Бываюць тыдні, калі кінатэатры не радуюць вялікімі прэм’ерамі. Кінапракат не спыняецца і падае цікавыя навінкі, якія не прэтэндуюць на ўсеагульную ўвагу. Адзін з такіх фільмаў - новая інтэрпрэтацыя гісторыі легендарнага французскага дэтэктыва Эжэна Франсуа Відока, якая атрымала ў нашых краях падзагаловак «Паляўнічы на зданяў».
www.youtube.com/watch?v=Y8weV8EqLAE
Ніякіх прывідаў няма
З першых хвілін фільма ясна, што расійскія лакалізатары падманулі гледача, памяняўшы арыгінальную назву «Імператар Парыжа» на больш містычную. У фільме няма ніякіх звышнатуральных сілаў, з якімі Відок вёў бы непрымірымую барацьбу. Гэта хутчэй неіснуючая сувязь са стужкай 2001 года з Жэрарам Дэпардзье ў галоўнай ролі. Той фантастычны трылер адлюстроўваў Відока як паляўнічага за дэманам у люстраной масцы ў часы рэвалюцыі 1830 года. Фільм 2019 года бліжэй да рэальнай біяграфіі французскага «Шэрлака» часоў напалеонаўскай Францыі і больш падобны да французскіх серыялаў 1960−70-х.
Выдатна паказаная эпоха
Перад тым як пакрытыкаваць сюжэт за сэнсавыя няўвязкі, раскажу пра плюсы. У першую чаргу, гэта атмасфера фільма і выдатна перададзеная эпоха Францыі пачатку 19 стагоддзя. Кабакі з п’янымі фізіяноміямі звычайных пастаяльцаў, пыльныя вуліцы пасля праезду конных экіпажаў, інтэр'еры адміністрацыйных будынкаў і беднасць заезных двароў. Усё гэта стварае непаўторную атмасферу, якую дапаўняюць часам якасныя карцінкі парыжскай панарамы. Храмакей цалкам прымальны для малабюджэтнага гістарычнага кіно. Магчыма, твары персанажаў залішне нагадваюць сучасных людзей, але праца касцюмераў бачная ў кожным кадры.
Мантаж — мінус, асобныя эпізоды — плюс
Сюжэт гэта рванае апавяданне са скокамі тэмпарытма. Мантаж бязлітасна выразае некаторыя эпізоды і застаецца адчуванне недаказанасці. Як героі сустрэліся ў Парыжы? Чаму канфлікт адбыўся па такой надуманай прычыне? Чаму героі так бессэнсоўна хутка мяняюць свае прыярытэты? Здаецца, што перад намі парэзаны міні-серыял, змантаваны ў спешцы. Ды і не адчуваецца ва ўсёй гэтай гісторыі грандыёзнасці таго, што адбываецца, нават у рамках сталіцы імперыі тых часоў. Без гістарычных украпванняў палітычнай мітусні ўвесь фільм мог бы і застацца на ўзроўні разборак «местачковых» банд.
Але ў дробных эпізодах фільм моцна выйграе. Выдатная гісторыя бацькі і сына, якія ўступілі ў атрад Відока. Калі «Імператар Парыжа» ў другой палове ператвараецца з гісторыі пра графа Монтэ-Крыста ў крымінальны трылер пра помсту, тады з’яўляецца дынаміка, а ірванае апавяданне знікае. Відок ператвараецца ў самога сябе.
«Відок. Імператар Парыжа» — кіно, якое балансуе паміж таннай пасрэднасцю і моцным фільмам. Сюжэтныя «дзіркі» замінаюць стужцы быць добра збалансаваным прадстаўніком гісторыка-прыгодніцкага жанру. Але дзякуючы атмасферы і карцінцы, магчыма, фільм знойдзе свайго адданага гледача.