Пра крымінальную справу на гродзенскага блогера Вадзіма Ермашука 14 верасня паведаміў ананімны Telegram-канал, набліжаны да сілавых структур. Родныя пакуль не маюць пацверджання, але дапускаюць, што так будзе. Ягоная стрыечная сястра Наталля кажа, што гэта можа быць не апошняя крымінальная справа: яго могуць абвінаваціць за выказванні на мітынгу ў жніўні 2020 года, а ягоны Instagram прызнаць экстрэмісцкім.
Нагода для крымінальнай справы — каментары ў Instagram з абразай прэзідэнта, паведамілі ў Telegram-канале. Зараз Вадзім адбывае адміністрацыйны арышт у Шчучыне.
Вадзім Ермашук — гродзенскі Instagram-блогер і прадавец на рынку «Карона». 29 кастрычніка яму споўніцца 37 гадоў. Актыўна займаецца рэкламай мясцовага бізнесу. Пасля выбараў 2020 года выказваўся супраць гвалту, наведваў суды па справах палітвязняў. Называе сябе «народным дэпутатам» і здымае ў гэтым вобразе відэа.
Блогера затрымалі 16 жніўня, а 19 жніўня ў Шчучыне яму прысудзілі 25 сутак арышту паводле артыкула 24.23 КаАП — нібыта за заклікі прыехаць на спартовае масавае мерапрыемства — на скейт-пляцоўку ў Шчучыне. 9 верасня яго асудзілі яшчэ на 15 сутак. Прычынай новага пратаколу нібыта стала ягонае тэлефанаванне ў службу «115» 13 жніўня і нецэнзурныя выказванні наконт ЖКГ і гарвыканкама.
Чытайце таксама:
Да гэтага Вадзім перадаваў, што ў яго камеры надзвычай холадна. Другі суд праходзіў па відэасувязі. Два дні запар у судзе абвяшчалі перапынкі праз кепскае самаадчуванне падсуднага — у яго падымаўся ціск і тэмпература, нават выклікалі хуткую.
Перадачы ад сваякоў прымаюць: 13 верасня атрымалася перадаць чыстыя цёплыя рэчы, 10-га прывозілі лекі, перадавалі і кнігі. Пасля выхадных ім сказалі, што Вадзім пайшоў на папраўку.
Блізкія рыхтуюцца да таго, што на Вадзіма завядуць крымінальную справу, а верагодней, і не адну, расказала Hrodna.life яго стрыечная сястра Наталля. Яго не хочуць адпускаць і будуць заводзіць усё новыя справы, каб пасадзіць у турму, лічыць яна.
«Я чула, што хочуць завесці на яго [крымінальную справу] за абразу прэзідэнта, прызнаць яго Instagram экстрэмісцкім. Яшчэ 14 жніўня [2020 года], калі людзі прыйшлі на плошчу і выйшлі прадстаўнікі гарвыканкама, быў мікрафон, і Вадзім нешта казаў. Што ён казаў, я не ведаю, але нібыта праз гэта яго хочуць абвінаваціць за заклікі, як Калеснікаву*», — расказала Наталля.
*6 верасня 2021 года Марыю Калеснікаву, былую прадстаўнічку перадвыбарнага штабу Віктара Бабарыкі, а пасля аб’яднаных штабоў, асудзілі на 11 гадоў зняволення. Яе абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: у змове, здзейсненай у мэтах захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэнні экстрэмісцкага фармавання і кіраванні ім, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады.
Яшчэ задоўга да 2020 года Вадзім Ермашук часта хадзіў на прыёмы ў гарвыканкам, стараўся нешта палепшыць, прапаноўваў ідэі для горада, быў знаёмы з кіраўніком Гродна Мечыславам Гоем. Раней праз яго актыўнасць яму нават казалі, каб прыходзіў туды працаваць, успамінае сястра.
«Ён ставіў мэты, дамагаўся іх, сам кантраляваў, — кажа Наталля. — На Урублеўскага былі яміны па калена, зараз усё залатана. Гэта дзякуючы яму. У яго доме жыве шмат пенсіянераў: зрабілі прыступкі, пандусы». У Каробчыцах, дзе ў сям'і лецішча, пасля з’яўлення там коннага клуба забрудзілася рака, расказала Наталля. Зніклі ракі, рыба. Вадзім звяртаўся ў ахову навакольнага асяроддзя, але справа засталася недаробленай — ён сядзіць. Тое, што ён шмат звяртаўся да ўладаў, раздражняла іх, лічыць Наталля.
Амплуа «народнага дэпутата» Вадзім прыдумаў сам. «Ён праводзіў працу, якую мусілі рабіць нашыя дэпутаты».
Наталля расказвае, што жарты Вадзіма выводзілі людзей з цяжкага эмацыйнага стану. «Я бачыла, як дзяўчына, якая білася ў істэрыцы, калі пасадзілі мужа, глядзіць на яго [Вадзіма], ажывае, абдымае сына і кажа: „Мы выжывем“».
«Зараз у сем’ях сядзяць мужы, бацькі, дый жанчыны, маці. Кожную сям’ю закранула гора. Ніводны псіхолаг не зменіць той стан, што зараз у людзей. Апускаюцца рукі, людзі нават працаваць не хочуць, робяцца разгубленымі, запужанымі. А дзякуючы вось гэтай ягонай „дэпутацкай“ „смехапанараме“ ажываюць. Толькі гэты чалавек, калі яго не пасадзяць, зможыць супакоіць людзей і вярнуць іх да працы, да нармальнага сацыяльнага існавання», — пераканана Наталля.
Тое, што зараз робяць, — вялікая памылка, мяркуе яна. «Нават у царскі час блазнаў не казнілі. Бо толькі блазан мог супакоіць людзей».
Яна ніколі не ўспрымала ўсур'ёз «дэпутацкі» вобраз блогера, і калі за яго ўхапіліся, была шакаваная. «Ён ніколі не быў палітычным дзеячом, не даваў ніякай палітычнай ацэнкі. Усур’ёз узяцца за блазна, задзейнічаць на яго КДБ, УВД, марнаваць бюджэтныя грошы — мне гэта незразумела. Яны самі з нічога нараджаюць нейкі палітычны супраціў, правакуюць людзей, хапаюць усіх запар. Магчыма, ёсць нейкія патэнцыйна небяспечныя людзі, нават фанатыкі - але гэта дакладна не ён».
Вадзім — вельмі камунікабельны, заўжды памятаў пра дні народзінаў сяброў і блізкіх, мае шмат хрэснікаў. Зараз Наталля баіцца, што ў турме на яго будуць аказваць псіхалагічны ціск, ламаць. Яна апасаецца і за сваю бяспеку.
Чытайце таксама: У сестры блогера Вадимати прошел обыск по делу о «действиях, грубо нарушающих общественный порядок»
Вадзім Ермашук — сірата. Ён рос без бацькі, маці памерла ад анкалогіі, калі яму было 12.
13 верасня Наталлі перадалі дакументы на аплату першых 25 сутак знаходжання блогера ў ІЧУ. Таксама трэба сплаціць за яго камунальны плацяжы, аплочваць адваката, патрабуюць грошай і паездкі ў Шчучын з перадачамі.
Акрамя Наталлі, у Вадзіма яшчэ пяцёра стрыечных братоў і сёстраў. Зараз сваякі аб’ядналіся, падтрымліваюць Вадзіма і адзін аднаго. «Калі прыходзіць гора, усе робяцца бліжэй», — кажа Наталля.
Чытайце таксама: Читатели Hrodna.life предложили кандидатов на «Человека года Гродненщины»
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…