Да канца лістапада тром будаўнікам і ўласніку будынка на вуліцы 2-й Працоўнай павінны былі выплаціць узнагароджанне за знойдзены скарб, але гэтага не адбылося. Усе дакументы на атрыманне грашовай кампенсацыі былі падрыхтаваны ў тэрмін, але ўласнік будынка звярнуўся ў праваахоўныя органы, бо быў нязгодны з колькасцю чалавек, якія павінны атрымаць узнагароду. З выплатай гарадскія ўлады вырашылі пачакаць.

Што гэта за скарб?

Раней паведамлялася, што скарб знайшоў 14 красавіка 2018 года у будынку на 2-й Працоўнай падчас разборкі даху будаўнік Уладзімір Страковіч. Пад бэлькай у маленькай каробачцы ад тытуню ён выявіў каля 30 залатых манет 18−19 стагоддзяў, звыш 10 розных каштоўных упрыгожванняў - пярсцёнкі і ланцужкі, а таксама каронкі.

Дык колькі чалавек знайшло скарб?

Як высвятлілася пазней, скарб быў знойдзены насамрэч трыма будаўнікамі. Пра гэта сведчыць дакумент, які яшчэ ў красавіку быў завераны натарыўсам. Ён амаль адразу быў перададзены ў выканаўчыя органы.

Колькі каштуе знаходка?

Знаходку забралі ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Там яе ацанілі і прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Скарб ацанілі амаль у 19,5 тысяч долараў. Па законе ўласніку будынка, дзе была знойдзена знаходка, і таму, хто знайшоў скарб, належыць 50% ад яго вартасці.

Пасля надання знаходцы статусу будаўнікам і ўладальніку будынка паабяцалі выплаціць узнагароджанне. Паводле заканадаўства гэта павінны былі зрабіць да канца лістапада, але гэтага не адбылося.

Як стала вядома Hrodna.life, уласнік будынка, прадстаўнік фірмы «Панэ» Алег Разін, звярнуўся ў пракуратуру і міліцыю, каб службы высветлілі, колькі людзей насамрэч знайшлі скарб.

«Пра пракуратуру і міліцыю нічога не ведаю. Чакаем адказ з гарвыканкама», — распавёў Hrodna.life Алег Разін.

На колькі частак дзяліць?

Раней планавалася, што будаўнікам і ўласніку будынка агулам выплатять каля 9700 долараў. Гэтая сума павінна была падзяліцца на чацвярых у роўных далях. Як будзе вырашана пытанне з узнагародай, стане вядома пасля праверкі праваахоўных органаў.

Будаўнікі настойваюць на сваёй пазіцыі і чакаюць законнай узнагароды ад дзяржавы.

«Мы выявілі скарб утрох, у нас на гэта ёсць дакумент завераны ў натарыуса. Мы ўпэўненыя, што змаглі знайсці высокую каштоўнасць для нашага народа, якая будзе даступная для агульнага агляду. Нам вядома, што за знаходку скарбу належыць прэмія ў роўных долях», — гаворыцца ў звароце будаўнікоў.

Узнагароджанне за знойдзены ў цэнтры Гродна скарб яшчэ ніхто не атрымаў. Праводзіцца праверка
Будаўнік Уладзімір Страковіч, які з калегамі перадаў скарб дзяржаве.
Нагадаем, да нядаўняга часу скарб з 2-й Працоўнай, як і іншыя, знойдзеныя ў Гродне і вобласці за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў, можна было ўбачыць на выставе ў Новым замку.

Папярэдні досыць буйны скарб знайшлі ў Гродне ў 2016 годзе. Тады будаўнікам, што яго выявілі, прыйшлося чакаць больш за год, каб яго прызналі каштоўным і выплацілі ўзнагароджанне. Як на Антонава, так і на 2-й Працоўнай, знаходкі маюць габрэйскі след, яны былі схаваныя на тэрыторыі двух гета падчас Другой сусветнай вайны