Калі б вы апынуліся ў Гродне часоў паўстання Тадэвуша Касцюшкі ці паходу Напалеона на Расію і сказалі каму-небудзь, што ў яго «да халеры грошай» або, «каб яго халера забрала», то вас бы ніхто не зразумеў. Тады халеры, гэтай страшнай хваробы, якую пасля назвалі «чумой 19-га стагоддзя», проста не існавала.

Літаральна праз некалькі гадоў халера пранеслася праз усе кантыненты, забіўшы дзясяткі мільёнаў людзей і парушыўшы сацыяльныя інстытуты грамадства. Не абмінула яна і Гродзеншчыну, прабіўшы ў насельніцтве самую вялікую за ўсё 19 стагоддзе дэмаграфічную дзіру.

Адкуль прыйшла «сабачая хвароба»

Халера — вострае інфекцыйнае захворванне. Выклікае яго халерны вібрыён — бактэрыя, якая ў звычайным сваім стане выконвае вельмі важную для экасістэмы планеты функцыю — «з'ядае» дзясяткі мільёнаў тон хіцінавых покрываў рачкоў, якія жывуць у акіяне. Бактэрыя гэтая доўгія стагоддзі была няшкоднай для чалавека, бо з ім мала сутыкалася, але ў пачатку 19 стагоддзя чалавек пачаў актыўна засвойваць мангравыя балоты дэльты Ганга, дзе халерны вібрыён жыве ў вялізнай колькасці.

У дадатку ў 1815 г. выбухнуў інданезійскі вулкан Тамбора, які настолькі закрыў сваім попелам планету ад Сонца, што ў 1816 г. лета амаль не было. Змены клімату і шчыльны кантакт з людзмі прывялі да таго, што халерны вібрыён прыстасаваўся да чалавека.

Халера: як страшная хвароба касіла гродзенцаў у 19 стагоддзі
Дзяўчына да і пасля захворвання халерай
Халеру называлі «сабачай хваробай» бо выглядала яна надзвычай непрыемна. Халерны вібрыён, які размножыўся ўнутры чалавека, выдзяляе магутны таксін, на які арганізм рэагуе вялікай колькасцю вады, якой спрабуе вымыць яго з арганізма. Чалавек раптам падае на зямлю і ў яго пачынаецца панос, які амаль не спыняецца. За некалькі гадзін чалавек можа страціць нават 14 літраў вадкасці і памірае проста ад абязводжвання.

Людзі не ведалі ад чаго бярэцца халера (а насамрэч вібрыён трапляе ў чалавека праз ваду) і думалі што ўся шкода ад міязмаў - шкоднага паветра балотаў або адходаў чалавека. Адным словам — калі не чуеш дрэннага паху, то і не захварэеш, але аказалася зусім іначай.

Хваробу прынеслі рускія жаўнеры?

Калі дакладна з’явілася халера на Гродзеншчыне — невядома. На суседняй Валыні яе выпадкі фіксаваліся ўжо ў канцы лета 1830 года. Аднак лічыцца, што яе разнеслі па нашых землях дзясяткі тысяч расійскіх жаўнераў, якія ў пачатку 1831 г. перапраўляліся сюды з Азіі і Прычарнамор’я, каб душыць паўстанне супраць цара, якое пачалося ў Польшчы, Літве і Беларусі ў канцы 1830 года.

Халера касіла не толькі жаўнераў-шарагоўцаў, але і генералаў. У канцы мая 1831 г. ад халеры памёр пасланы душыць паўстанне расійскі генерал Іван Дзібіч-Забалканскі (насамрэч немец Ганс Дзібіч), а ў пачатку чэрвеня ў Віцебску халера ўсяго за 15 гадзін забіла брата цара Мікалая І Канстанціна Паўлавіча.

Паміралі проста на вуліцы

І вось халера апанавала Гродзеншчыну. Гэта быў сапраўдны Апакаліпсіс. Людзі паміралі дзясяткамі. Ідзе сабе чалавек па дарозе, тут у яго пачынаецца мацнейшы боль у жываце і літаральна праз некалькі гадзін ён ужо або мёртвы, або ляжыць на зямлі, высахлы і пасінелы і мала чым адрозніваецца ад мерцвяка.

Халера: як страшная хвароба касіла гродзенцаў у 19 стагоддзі
Хуткая смерць ад халеры ў 1848 г.
Улады ўвялі інстытут спецыяльных служачых, якіх называлі гіцлямі. Гэта былі апранутыя ў чорнае людзі ў масках, якія ездзілі на конях і мелі на ўзбраенні доўгі кій з кручком. Гіцлі ездзілі па дарогах і калі бачылі хворага памерлага ці яшчэ нават жывога чалавека, то гэтым кручком чаплялі яго і цягнулі да спецыяльнай ямы, куды скідвалі цела. Такія халерныя ўзгоркі ў некаторых месцах Гродзеншчыны людзі дасюль называюць Могліцамі.

Халерныя бунты

Халера ўмомант адрадзіла сярод вяскоўцаў старадаўнія паганскія звычаі і павер'і. Людзей, якія прыходзілі ў вёску і не маглі толкам патлумачыць, хто яны такія, падазравалі ў вядзьмарстве і меркавалі, што яны разносяць халеру. З імі ашалелыя ад страху людзі паступалі вельмі жорстка.

Прыкладам сяляне вёскі Кавалевічы на Слонімшчыне закапалі падазраваную ў распаўсюджванні халеры сялянку Праскоўю Шведаву жыўцом у зямлю, пахаваўшы яе як вядзьмарку разам з пеўнем і варонай. Далей сяляне займаліся тым, што ткалі чырвоную нітку і абносілі ёй вёску і ставілі спецыяльны крыж. Такі напалову хрысціянскі, напалову паганскі звычай таксама павінен быў абараніць паселішча ад ведзьмакоў, якія перакрочыць праз чырвоную нітку не маглі.

Халера: як страшная хвароба касіла гродзенцаў у 19 стагоддзі
Выворванне халеры — яшчэ адзін напаўпаганскі звычай па барацьбе з хваробай
Улады стараліся замяць такія справы, бо ведалі, што ў некаторых губернях Расіі прайшлі магутныя халерныя бунты, калі людзі забівалі лекараў, разбівалі бальніцы і карэты хуткай дапамогі. Таму сялян наказалі кнутом і нават не выслалі.

Колькі памерла гродзенцаў - невядома

Сацыяльная кастастрофа тычылася не толькі сялян, але і гараджанаў. Людзям страшна было бачыць як чалавек, які толькі ранкам паеў папулярнага ў нас «бацьвіння з лёдам» (халаднічок, дзе ў вадзе яўна жылі халерныя вібрыёны), раптам падаў на зямлю і паміраў ва ўласных фекаліях. Пры тым абязводжаны чалавек мог адразу і не памерці, людзей часта хавалі яшчэ жывымі.

Што маглі супрацьпаставіць хваробе ўлады? Напрыклад, на ўваходах у Гродна паставілі каранціны, дзе ўсіх, хто ўязджаў у горад, вымушалі акурвацца каля спецыяльных вогнішчаў, каб забіць шкодныя міазмы. Каля гэтых акурвальных вогнішчаў часта ўзнікалі патасоўкі нават з панажоўшчынай.

Колькі памерла гродзенцаў ад халеры ў 1830−1832 гг. — невядома. Лічба памерлых жыхароў губерні складала тысячы, а разам з расійскімі салдатамі магчыма і дзясяткі тысяч чалавек.

Халера: як страшная хвароба касіла гродзенцаў у 19 стагоддзі
Сімвалічная халера разлівае заражаную ваду з калонкі

Сярод ахвяраў - Міцкевіч

Халера ізноў наведвала нашыя землі ў 1848 і 1854−1855 гг. Тое таксама хутчэй за ўсё было звязана з тым, што праз нашыя землі праходзіла маса расійскіх салдат, якія ў 1848 г. вырушылі давіць «вясну народаў» у Еўропе, а ў 1854 г. ішлі на Крымскую вайну.

У 1855 г. па ўсёй Гродзенскай губерні захварэла на халеру 14 857 чалавек, з іх вылечылася 9500, а памерла 5357 чалавек. Смяротнасць складала каля 30%. Выходзіла, што ў 1848 і 1854−1855 гг. смяротнасць ад халеры на Гродзеншчыне складала 11−12% усіх смерцяў. Даследчык Гродзеншчыны генерал Павел Баброўскі ацэньваў колькасць памерлых ад халеры ў 1840−50-х гадах на Гродзеншчыне больш чым у 13 000 чалавек. Адной з самых знакамітых ахвяраў пандэміі халеры 1855 года стаў ураджэнец Навагрудчыны «прарок польскага народа» Адам Міцкевіч. Праўда, смерць напаткала яго не на Радзіме, але ў Стамбуле.

Дапамог вадаправод

Абсалютна жахлівыя лічбы па смяротнасці ад халеры можна адшукаць па вайсковым шпіталі ў Брэсце. Паміж 1848 і 1860 гадамі туды паступіла 2988 хворых на халеру салдат, з іх памерла 2764 чалавекі, а выжыла толькі 224! Смяротнасць даходзіла да 92%, гэта вельмі шмат нават для тых часоў.

Такая смяротнасць была звязаная з пачварнай антысанітарыяй у вайсковых шпіталях і шпіталях наогул. Хворых салдат спецыяльна не ізалявалі, трымалі ў вельмі гарачых пратопленых памяшканнях, лячылі гарчычнікамі (!) і самае галоўнае, толкам не запяспечвалі чыстай вадой і мыючымі сродкамі. Толькі пасля халерных катастрофаў расійскія ўлады заклапоціліся пабудовай у Новым Замку у Гродне, дзе быў вайсковы шпіталь, адносна нармальнай сістэмы каналізацыі.

Халера: як страшная хвароба касіла гродзенцаў у 19 стагоддзі
Ватэрклазеты ў Новым Замку, збудаваныя ў 1851 г. акурат пасля эпідэміі халеры
Ужо ў 1876 годзе ў Гродне пачаў працаваць адносна сучасны вадаправод, ваду для яго хаця і бралі з Нёмана, але досыць добра ачышчалі, таму масава халера наш горад больш не наведвала. Гродзенцы пастараліся забыць пра гэты кашмар, які так хутка паказаў наколькі слабыя чалавечыя інстытуцыі перад тварам эпідэміі. Памяць пра яе засталася толькі ў сотнях архіўных спраў, якія чакаюць свайго даследчыка і жорсткай прымаўцы: «Каб цябе халера забрала да чорта ў дупу».
Халера: як страшная хвароба касіла гродзенцаў у 19 стагоддзі
Гродзенскі Новы замак з 'комінамі' з туалетаў, каб шкоднае паветра разляталася вышэй і не шкодзіла людзям

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life