Hrodna.life актыўна збірае матэрыялы для чарговай кнігі ўспамінаў пажылых гродзенцаў. Наш новы герой — 96-гадовая жыхарка Гродна Ніна Снічыч распавяла, чаму яе сям’я ў 1930-х гадах з вёскі пераехала ў Гродна, хто сустракаў у горадзе бальшавікоў і як яна працавала ў немцаў.

Ніна Снічыч (у дзявоцтве Апонік) нарадзілася ў 1923 годзе ў вёсцы Верцялішкі. Праваслаўная. З 1937 года жыве ў Гродне.

«Мае бацькі былі звычайнымі сялянамі, мелі шэсць дзяцей і тры гектары зямлі. Там і працавалі. Два разы я вучылася ў першым класе ў вясковай школе ў Верцялішках, да таго часу пакуль можна было хадзіць пешшу. А пасля мы перабраліся на хутар у Грынеўку, то за 4 кіламетры на вучобу я ўжо не хадзіла. Дома гаварылі на простай мове — трасянцы, у якой-небудзь кампаніі на польскай».

«У 1939-м мы чакалі рускіх, суседзі хацелі нас забіць». Гродзенка ўспамінае стары горад 
На Нёмане, здымак з архіву сям'і Снічыч

Пераезд у Гродна

У 1937 годзе ў сям'і Апонік надышлі сур’ёзныя цяжкасці: памёр карміцель, адзін з сыноў патануў. Каб неяк выжыць сям’я перабіраецца ў Гродна, там старэйшыя пайшлі працаваць.

«Бацька іголкай пракалоў нагу, атрымаў заражэнне крыві і памёр за чатыры дні. Пасля гэтага патануў старэйшы брат, сярэдні пашкодзіў нагу — працаваць не было каму. Мама прымае рашэнне пераязджаць з дзецьмі ў Гродна. У вёсцы станавілася цяжка выжываць. У горадзе пасяліліся ў вялікім доме ў польскага пана Цыдзіка на вуліцы Іерусалімскай (сучасная Антонава). У доме ён здаваў кватэры. Мы здымалі двухпакаёвую і жылі ў адной, іншую здавалі іншым беларусам з вёскі. За свой пакой мы плацілі 15 злотых.

Брат Юрка пайшоў працаваць дворнікам, сястра Тоня на кафляны завод недалёка ад чыгуначнага вакзалу. Мама пайшла дапамагаць на кухні ў вайсковай частцы, а я ўладкавалася працаваць на агароды за аўтавакзалам. Там арандаваў зямлю яўрэй".

Сямейны заробак

З ранняга дзяцінства ў Ніны быў вопыт нянечкі. Таму ў Гродне вясковая дзяўчынка бывала глядзела за дзецьмі і прыбіралася ў панскіх кватэрах.

«Апроч агародаў, памятаю, была ў мяне падпрацоўка ў доме ў польскага лекара на Грандзіцкай (сучасная Горкага). Гэты дом і цяпер стаіць на скрыжаванні з вуліцай Міцкевіча. На першым паверсе яны здавалі кватэры, на другім жылі самі. Я там прыбірала і дапамагала гаспадарам. За месяц мне плацілі каля 10 злотых, пры гэтым яшчэ кармілі.

Сястра на заводзе за дзень зарабляла 1 злоты. Такога заробка працоўным не хапала і яны аднойчы зладзілі забастоўку. Два тыдні там сядзелі і начавалі, то ў выніку павысілі ім стаўку на 20 грошаў. Я памятаю, сястры ежу насіла на забастоўку.

У цэлым у горадзе сям'і лепш жылося, чым у вёсцы. У Гродне мы працавалі ўсе і атрымлівалі грошы. На траіх удавалася зарабляць тры злотых у дзень, гэтага нам хапала, каб апрануцца і пракарміцца. Але мы не маглі дазволіць сабе хадзіць па кавярнях і дарагіх крамах. На Дамініканскай (сучасная Савецкая) было шмат добрых крамаў, я туды я не хадзіла, аддавала перавагу яўрэйскім. Там было танна. Куплялі ў асноўным хлеб, крупы, мяса толькі на святы".

«У 1939-м мы чакалі рускіх, суседзі хацелі нас забіць». Гродзенка ўспамінае стары горад 
Вул. Дамініканская (суч. Савецкая). 1930-я гг.

Хадзілі вучыцца танцаваць да яўрэя

У 1938 годзе сям’я пераязджае жыць у цэнтр Гродна на вуліцу Замкавую. Жылі ў доме недалёка ад сённяшняга палаца тэкстыльшчыкаў, гэты будынак знеслі ў савецкія гады.

«Жылі ў невялікім доміку, па суседстве былі палякі. У буднія дні працавалі, а на выходных маглі схадзіць на танцы. Пры паляках было тры танцпляцоўкі. Адна для цывільных на пантонах на Нёмане, гэта каля піўзавода. Былі яшчэ танцпляцоўкі для вайскоўцаў - афіцэраў і для чыгуначнікаў. У Гродне танцавалі танга, а мы вясковыя — не ўмелі танцаваць. Хадзілі вучыцца да яўрэя Мэйлаха. У суботу і нядзелю ён праводзіў нам урокі танцаў, а ў буднія дні выкладаў для груп».

«У 1939-м годзе суседзі нас хацелі забіць»

У верасні 1939 года ў Гродна прыйшлі бальшавікі. Апонікі з цэнтра горада пераязджаюць на Падпярэселку ў дом № 37. Гэты прыватны дом належаў адной жанчыне. Яна не хацела ў ім жыць і пусціла Апонікаў туды бясплатна. Сама ж гаспадыня сышла жыць у горад.

«У Гродне некаторыя жыхары сустракалі бальшавікоў з кветкамі. У асноўным гэта былі беднякі - сяляне, ці людзі, якія калісьці жылі ў Расіі. Напрыклад, мая мама падчас Першай сусветнай была там у бежанстве. Працавала і зарабляла. Таму ёй рускія былі знаёмыя і мы ў Гродне іх чакалі. Чуткі даходзілі да горада, што з бальшавікамі добра жывецца, і мы спадзяваліся, што яны прыйдуць і будзе праца для ўсіх. А так за польскім часам мы ўсе працавалі толькі на падпрацоўках, а многія хацелі быць пастаянна працаўладкаваны.

У верасні 1939 года мы не ведалі, хто прыйдзе ў Гродна. Немцы напалі на Польшчу, рускія войскі ўвайшлі з іншага боку. І калі да нас прыйшлі бальшавікі, мама выйшла на вуліцу і сказала: «О, як добра, што рускія прыйшлі». Адзін сусед-паляк падслухаў гэта і вырашыў забіць усю нашу сям’ю. Суседка даведалася пра змову і пераказала нам гэта. Яна сказала, што ўначы адкрые акно, каб мы да яе пералезлі. Так і зрабілі. Пераначавалі і сышлі на Падпярэселку. А сусед і сапраўды раніцай прыходзіў. Былі дзверы адкрытыя і ўсё перавернута. У Гродне палякі не любілі беларусаў ці рускіх, называлі кацапамі. А яўрэяў наогул ніхто не любіў.


«Рызыкаваў, але захаваў». Гродзенец паказаў шыльду, якую схаваў яго прадзед ў 1939 годзе


Рускія калі прыйшлі, правялі вялікі збор для людзей. І адзін гродзенец у іх спытаў: «Скажыце, працы для нас у вас хопіць?». А той яму ў адказ: «Хопіць, работы колькі хочаш».

Новая ўлада адразу ж узялася за багатых — іх вывозілі, а бедных ніхто не чапаў. Хтосьці з польскіх патрыётаў спрабаваў абараняцца і памятаю, што хлапчукі падбілі савецкія танкі, якія заязджалі на мост. Тады загінулі двое рускіх, адзін з іх Гарнавых. Таму ў будучыні і вуліцу назвалі Гарнавых".

«У 1939-м мы чакалі рускіх, суседзі хацелі нас забіць». Гродзенка ўспамінае стары горад 
Кадр з кінахронікі аб вызваленні Заходняй Беларусі, і ў прыватнасці Гродна, у 1939 годзе

Суп для палонных, і паненкі ў капялюшыках

Не паспелі гродзенцы звыкнуць да першых саветаў, як у 1941-м годзе ў горад уваходзяць немцы. Ніна кажа, што ў першую чаргу пацярпелі сям'і савецкіх афіцэраў, палонныя і яўрэі.

«У дзень вайны я думала, што гром моцны з маланкай удалечы. Былі водбліскі вялікія, здавалася вось-вось пойдзе дождж. У выніку пачалі бамбіць горад каля 8 раніцы. Два дні мы хаваліся ў рове каля Каложы. Першых немцаў убачыла ў двары на Замкавай.

Калі прыйшлі немцы, многія рускія трапілі ў палон. Гналі калонамі іх у горад. Памятаю, на Фолюшы быў Шталаг № 324. Мы туды хадзілі і насілі палонным што-небудзь, той жа кавалачак хлеба. Таксама памятаю, што з бабуляй варылі суп і насілі палонным у казарму на Маставой. Немцы дазволілі мясцовым прыносіць ежу для палонных. Людзі прыходзілі і здавалі яе, а немцы правяралі, каб нічога не было лішняга.

Пакутавалі ў гордзе і яўрэі, немцы сагналі іх у гета. Мы не сустракаліся з імі ў горадзе, яны ўсе былі за дротам. Шкада было іх, але мы не маглі іх вызваліць і нават дапамагчы як-небудзь. Хтосьці спрабаваў хаваць яўрэяў, але ўсё роўна немцы многіх знаходзілі і расстрэльвалі.

З прыходам немцаў мясцовыя палякі сталі зноў прыгожа апранацца. Да 1939 года на вуліцах Гродна ўсе так апраналіся, але як прыйшлі рускія, насілі толькі хусткі на галаве, каб здавацца бяднейшымі. У 1941-м годзе, пры немцах, модныя паненкі ў капялюшыках вярнуліся на вуліцы горада".

Гародніна немца карміла ўсю сям’ю

Амаль усю акупацыю Ніна працавала ў Гродне на нямецкага фермера Рыка і тым самым карміла сваю сям’ю, у якой не было працы. На адных картках на ежу выжываць было цяжка.

«Я і іншыя мясцовыя дзяўчаты працавалі ў парніках у Каложскім парку. Уладальнік быў немец Рык, а аграномам у яго быў нейкі чэх. Летам у яго чалавек пад 80 працавала, а зімой — 10. Кантора была на сучаснай вуліцы 17 Верасня. У гэтым доме № 14 ён і жыў. Калі па нас прыходзіла позва на выезд у Германію, мы ішлі да чэха, а ён ужо да немцаў і дамаўляўся.

За працу на агародах нам плацілі грошы. Колькі дзён — столькі марак. Зарплату давалі ў запячатаным канверце. Калі партызаны недзе падарвуць цягнік, то ў нас вылічвалі з заробку. У акупацыю я практычна адна карміла сваю сям’ю.

Даводзілася красці ў немца гародніну. У фартух набірала капусту і буракі, а потым хавала ў яму каля Каложы і закопвала. А калі дадому ішла, то выкопвала. Цыбулі наносіла дадому столькі, што мама прадавала яе і туфлі мне потым замовіла. Красці не баяліся, немец не ведаў. Але быў адзін агароднік, які вазамі вывозіў. Яго злавілі і ён атрымаў сур’ёзна. Немцу ён паскардзіўся, што дзяўчаты таксама выносяць гародніну ў фартухах. Дык Рык яму ў адказ: «Фартух гэта не нейкая фурманка». Нас гэты немец называў «старыя паненкі», мы ў яго пастаянна працавалі. А таго мужыка збіў у нас на вачах".

На вайне страціла двух братоў

Пасля вызвалення Гродна братоў Ніны забралі на фронт. Яны загінулі. Сама жанчына пайшла працаваць у Ваенгандаль.

«Было цяжка, але ў нямецкай акупацыі мы выжылі. Нас вызвалілі ў ліпені 1944 года. Братоў адразу ж забралі на фронт. Малодшы сапёрам быў, у студзені 1945 загінуў пад Варшавай. А старэйшага прывезлі з ранамі ў Гродна, тут ён і памёр. Там дзе зараз Аграрны ўніверсітэт на Акадэмічнай пасля вызвалення быў ваенны шпіталь. І часта параненыя гінулі, іх хавалі ў парку, дзе зараз атракцыёны. Я ж пасля вайны пайшла працаваць у Ваенгандаль, прапрацавала там да самай пенсіі».

«У 1939-м мы чакалі рускіх, суседзі хацелі нас забіць». Гродзенка ўспамінае стары горад 
Ніна Снічыч, 2018 год

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life