з візавым цэнтрам. «Людзям тлумачылі: не стойце цэлы дзень, а прыходзьце да трох, а яны цэлы дзень стаялі і супрацоўнікі візавага цэнтра паведамілі, што вырашылі наогул нікога не пускаць».
Даведацца, што ў візавым цэнтры думаюць пра гэтыя абвінавачванні, Hrodna.life не ўдалося. Па нумары, пазначанаму на сайце, прапанавалі задаць пытанні галоўнаму мэнэджару гродзенскага цэнтра. У цэнтры паведамілі, што не ўпаўнаважаныя даваць каментар і папрасілі адправіць ліст на іх пошту. Hrodna.life напісаў ліст і апублікуе адказ, як толькі атрымае.
Ніхто з прысутных 29 красавіка не змог падаць дакументы ў цэнтр. Ім параілі прыходзіць праз два тыдні. Даведаўшыся, што сярод іх — карэспандэнт Hrodna.life, гродзенцы замоўклі і пачалі разыходзіцца па кутах. Па словах адной з жадаючых атрымаць візу, тэкст ім зробіць «толькі горш». Якім чынам, дзяўчына не патлумачыла. Паміж сабой людзі дамаўляліся аб тым, што трэба тэлефанаваць у цэнтральны офіс і прасіць спрасціць сістэму падачы. Хтосьці распавядаў паспяховыя гісторыі атрымання даты: маўляў, трэба размаўляць з мэнэджарам сам-насам. Інакш, калі хтосьці даведаецца, што дзесятку людзей выдалі даты, ля візавага цэнтра зноў будзе натоўп.
«Праз два тыдні тут будзе да Падкрыжакаў [мікрараён у Гродне, адлегласць ад Горкага да Падкрыжакаў - каля чатырох км — Hrodna.life] чарга», — абмяркоўвалі людзі.
Некаторыя ўсё ж збіраліся прыйсці пасля чатырох выходных — у сераду 4 траўня. Яны лічаць, што ў гэты дзень даты будуць «выкідваць» і чакаюць вялікую чаргу.
«У сераду тут будзе п*здец», — упэўненая гродзенка.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…