Айцу Аляксею Саўко амаль 30 гадоў. Архіепіскап Арцемій блаславіў яго фармаваць праваслаўную абшчыну на Фолюшы і будаваць у гэтым мікрараёне храм. Пакуль абшчына невялікая і збіраецца ў былой спартзале ваеннага гарадка. Hrodna.life пабываў на службе ў прыходзе храма ў гонар Уваскрасення Хрыстовага.

Многія былі атэістамі

Будынак спартзалы, як і многія казармы былога ваеннага гарадка, прастойвае ўжо шмат гадоў. Гарадскія ўлады планавалі пабудаваць там спартыўна-аздараўленчы комплекс і нават стварыць мікрараён жылой забудовы. Але планы пакуль застаюцца планамі.

Праваслаўнага храма на Фолюшы ніколі не было. За савецкім часам тут жылі ў асноўным сям'і вайскоўцаў.

«Многія тут былі атэістамі. Ну, вы разумееце, якое раней было стаўленне дзяржавы да царквы. Гэта цяпер усё змянілася. Будзе ў нас храм, будзем хадзіць», — кажа жыхарка Фолюша. Сама на службу ў былую спартзалу яна яшчэ не прыходзіла, але актыўна сачыла за тымі, хто туды ідзе.

«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў
«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў

«Трэба прымаць усё як ёсць»

Айцец Аляксей даведаўся, што будзе займацца фарміраваннем праваслаўнай абшчыны на Фолюшы, у жніўні 2018 года. Для яго — маладога святара — гэта сур’ёзны выклік.

«Калі мяне выклікаў архіепіскап і сказаў, што я буду займацца храмам і абшчынай, то ў мяне жылкі трэсліся, — распавядае айцец Аляксей. — Думаў, як і што гэта. Але мінула трохі часу і зразумеў: трэба прымаць усё як ёсць. Гэта новае служэнне, подзвіг для мяне. Калі мне даручылі гэтым займацца, значыць так і павінна быць. Будзем працаваць з Божай дапамогай».

Святар распавядае, што планы стварэння суполкі і храма на Фолюшы з’явіліся пасля шматлікіх зваротаў жыхароў у епархіяльнае ўпраўленне.

«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў
«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў

У канцы лістапада абшчына атрымала рэгістрацыю і стала збірацца на першыя набажэнствы. Знаёміліся, размаўлялі, было шмат вернікаў. Але ім не было дзе збірацца. Спачатку маліліся ля помніка ахвярам Шталага — нацысцкага лагера Другой сусветнай, у тым месцы, дзе прыход хацеў бы бачыць свой храм.

У халодную пару года людзі замярзалі, а пасля хварэлі. Вернікі сталі шукаць выйсце.

З-за холаду людзей было ўсё менш

«Першы раз на малебен прыйшло каля 120 чалавек, — кажа святар. — Паглядзелі, што холадна, і з кожным разам людзей станавілася ўсё менш. Мы не маглі губляць людзей і сталі шукаць выйсце. Прагледзелі ўвесь інтэрнэт у пошуку арэндных памяшканняў у раёне Фолюша.

У выніку на савеце было прынята рашэнне папрасіць у гарадскіх уладаў будынак былой спартзалы ваеннага гарадка. Горад нам дазволіў арандаваць гэта памяшканне. Ужо лепш, чым на вуліцы. За памяшканне мы плацім грошы, хоць невялікія, але ўсё-ткі плацім. Пакуль у нас няма храма, важна каб людзі маглі хоць у нармальных умовах маліцца. Цяпер у нас у сярэднім збіраецца па 60 чалавек. Гэта не толькі пенсіянеры, да нас прыходзяць людзі рознага ўзросту".

«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў
«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў
«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў

У спартзале таксама холадна

На малебен у былой спартзале вернікі збіраюцца па нядзелях. Служба доўжыцца каля гадзіны. Але нават у закрытым памяшканні не ўсе могуць знаходзіцца доўга з-за холаду.

«Пра службу я даведалася з аб’яваў, якія вісяць на пад’ездах, — распавядае жыхарка Фолюша Аляксандра. — Уразіла, калі ўбачыла ўсё гэта ў былой спартзале. Вядома, гэта ненармальна, але гэта адзінае месца, якое пакуль прадаставіў горад. Тут вельмі халодна, я нават службу не прастаяла і замёрзла».

Яна кажа, што сёння вайскоўцаў на Фолюшы засталося мала, гэта ў асноўным пенсіянеры. Новы храм будзе больш патрэбны маладым сем’ям, для якіх цяпер будуюцца новыя дамы.

«Многія хочуць адразу гатовы храм»

У былой спартзале прыхаджане навялі парадак, заклалі акно, уставілі дзверы. Памяшканне не ацяпляецца. Каштоўныя рэчы святар там пакуль не пакідае.

«Мы ўсё робім самі і людзі паступова даведваюцца пра нас, — кажа айцец Аляксей. — Амаль са старту ў парафіі з’явіўся хор, дзякуючы ініцыятыўным маладым хлопцам, якія захацелі спяваць. Прыхаджане ўбаку не адседжваюцца, кожны дапамагае чым можа. Хтосьці пясок прывёз, хтосьці зрабіў падстаўку для абразоў, дзверы нядаўна ў памяшканні паставілі. Можа хтосьці дываны прынясе, каб не так холадна было стаяць.

Кожны працуе ў меру сваіх сіл і магчымасцяў. Гэта так заўсёды адбываецца ў любым храме, які будуецца. Спадзяемся, жыхары Фолюша будуць прыходзіць і дапамагаць нам. Шмат хто хоча гатовы храм і адразу туды ісці, але мала хто хоча пачынаць усё з самага пачатку. Дзесьці прыходы пачынаюцца з дзесяці чалавек і ў іх усё атрымліваецца. У нас, дзякуй Богу, больш і мы стараемся".

«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў
«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў
«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў

Месца масавых пахаванняў - лепшы варыянт для будаўніцтва царквы

Цяпер прыход рыхтуе дакументы па новым храме. Святар кажа, што ўжо ёсць эскізы і месца, якое выбраў савет.

«Спадзяемся, гарадскія ўлады падтрымаюць і дадуць пляцоўку пад будаўніцтва храма, — кажа айцец Аляксей. — Мы спецыяльна абралі месца, дзе побач былі масавыя пахаванні загінуўшых у Шталагу падчас апошняй вайны. Мы павінны асвяціць подзвіг тых людзей. Яны памерлі ў канцлагеры — яны не былі здраднікамі Радзімы. Яны здзейснілі подзвіг, душу і жыццё аддалі за сяброў і сваякоў. Будаўніцтвам царквы ў тым месцы мы хочам асвяціць памяць гэтых некалькіх тысяч загінуўшых».

«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў
«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў
«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў
«Усё робім самі». Былая спартзала ваеннага гарадка стала месцам малітваў

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life