Для паляка Яна Фiёра Беларусь стала 149 краінай, у якой яму ўдалося пабываць. Месцам двухдзённага візіта ён абраў менавіта Гродна. Для яго важна было наведаць горад, дзе нарадзіўся і ратаваўся ў час Другой сусветнай вайны яго сябар Фелікс Зандман.

З вядомым ураджэнцам Гродна, які цудам выратаваўся ў час нямецкай акупацыі, Ян пазнаёміўся ў Філадэльфіі. Пасля знаёмства з Зандманам ён стаў займацца гісторыяй яго жыцця і поспеху.


Фелікс Зандман — навуковец і інжынер, заснавальнік і галоўны тэхнічны дырэктар міжнароднай кампаніі «Vishay Intertechnology» — аднаго з найбуйнейшых пастаўшчыкоў электронных кампанентаў у свеце. Нарадзіўся ў 1927 годзе ў Гродне, памёр у 2011 у ЗША.


Інфармацыя для новай кнігі

«Пасля знаёмства з гэтым легендарным чалавекам і пасля таго, калі я даведаўся яго гісторыю, мне хацелася напісаць кнігу, але Фелікс быў чалавекам сціплым і не хацеў шмат увагі. Але сталася так, што пасля мяне прыйшоў іншы амерыканскі, больш агрэсіўны журналіст, які ўсё ж прымусіў Фелікса ўсё расказаць: праз нейкі час выйшла кніга пра гісторыю поспеху хлопчыка з Гродна», — кажа Ян.
2

За ўвесь час, які Ян кантактаваў з Феліксам, яму ўдалося запісаць больш за 50 старонак пра жыццё вядомага фізіка. Паляк плануе апублікаваць іх.

«Я планаваў напісаць больш, але Фелікс памёр і мая кніга засталася няскончаная. Каб завяршыць пачатае, я прыехаў адмыслова ў Гродна: паглядзець на тыя месцы, дзе нарадзіўся, дзе жыў і дзе хаваўся Фелікс. У будучыні планую з’ездзіць яшчэ і ў Ізраіль да яго сям'і, каб сабраць больш інфармацыі. Калі ў мяне будзе больш гісторый, звязаных з Феліксам, магчыма нешта выпушчу. Не магу сказаць дакладна, што гэта будзе: магчыма кніга, а можа серыя рэпартажаў».

У Гродна прывёз «35 Зандманаў»

Яну 68 гадоў, у Польшчы ён мае паспяховы бізнес. Пачынаў ён фізікім, інфарматыкам, журналістам, пасля збег ад камуністычнага рэжыму ў Штаты. Вярнуўся ў Польшчу ў пачатку 2000-х гадоў. Зараз ён валодае выдавецтвам, якое выпускае эканамічныя кнігі, а таксама мае бізнес-школу, у якой вучыцца больш за 1500 чалавек.

«Фелікс мне шмат распавядаў аб бізнесе. У маёй школе хутка будзе „ўрок Зандмана“, дзе будуць распавядаць пра поспех вядомага гродзенца. Хацелася б, каб і беларусы да нас прыязджалі вучыцца, мы над гэтым пытаннем будзем працаваць».

Ян паказвае дом, дзе да вайны ў Гродне жыў Фелікс Зандман.
Ян паказвае дом, дзе да вайны жыў Фелікс Зандман
У Гродна Ян прыехаў на канферэнцыю, з сабой захапіў больш за 30 перакладзеных кніг пра жыццё Зандмана. Ён іх бясплатна раздаваў гродзенцам.

«У Польшчы мы выдалі ў перакладзе на польскую кнігу пра Фелікса: наклад больш за 10 000 і амаль усё прадалі. Ужо перад самым ад’ездам у Беларусь у адной з крамаў аказалася «35 Зандманаў». Я іх узяў і вырашыў прывесці на радзіму свайго сябра.

Фелікс мне часта расказваў пра Гродна. І я хацеў убачыць гэты горад сваімі вачыма. Усё, што важна было Феліксу, то і мне важна. Гэты горад так блізка да польскай мяжы — сюды павінны ездзіць турысты".

«Гродна трэба пазбаўляцца ад камуністычнага мінулага»

Гродна Яну вельмі спадабаўся і ён гатовы прыязджаць часцей. Але заўважыў ён і праблемныя месцы.

«Трэба больш даваць волі прыватнікам, трэба прадаць закінутыя дзяржаўныя будынкі. Турысты едуць у Гродна, але для іх няма месца, няма куды ісці, гораду трэба развівацца і быць гатовым да прыезду замежнікаў. Бянтэжыць шмат камуністычнага мінулага, ад гэтага трэба пазбаўляцца. Напрыклад, Ленін у цэнтры горада, вуліца Карла Маркса і многае іншае. Я не разумею, навошта гэта ўсё ў гэтым цудоўным горадзе. Iдэалогія гэтых асоб загубіла многіх людзей. Трэба забываць гэтыя імёны, бо яны неслі толькі шкоду чалавецтву».

Яна засмуціла беларуская карта платных дарог: яму было незразумела, як ехаць. Дарэчы, Ян нават i не ведаў, што ў Гродне можна прыязджаць без візы.

Бізнесмэн лічыць, што ў Гродна можа хлынуць многа турыстаў, бо палякам ёсць што тут паглядзець.

«Гродна — прыгожы горад з добрымі людзьмі, архітэктурай і прыродай. Гэты горад важны для палякаў, бо з ім звязана наша гісторыя. У Гродна штогод могуць прыязджаць мільёны палякаў, пакідаючы кожны па 100 еўра.

Беларусь павінна быць бліжэй да Польшчы, яна павінна вучыцца ў нашай краіны, бо мы ўжо прайшлі тое, што цяпер праходзіць Беларусь. Каб ехала больш турыстаў, трэба больш свабоды, больш прыватнага бізнесу. Дзяржава — не добры гаспадар, бо яна не сочыць за якасцю развіцця бізнесу. У прыватнікаў наадварот, яны будуць за кожную капейку змагацца. Я раю даць больш свабоды прыватнаму прадпрымальніцтву — тады справы пойдуць у гару".

7
Даведка

Ураджэнец Гродна Фелікс Зандман пайшоў з жыцця ў 2011 годзе, пражыўшы 84 гады. Роўна 17 месяцаў у час вайны Фелікс разам са сваім дзядзькам і яшчэ двума яўрэямі хаваўся ў сваіх выратавальнікаў у вёсцы ля Гродна. Iмя Зандмана назаўсёды ўвайшло ў гісторыю стварэння сучасных сродкаў камунікацыі. Дзякуючы яму мы, між іншым, карыстаемся сёння мабільнікамі.