Апельсіны, вада для палонных і размова з вязнямі гета. 88-гадовая гродзенка ўспамінае жыццё ў старым Гродне

Сям'я Барэвіч ў 1938 годзе

Hrodna.life працягвае распавядаць гісторыі з жыцця гродзенцаў міжваеннага і ваеннага часу. Наш чарговы аповяд – пра Алену Іванаўну Барэвіч, якая ўсё жыццё пражыла на вуліцы Суворава, у мінулым – Беластоцкай.

Нагадаем, першая кніга сабраных намі ўспамінаў “Горад адзін, успаміны розныя” ўжо выйшла. Хутка яна з’явіцца ў продажы.

Нарадзілася Алена Іванаўна ў 1931 годзе ў Гродне. Каталічка. Бацька быў чыгуначнікам – звычайным служачым. Сям’я жыла ў службовым жыллі на станцыі Ласосна, а пасля набыла ўчастак уздоўж вуліцы Беластоцкай у братоў О’Брыен дэ Ласі.

«У Першую сусветную сям’ю майго дзядулю, які працаваў стрэлачнікам на чыгунцы ў Гродне, вывезлі ў Расію. Спачатку ў Кастраму завезлі, а пасля ў Петраград. Адтуль яны вярталіся ў Гродна. Мой бацька быў таксама чыгуначнікам і мы атрымалі службовае жыллё ў доме каля станцыі Ласосна. У маёй метрыцы так і напісана: “Нарадзілася ў горадзе Гродна, станцыя Ласосна”.

Бацька працаваў на цэнтральнай станцыі і кожны дзень дабіраўся спадарожным цягніком у цэнтр горада, назад, бывала, ішоў пешшу. Пры паляках мама зусім не працавала – была хатняй гаспадыняй. У нас быў агарод, то мама там займалася, а таксама даглядала мяне і брата”.

У школу прыходзіў і ксёндз, і бацюшка

Вучылася Алена Іванаўна ў школе імя Стэфана Жэромскага (сучасная школа №6). Скончыла там два класы. А пасля аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі бацькі аддалі дачку на час у школу каля духоўнай семінарыі. Там Алена Іванаўна вучылася ў маленькіх манаскіх келіях. Пасля вайны гродзенка працягвала вучобу ўжо ў савецкай школе.


Вартая таго, каб унеслі ў спіс спадчыны. Гісторыя самай старой школы Гродна


“У 1930-х гадах у нас у школе вучыліся розныя дзеці. Сёння іх называюць беларусы, а раней – праваслаўныя. Да іх бацюшка прыходзіў на рэлігію, а да нас каталіцкі святар. Я памятаю ў мяне была школьная сяброўка Хмяльніцкая, так у яе была змяшаная сям’я і сястра яе хадзіла год да праваслаўных, а пасля да каталікоў. Былі і такія выпадкі.

У школе ў нас была форма: у малодшых класах шэрыя фартухі, у старэйшых – чорныя, таксама абавязкова белы каўнерык і бант. У кожнага класа быў бант свайго колеру. Кожную раніцу ў клас прыходзіла пані гігіеністка і глядзела рукі і галаву вычняў. Так было асабліва ў малодшых класах. У нас былі дзеці з не вельмі добрых сем’яў, недамытыя – рабілі іх бацькам заўвагу. А ў класе на такіх дзяцей заўсёды коса паглядалі. Агулам у школе была дысцыпліна і ганаровыя вучні на лінейцы, бывала, раніцай чыталі патрыятычныя вершы і ўздымалі сцяг”.

Апельсіны, вада для палонных і размова з вязнямі гета. 88-гадовая гродзенка ўспамінае жыццё ў старым Гродне
Школа імя С. Жэромскага. Была адкрыта польскімі ўладамі як “Школа Павшэхна №7” у самым пачатку 1930-х гг.

Зямлю куплялі ў Дэ Ласі

У міжваенны час Барэвічы жылі ў службовым доме на самай ускраіне горада, на станцыі Ласосна. У другой палове дома жыла шматдзетная сям’я чыгуначнага манцёра Ганусевіча.

“Жылі сабе спакойна побач са станцыяй. Заўсёды бачыла цягнікі, якія ехалі ў польскія гарады і назад у Гродна. У суседа Ганусевіча была вялікая сям’я – пяцёра дзяцей. Жылі дружна з імі, кантактавалі. З часам мой бацька ўзяў у растэрміноўку зямлю ў сям’і Дэ Ласі, каля дарогі па вуліцы Беластоцкай. Там будавалі дом.

У Дэ Ласі быў цэлы маёнтак і шмат зямлі, але яны ўсё разбазарылі і дзяржава за даўгі частку забрала і прадавала. Так і мы купілі сабе ўчастак. Па суседстве з намі жыло шмат яўрэяў у якіх былі свае крамы. Жылі дружна і я не памятаю, каб на нацыянальнай глебе былі нейкія канфлікты”.

Апельсіны, вада для палонных і размова з вязнямі гета. 88-гадовая гродзенка ўспамінае жыццё ў старым Гродне
Сям’я Ганусевічаў. 1930-я гг.

Фанерны завод яўрэя Браўна

Недалёка ад дома сям’і Барэвіч быў фанерны завод яўрэя Браўна. Алена Іванаўна памятае частыя забастоўкі рабочых на гэтым прадпрыемстве.

“Шмат клопатаў было ў гэтага Браўна, бо працавалі ў яго камуністы. Як толькі ён не даваў зарплату, на заводзе раўла сірэна. Мама казала: “Ізноў бяда ў Браўна”. Такім чынам працоўныя страйкавалі і хацелі, каб уладальнік своечасова выплачваў ім заробак. Мама распавядала, што два разы завод Браўна нават падпальвалі. А ён не мог своечасова плаціць зарплату рабочым, таму што збыту тавару не было. Памятаю, Браўн да таты заходзіў і пытаўся, ці зможа ён яму дапамагчы з дастаўкай. Браўну патрэбен быў транспарт хутчэй, каб пагрузіць прадукцыю, але бацька нічога не мог зрабіць. Ён быў звычайным рабочым на чыгунцы, а не начальнікам. У нямецкую акупацыю заводам Браўна завалодаў немец Рупель. Фанерны завод ён раскідаў і зрабіў там мэблевую фабрыку. Людзі казалі, што сам Браўн паспеў кудысьці ўцячы”.

“Пяціхвілінка” і апельсіны

Памятае гродзенка, як хадзіла ў цэнтр горада і там фатаграфавалася, а таксама апельсіны, якія прадаваліся ў крамах.

“Аднойчы да нас прыехала маміна сястра і мы пайшлі ў горад. Былі на вуліцы Лістоўскага [названая ў гонар першага прэзідэнта Гродна Эдварда Лістоўскага, сучасная Кірава – рэд]. І недзе каля турмы нас сфатаграфаваў фатограф. Я тады была з шарыкам і палову твару сабе закрыла ім. Фатограф даў нам квіток на здымак, каб мы яго выкупілі. Нягледзячы на ​​тое, што шарык амаль мяне закрыў, мы ўзялі гэты здымак. Ён у мяне дагэтуль недзе ляжыць. Такія хуткія здымкі называлі “пяціхвілінкай”.

З міжваеннага Гродна памятаю апельсіны ў скрыначках. Гэта сёння гэтай садавіны шмат, а ў 1930-х гг. мама купіць адзін-два, гэта было шчасце. Памятаю, на вітрыне кожны апельсін быў у скрыначцы і ў сурвэтцы. Гэта было дарагое задавальненне. Больш за ўсё апельсінаў я наелася, калі майго брата хрысцілі. Тады дзядзька прыйшоў са сваімі дочкамі і цэлым пакетам садавіны.

А так мы хадзілі ў асноўным у прыватныя крамы каля дома. Напрыклад, да пані Ванішэўскай, Лацвіковай і Ляскоўскай. У яўрэяў была крама каля вялікага дома. Сёння там пошта, а раней крама і здымныя кватэры. Яўрэі гэты дом пабудавалі пасля таго, як прыехалі з заробкаў з ЗША. У іх у краме было ўсё што захочаш: крупы, макуха (рэшткі ад постнага масла) і іншае. Недалёка ад гэтай крамы быў склад дошак, там можна было ўзяць будматэрыялы для дома. Многія тавары можна было браць “на кнігу”. Гаспадар крамы запісваў усё ў сшытак, а пасля, калі былі грошы, то ўсё яму аддавалі”.

Бамбілі немцы, а прыйшлі рускія

У верасні 1939 года Алена Іванаўна каля свайго дома на ўскраіне Гродна бачыла і нямецкія самалёты, і савецкія танкі.

“Гэты перыяд я называю польска-нямецкая вайна, і насамрэч так і было. Незадоўга да вайны ў небе нешта наспявала, а на запасных шляхах сабраўся невялікі эшалон польскага войска і іх там чамусьці навучалі. І раптам над жалезнай дарогай нізка-нізка, насупраць нашага дома, ляціць самалёт і як бухнуў тры бомбы! Салдаты спачатку думалі, гэта былі пробныя налёты. Тады хтосьці моцна пацярпеў, але самалёт той з чорнымі крыжамі я запомніла. Калі ён павярнуў, салдаты пабеглі да нас у двор, а бацька ім крычаць: “Панове, вы што робіце? У мяне дзеці тут. Не трэба каб з двара вы стралялі па нямецкім самалёце. Стаўце свой карабін машыновы [кулямёт – рэд.] за ганкам”. У выніку яны яго паставілі недалёка ад шляхоў.

Пасля налёту ў нас усе шыбы ў доме былі разбітыя, а з паліц усё ўпала. Тады ўжо ўсе зразумелі, што пачалася вайна. А мы – дзеці дурныя былі – радаваліся , што 1 верасня ў школу не трэба ісці.

Налёты працягваліся да сярэдзіны верасня, але немцы так і не ўвайшлі. Алена Іванаўна мяркуе, што не паспелі. Тады людзі казалі, што Польшчы ў вайне з Германіяй дапаможа Англія і Францыя. Але 20 верасня ў Гродна начакана ўвайшлі саветы.

Апельсіны, вада для палонных і размова з вязнямі гета. 88-гадовая гродзенка ўспамінае жыццё ў старым Гродне
Драцяныя загароды на мосце ў Гродне пры адступленні польскага войска. Верасень – кастрычнік 1939 года

“Памятаю, што нехта сустракаў камуністаў з кветкамі, а нехта пасіўна ставіўся да іх. Былі і тыя, хто змагаўся, асабіста я бачыла адзін танк, які гарэў – яны праязджалі па нашай вуліцы. Што адбывалася ўжо ў горадзе, я не ведаю. Калі прыйшлі саветы, салдат адзін да нас прыскакаў на кані і спытаў на рускай мове: “Где кладбище”. Менавіта “кладбище” было першым рускім словам, якое я пачула. Адправілі яго на Францішканскія могілкі. Мабыць у іх быў там зборны пункт, але я дакладна не ведаю.

Калі бацька прыйшоў на працу, яму калегі параілі сарваць з формы бэзавую і чырвоную палоскі, а з “рагатыўкі” [кепкі ў служачых і ваенных у Польшчы – рэд.] серабрыстую палоску і кукарду з арлом. Так і з гузікамі было – нешта прыйшлося абшываць сінім матэрыялам. Бацька абадраны так і прыйшоў дадому і мама яму сказала: “А гэта што такое?”. Яму прыйшлося тлумачыць.

У горадзе з прыходам новай улады людзей пачыналі раскулачваць і вывозіць. Бывала, што з-за нянавісці людзі нагаворвалі адзін на аднаго. Памятаю, да нас прыходзілі польскія салдаты і прасілі грамадзянскую вопратку. Мама нешта давала, а яны шынэлі пакідалі. Потым мне з іх шылі паліто”.

Праз некалькі дзён пасля прыходу камуністаў у Заходнюю Беларусь на цэнтральнай чыгуначнай станцыі ў Гродне ўсіх польскіх служачых памянялі на савецкіх. Бацька Алены Іванаўны пайшоў працаваць на завод па нарыхтоўцы сена, які знаходзіўся недалёка ад дома.

Яўрэі і палонныя чырвонаармейцы

Праз два гады пасля прыходу камуністаў у Гродна прыйшлі немцы. Недалёка ад дома сям’і Барэвіч быў лагер для ваеннапалонных. Частая карціна – па трасе вядуць вялікую калону палонных чырвонаармейцаў або вязняў гета.

“Як у саветаў, так і немцаў былі свае парадкі. У горадзе была каменданцкая гадзіна, дазвалялася быць на вуліцы да 22:00. Яўрэяў па вуліцы прымусілі хадзіць строга з жоўтымі зоркамі. Адна мая цётка Юзя ішла неяк па вуліцы і немец яе палічыў яўрэйкай. Даў па мордзе жанчыне з-за таго, што на ёй не было зоркі і з-за тое, што ішла па тратуары.

А былі выпадкі наадварот, калі яўрэйкі былі падобныя да полек. Была ў нас знаёмая пані Віхнэ і не была яна падобная на тыповых яўрэяў. Дзякуючы такому выгляду яна магла часта выходзіць з гета. Яна прыходзіла да маёй цётцы Броні і шыла для яе дзяцей вопратку на заказ. Там яе кармілі і аднойчы яе дачка, таксама прыгажуня, прыйшла да цёткі за сваёй маці і сказала: “Мама, сканчай працу, мы ўжо не вернемся. Усіх будуць вывозіць у лагер”.

Памятаю, як яўрэяў гналі па Беластоцкай шашы, па нашай вуліцы ў напрамку Калбасінскага лагера. Там спачатку былі ваеннапалонныя, а пасля зрабілі перасыльны лагер для яўрэяў. Хто не мог ісці, тых білі, мы з-за плота ўсё гэта бачылі. Нам некаторыя знаёмыя яўрэі махалі рукой, памятаю шавец развітаўся. З Калбасіно яўрэяў вывозілі ў Асвенцім, дзе іх чакала смерць.

Памятаю, пані Віхнэ на развітанне казала цётцы Броні: “Кажуць, што ў нас смерць будзе лёгкая. Зайшоў у камеру і няма цябе”. Яўрэі ўжо ведалі, куды іх вязуць, бо чуткі пра лагеры смерці даходзілі да Гродна. Гродзенскіх яўрэяў вывозілі этапамі праз станцыю Ласосна. Нікому да цягнікоў падыходзіць нельга было. Людзі паміж сабой абмяркоўвалі, чаму яўрэі не збягаюць – іх было так шмат”.

Апельсіны, вада для палонных і размова з вязнямі гета. 88-гадовая гродзенка ўспамінае жыццё ў старым Гродне
Дэпартацыя яўрэяў з гета. Калона iдзе па сучаснай па вуліцы Гарнавых у кірунку Суворава. 1941-42 гг

Алена Іванаўна кажа, што не толькі яўрэяў гналі непадалёк ад яе дома, але і ваеннапалонных чырвонаармейцаў.

“Я, памятаю, бачыла вялікі лагер ваеннапалонных, калі ішла на Ласасянку купацца. Побач з лагерам былі вялікія могілкі і шмат пахаванняў. Мясцовыя казалі, што палонныя масава паміралі ў лагеры з-за розных хвароб.

Неяк улетку на шляхах каля дома стаялі вагоны з палоннымі. Я часта глядзела на іх, а з маленькіх акенцаў тырчалі рукі і даносіліся галасы. Аднойчы я пачула: “Девочка, водички принеси”. Немцы дазволілі дзецям насіць ваду палонным. Я пайшла па ваду з пасудзінай, якую перадаў адзін палонны. Акенцаў было шмат і куды аддаваць ваду я ўжо не ведала. Падала ваду аднаму і ён узяў. А з другога акна мне ў адказ: “Деточка, так это моя посуда была…”. Памятаю гэта як цяпер.

Апельсіны, вада для палонных і размова з вязнямі гета. 88-гадовая гродзенка ўспамінае жыццё ў старым Гродне
Калона палонных чырвонаармейцаў. 1941 год

Сыр і вяндліна ў краме

Падчас нямецкай акупацыі бацькі дазвалялі Алене хадзіць у горад да сябровак. Яна хадзіла на вуліцы Паўночную і Пушкіна – літаральна на другі канец горада.

“Часта хадзіла праз цэнтр. Памятаю, прыйду на плошчу, а там нямецкія крамы. Там у іх на вітрыне ўбачыла жоўты сыр і вяндліну. У адной з такіх крам працавала мая знаёмая і я зайшла туды, але нам – мясцовым – нічога не прадавалі. Усё для немцаў.

Падчас акупацыі мясцовых часта ганялі разбіраць развалы ў цэнтры горада. А пад імі было шмат багацця, бо былі яўрэйскія дамы і крамы. На плошчы часта моладзь збіралася, абменьваліся рэчамі. Немцам гэта не падабалася і яны разганялі людзей, кагосьці вывозілі ў Германію на працы. Мяне не вывезлі, я паспела схавацца”.

Апельсіны, вада для палонных і размова з вязнямі гета. 88-гадовая гродзенка ўспамінае жыццё ў старым Гродне
Алена Іванаўна Барэвіч у 2018 годзе. Жанчына дагэтуль жыве ў сямейным доме на былой вуліцы Беластоцкай.

Вызваленне

Падчас вызвалення Гродна савецкімі войскамі ў ліпені 1944 года каля дома сям’і Барэвіч зноў было шматлюдна – немцы масава адыходзілі.

“Памятаю, як у ліпені 1944-га падчас вызвалення ў нас адзін немец хаваўся ў склепе ад абстрэлу. Мама яго гнала, а ён з карабінам сядзеў. Быў, мабыць, нейкі дурны, баяўся за ўсё. А так у чарговы раз натоўп людзей быў на нашай вуліцы. Немцы з іншымі, так званымі здраднікамі, адыходзілі на захад.

Праз некаторы час зноў гналі людзей, толькі ўжо ў зваротным кірунку. Потым пайшлі каровы, якіх гналі з Германіі. Дык у нас нават травы не было ў двары. Жанчын прасілі даіць гэтых бедных кароў”.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: