Эльжбета з польскага горада Алецка (Olecko) прыехала ў Гродна ў пачатку ліпеня ўсяго на тры дні. Для яе горад мае асаблівае значэнне — тут нарадзіўся і жыў яе бацька Уладзімір Малашка, які пасля вайны вымушаны быў з жонкай эміграваць у Польшчу. На малую радзіму ён ніколі ўжо не вярнуўся. Праз 73 гады пасля ад’езду бацькі з Гродна, яго дачка вяртаецца каб даведацца больш пра месца, дзе жылі продкі.

Усё жыццё распавядаў пра Гродна

Бацька Эльжбеты — Уладзімір Малашка (1911 года нараджэння) быў вядомым музыкам у міжваенным Гродне. Граў у калектыве, на вяселлях, а таксама ў афіцэрскім казіно ў Гродне. З пачаткам Другой сусветнай вайны пайшоў добраахвотнікам у польскую армію і меў званне малодшага афіцэра. Трапіў у палон, але ўдалося збегчы. Па вяртанні ў Гродна, ужо пры немцах, Уладзімір працаваў на чыгунцы. З прыходам Чырвонай арміі ў 1944 году вымушаны быў пакінуць родны горад назаўжды.

«Бацька да самай смерці ўспамінаў Гродна — месца, дзе прайшлі яго найлепшыя гады, — распавядае Эльжбета. — Ён не мог вярнуцца сюды пры савецкай уладзе, мабыць баяўся рэпрэсій. Праз шмат гадоў я скарысталася шанцам і прыехала сюды, у месца, пра якое бацька мне пастаянна распавядаў. Гродна сапраўды ўражвае, тут асаблівая атмасфера. Цяпер я разумею, чаму бацька так яго любіў».

У Гродне спяваў і пісаў песні

Эльжбета распавядае, што да яе бацькі часта прыходзілі людзі, якія таксама мелі гродзенскія карані. У горадзе Алецка пасля Другой сусветнай вайны аселі многія мігранты з Заходняй Беларусі.

«У нас часта былі госці - выпівалі з бацькам, а пасля па традыцыі спявалі пра родны горад, — кажа Эльжбета. — Бацька быў таленавітым чалавекам, ён не толькі спяваў, але і пісаў песні, граў на розных інструментах. Бацькам мамы тата не падабаўся, бо быў усяго толькі музыкам. Так што з часам ён засвоіў і сталярскую справу. Гэта яму спатрэбілася потым у Польшчы».

Жанчына распавядае, што яе бацька часта граў на яўрэйскіх вяселлях і яго ўражвала, што там толькі адна страва была бясплатнай для гасцей, а ўсё астатняе даводзілася купляць. «З яўрэямі тата сябраваў і быў салідарны, нават падчас вайны хаваў аднаго ў сябе».

"Цяпер я разумею, чаму бацька так любіў Гродна". Жанчына з Польшчы прыехала знаёміцца з радзімай продкаў
Уладзімір Малашка з сяброўкай на вуліцы Дамініканскай (суч. Савецкая) у Гродне. 1930-я гады. Па ўспамінах Эльжбеты, бацька яе быў яшчэ і спартсменам — катаўся на ровары. «Аднойчы бацька вырашыў з сябрамі з Гродна паехаць на роварах да Кракава. Даехалі».

Усе з’ехалі з роднага горада

Жыў бацька Эльжбеты ў раёне Новага свету. Спачатку на вуліцы Красінскага (суч. Бялінскага), а пасля здымаў кватэру з жонкай на вуліцы Жэромскага (суч. Ватуціна). Пра жыццё бацькоў у міжваенным Гродна сям’я Эльжбеты можа меркаваць па ўспамінах і фатаграфіях.

«У Гродна з нашай сям'і ніхто так і не вярнуўся. Можа, на тое былі прычыны. Палякаў ужо лічылі небяспечнымі людзьмі ў гэтым горадзе, — кажа жанчына. — У бацькі было дзве сястры-блізняткі Рэгіна і Ядвіга Малашка, якія нарадзіліся па-за шлюбам, і па яго аповядах увесь горад жартаваў, што ў вядомай жанчыны з дому Талочка нарадзіліся дзеці не ад мужа. Дзяўчынкі выраслі прыгожымі, выйшлі замуж і таксама пакінулі Гродна. Мама з татам з’ехалі ў 1945 годзе, спачатку ў Аўгустоў да бабулі, а пасля пераехалі ў Алецка. Як я ведаю, у Гродне нікога больш не засталося».

"Цяпер я разумею, чаму бацька так любіў Гродна". Жанчына з Польшчы прыехала знаёміцца з радзімай продкаў
«Эльжбета мае зносіны з 95-гадовай Нінай Сямёнавай, якая жыве і на былой вуліцы Жэромскага (суч. Ватуціна). Вось толькі сталая гродзенка ўжо не можа ўспомніць яе бацьку. Можа таму, што быў ён не ўладальнікам дома на гэтай вуліцы, а толькі здымаў кватэру.

Горад, у які можна вярнуцца

Па ўспамінах бацькі Эльжбеты, на каталіцкіх могілках былі пахаваныя сваякі, але сёння жанчына не змагла знайсці іх магілы. Усё на могілках зарасло.

«Я рада, што прыехала ў Гродна і адчула гэты горад. Тут я адчуваю гродзенскія карані. Чую званы касцёлаў і цэркваў, пра якія распавядаў бацька. Таксама тут я пагутарыла з мілымі людзьмі. Нягледзячы на тое, што я не знайшла ніякіх дадзеных пра бацьку, мне здаецца, што я сюды яшчэ вярнуся».

"Цяпер я разумею, чаму бацька так любіў Гродна". Жанчына з Польшчы прыехала знаёміцца з радзімай продкаў
Эльжбета гуляе па вуліцах Новага света, дзе калісьці жыў яе бацька.