Фота пашпарта і бюлетэня з адзнакай адправіць на пошту кандыдата, за якога прагаласавалі. Знізіць на 30% колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова. Зацікаўленым людзям увайсці ў склад выбарчых камісій і пракантраляваць падлік галасоў. Прэтэндэнт у прэзідэнты Віктар Бабарыка на сустрэчы ў Гродне расказаў, як збіраецца перамагчы на ​​выбарах-2020.

Сустрэча прайшла на рынку «Карона» 6 чэрвеня. Каманда Бабарыкі надала ўвагу прафілактыцы заражэння каранавірусам. Сам прэтэндэнт у прэзідэнты выступаў без маскі, але ў пальчатках і захоўваючы бяспечную дыстанцыю, акрэсленую лініямі. На ўваходзе можна было ўзяць маску і апрацаваць рукі антысептыкам. Задаючы пытанні, людзі не бралі ў рукі мікрафон. Яго трымаў мадэратар сустрэчы журналіст Алесь Залеўскі.

Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка

  • 56 год;
  • Старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» у 2000−2020 гг. 12 траўня 2020 года выйшаў са складу праўлення і звольніўся з пасады старшыні праўлення па ўласным жаданні;
  • У 2018 годзе па ініцыятыве Віктара Бабарыкі «Белгазпрамбанк» прафінансаваў выданне 15 000 асобнікаў пяцітомніка Святланы Алексіевіч для перадачы беларускім бібліятэкам;
  • Пры яго садзейнічанні ў Беларусь былі вернутыя карціны Марка Шагала і арыгінал Бібліі Скарыны;
  • Старшыня апякунскай рады фонду «Шанец», які дапамагае цяжкахворым дзецям;
  • У інтэрнэт-апытаннях Віктар Бабарыка займае першае месца з 50 і больш працэнтамі галасоў;
  • 6 чэрвеня заявіў, што ўжо сабраў за 100 000 подпісаў;
  • З 13 траўня вядзе Instagram.
"Не ісці на выбары - прагаласаваць за ўладу". Віктар Бабарыка сабраў на сустрэчы 250 гродзенцаў

Прэтэндэнта сустрэлі 30-секунднымі апладысментамі. «Адчуваю сябе артыстам», — пажартаваў Віктар. Ён сказаў, што Гродна — адзін з яго любімых гарадоў. Гэта звязана ў тым ліку з тым, што ён у свой час 40 дзён служыў у вайсковай частцы на Фолюшы. Яшчэ з горадам звязаная таямніца, якую Бабарыка раскрые пазней, паабяцаў ён у канцы сустрэчы.

Віктар пахваліў умовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу і паабяцаў нарэшце арганізаваць лоўкост-рэйсы з гродзенскага аэрапорта.

"Не ісці на выбары - прагаласаваць за ўладу". Віктар Бабарыка сабраў на сустрэчы 250 гродзенцаў

Плаўна Віктар Бабарыка перайшоў да свайго бачання рэгіянальнай палітыкі ў Беларусі. Кожны яго адказ публіка сустракала апладысментамі.

«Прызначаць старшыняў райвыканкамаў - гэта татальны кантроль»

Важна выраўноўваць дысбаланс паміж сталіцай і рэгіёнамі і ўлічваць іх асаблівасці. Развіццё рэгіёну трэба аддаваць у рукі мясцовых кіраўнікоў. Мясцовыя ўлады змогуць займацца горадам і раёнам, а вось абласцямі будуць кіраваць са сталіцы. Так Бабарыка бачыць рэгіянальную палітыку.

«Калі адчыняеш „СБ“ і чытаеш, што прэзідэнт даў згоду на прызначэнне нейкага чалавека старшынёй райвыканкама… Мне здаецца, гэта татальны кантроль», — сказаў прэтэндэнт у прэзідэнты.

Што яшчэ прапануе Віктар Бабарыка?

Прыватная ўласнасць. Віктар — прыхільнік прыватнай уласнасці, у тым ліку на зямлю. Ён лічыць, што трэба спрасціць працэдуры атрымання зямлі і прадпрыемстваў у прыватную уласнасцю. На прыкладзе іншых краін можна бачыць, што гэта павышае эфектыўнасць працы, сказаў прэтэндэнт у прэзідэнты. Да таго ж, гэта знізіць узровень карупцыі, таму што яна выцякае з дзяржаўнай уласнасці.

Пераразмеркаванне бюджэтных сродкаў. Віктар прапануе сфарміраваць сістэму бюджэтных арганізацый, якія забяспечаць і падтрымаюць найбольш важныя для краіны напрамкі. Для яго гэта ахова здароўя і адукацыя.

Ахова здароўя. Базавае медыцынскае абслугоўванне павінна быць бясплатным і якасным. Платная прыватная медыцына таксама павінна развівацца. «Пасярэдзіне» будзе страхавая медыцына. У Мінску ёсць шмат прыкладаў, калі страхавая медыцына ўваходзіць у сацпакет кампаній, распавёў Віктар.

Армію трэба рэфармаваць. Студэнтам трэба даць магчымасць «давучвацца», а стаць афіцэрам запасу можна ў рамках 40-дзённых збораў, сказаў прэтэндэнт у прэзідэнты.

Форма праўлення. Віктар прапануе зрабіць незалежнымі заканадаўчую, выканаўчую і судовую галіны ўлады і паглядзець на ролю прэзідэнта як арбітра і кантралёра. Праз пяць гадоў, пасля заканчэння першага прэзідэнцкага тэрміну, вырашыць, якой будзе рэспубліка — прэзідэнцкай або парламенцкай.

Смяротнае пакаранне. Спачатку варта патлумачыць народу, чаму смяротнае пакаранне недапушчальнае, а потым выносіць гэтае пытанне на рэферэндум. Пакуль варта прыпыніць выкарыстанне такога віду пакарання.

Знешняя палітыка. Беларусь прадэманструе аднолькавае стаўленне да суседзяў, будзе «сябраваць» і з Захадам, і з Усходам. Саюзы будуць узаемавыгаднымі, а Беларусь у іх — незалежнай.

Мову і сімвалы. Віктар прапануе спачатку «адсунуць» ад Беларусі небяспеку страты суверэнітэту, а пасля гэтага вырашаць пытанне з мовай і культурай. Але беларуская мова будзе адной з галоўных, паабяцаў прэтэндэнт у прэзідэнты.

Пры правакацыі тэлефанаваць у міліцыю

— Вузкая група прадстаўнікоў улады паводзіць сябе неадэкватна. Мы бачым правакацыі. Відавочна, што інцыдэнт, які здарыўся з Ціханоўскім і які атрымаў развіццё ў іншых гарадах, паказвае, што ўлада спалохалася і гатовая да правакацыі. <…> Пакуль не было ніводнага інцыдэнту, які б нагадваў правакацыйныя дзеянні ў адносінах да нас, і гэта добра. Але мы павінны быць да гэтага гатовыя, — сказаў Бабарыка.

4 чэрвеня ён пісаў у тэлеграм-канале, што супраць яго можа рыхтавацца правакацыя. Маўляў, адміністрацыі асобных прадпрыемстваў заяўляюць, што іх работнікі павінны прыйсці з пашпартамі для здачы подпісаў за Віктара Бабарыку. Ён паведаміў, што не будзе прымаць такія падпісныя лісты і напіша заяву ў пракуратуру.

"Не ісці на выбары - прагаласаваць за ўладу". Віктар Бабарыка сабраў на сустрэчы 250 гродзенцаў

Бабарыка даў інструкцыі членам ініцыятыўнай групы: пры спробе правакацыі тэлефанаваць у міліцыю або згортваць пікет і не ўступаць у спрэчку. «Хто зробіць тысячу [подпісаў - Hrodna.life] - не застанецца незаўважаным», — заахвоціў Бабарыка членаў групы.

Увайсці ў камісіі і назіраць за выбарамі

На думку Віктара Бабарыкі, 60% выбаршчыкаў гатовы пайсці на выбары. Тых, хто не збіраецца ісці ці вагаецца — па 20%.

— Трэба дастукацца да гэтых 40%. Фальсіфікацыі і ўкід магчымыя толькі за тых, хто не прыйшоў. Укід — гэта не выманне, а дакладанне [бюлетэняў - Hrodna.life]. Таму не прыйсці на выбары — азначае прагаласаваць за дзеючую ўладу, — сказаў Бабарыка.

Члены яго ініцыятыўнай групы не паспелі ўвайсці ў акруговыя выбарчыя камісіі. Бабарыка плануе падтрымаць людзей, якія самастойна вылучаюцца ва ўчастковыя выбарчыя камісіі і пойдуць на выбары ў якасці назіральнікаў.

— Мы хочам змяніць стаўленне да членаў камісій. Да іх ставяцца негатыўна, маўляў, яны падманваюць, яны фальсіфікуюць. Мы ж хочам, каб яны адчулі сябе людзьмі, ад якіх залежыць будучыня, — сказаў Бабарыка.

Магчымая кааліцыя Бабарыкі з іншымі прэтэндэнтамі

— Я — прыхільнік любых саюзаў з агульным разуменнем мэты. Я бачу супадзенне мэтаў з многімі з тых, хто вылучаецца кандыдатам. У той жа час частка з іх кажа, што не пойдзе на выбары, — сказаў Бабарыка. З імі Бабарыка саюз заключаць не будзе, бо ён заклікае выбаршчыкаў ісці на выбары 9 жніўня.

Чытайце таксама: