Таццяна Чысцякова пачынала кар’еру трэнеркай па грэблі на байдарках, а зараз кіруе фермерскай гаспадаркай «Райская даліна». Яе мара — стварыць у Гродне жаночы інкубатар-акселератар, каб дапамагаць жанчынам уваходзіць у бізнес. Крокам да мары стаў жаночы клуб «Мара». Тут жанчыны вучацца, падарожнічаюць і дзеляцца досведам.

У 2015 Таццяна толькі пачынала ўласную справу. Па праграме падтрымкі Беларусі яна патрапіла ў Берлін і наведала бізнес-інкубатар «Жаночая Эканоміка». «Захварэла гэтай ідэяй і з той пары з ёй хаджу», — кажа Таццяна. Сёлета яна прайшла навучальны курс у беларускай праграме «Інкубатар мары» і зараз хоча заснаваць падобную ініцыятыву на Гродзеншчыне. Для пачатку Таццяна стварыла на базе сваёй сядзібы «Цэнтр фермерскіх ініцыятываў Гродзеншчыны» і пачала працаваць з мясцовай супольнасцю.

Беспрацоўныя ў катэджах

Сям’я Таццяны жыве ў Зарыцы. Раней гэта быў прыгарад. Будаваліся тут, як на вёсцы — вялікія дамы, агароды. Зараз — праваруч ад шашы — горад, леваруч — вёска. Маладзейшыя па большасці з’ехалі.

«Такая сітуацыя ў Зарыцы. Людзі жывуць у катэджах, але многія не маюць працы. То чаму не разгледзець магчымасць пачать бізнес дома? Адкрыць рамесніцтва, індывідуальнае прадпрымальніцтва, ці нават арганізаваць аграсядзібу на ўласным лецішчы», — мяркуе Таццяна.

Яна сама так пачынала. Калі дзеці сталі дарослымі і раз’ехаліся, бацькі заняліся арганічным земляробствам і сталі вырошчваць грыбы-вешанкі. Зараз у «Райскай даліне» разводзяць авечак і прымаюць турыстаў. На вялікім участку пад соснамі можна летам разбіць намёт і пажыць на прыродзе зусім недалёка ад горада.

Каб заахвоціць суседзяў падумаць на гэты конт, у «Цэнтры фермерскіх ініцыятыў Гродзеншчыны» зладзілі некалькі навучальных курсаў. Аказалася, што ў Зарыцы найбольш запатрабаваныя веды па камп’ютарах. Першая група навучэнак папрасіла аб пачатковых ведах. Другая — праходзіла інтэрнэт-паслугі і банкаўскія аперацыі. Для абедзьвюх былі праведзены заняткі па фінансавай граматнасці.

Меркаваннем Таццяны, гэта суполка стане асновай будучага бізнес-інкубатара. Тут можна будзе арганізаваць юрыдычную, бухгалтарскую і кансультатыўную падтрымку ці арэндаваць офісныя ці службовыя памяшканні па ільготных тарыфах. Таксама тут адкрыецца хостэл і дзіцячы садок.

Ад “Мары” да бізнес-інкубатара. Жаночая ініцыятыва з Гродна дапаможа пачаць сваю справу

Пакуль удзельніцы навучальных курсаў аб’ядналіся ў жаночы клуб «Мара». Каб марыць з карысцю, ладзяць на выходных розныя імпрэзы. Аднаго разу паехалі па сядзібах вакол Гродна, каб паглядзець, як працуюць прыватныя аграгаспадаркі. Другі раз сабраліся на майстар-клас па выпячцы імбірнага печыва.

«Сэнс у тым, каб паказаць, якія ёсць магчымасці рознага масштабу і што можна зрабіць, каб пачаць сваю справу», — кажа Таццяна. Яе меркаваннем, жанчыны ў асноўным маюць дастаткова магчымасцяў і ўменняў каб пачаць бізнес незалежна ад узросту.

«Ніколі на пенсію не сыду»

«Ведаеце, колькі маёй партнёрцы з Берліна гадоў? 85. А самай малодшай ў „Жаночай эканоміцы“ — 67. Яны такія актыўныя, што нават цяжка сабе ўявіць! Як вярнулася з Берліна, сказала маме, што ніколі на пенсію не сыду», — узгадвае Таццяна.

Разам з калегай з Германіі яны напісалі праект будучага пілотнага бізнес-інкубатара. Яго стартам стане адкрыццё анлайн-крамы для продажу фермерскіх прадуктаў вытворцаў з рэгіёна.

У далейшых планах — стварыць рэгіянальную сетку бізнес-інкубатараў. Асабіста для сябе ў Таццяны ёсць яшчэ адна запаведная мара — стаць для жанчын-пачаткоўцаў бізнес-анёлам.

Ад “Мары” да бізнес-інкубатара. Жаночая ініцыятыва з Гродна дапаможа пачаць сваю справу

«Проста ўласны бізнес ужо менш цікавіць. За час працы змянілася маё акружэнне і бачанне прыярытэтаў. Хочацца дапамагаць другім жанчынам і ўласным досведам дзяліцца».

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life