Будаўнікі ўжо паставілі агароджу і пачынаюць вызваляць ад смецця нежылы будынак па вуліцы Калючынскай 23. Плануецца, што пасля рэканструкцыі там адкрыецца чатырохзоркавая гасцініца з рэстаранам і фізкультурна-аздараўленчым комплексам. Інвестар — вядомы бізнесмэн Станіслаў Сямашка, уласнік аднайменнай гасцініцы ў Гродне і вілы ў Чарнагорыі.

Пачаткова планавалася, што нежылы будынак будзе рэканструяваны пад гандлёвы цэнтр, але пасля канцэпцыя змянілася. На першым паверсе размесціцца рэстаран, у падвале будзе фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Каля гасцінiцы з’явіцца стаянка.

Згодна з праектам у будынку нічога не будуць зносіць.


Чытайце таксама: Парады мэру: чаму нельга будаваць гасцініцу насупраць турмы і як правільна прадаць гэты ўчастак інвестару


Даведка

Пабудаваны пасля пажару 1885 г. дом па Калючынскай 23 быў адным з найбольшых будынкаў тагачаснага Гродна. У ім размяшчаліся розныя навучальныя яўрэйскiя ўстановы. Адсюль пайшлі і будучыя рабіны Тэль-Авіва і Ізраіля Амiель і Унтерман. Гэты дом быў адным з галоўных будынкаў, што ўтваралі пачатак вуліцы Калючынскай, што цягнулася ад Савецкай плошчы.
У савецкi час у доме размяшчаўся інтэрнат, а з часам будынак прызналі непрыдатным для жыцця.