94-гадовая гродзенка Яніна Дудкевіч усё жыццё жыве ў Гродне. Не выязджаючы з роднага горада яна скончыла польскую школу, папрацавала на нямецкай фабрыцы і за саветамі завяла сям’ю. Пра сваё жыццё яна часта распавядае ўнукам і праўнукам. Сваю гісторыю гродзенка распавяла і нам.
Яніна Іосіфаўна Дудкевіч (Леванеўская) нарадзілася ў Гродне ў 1925 годзе ў сямейным доме на вуліцы Правабярэжнай. Каталічка. Яе бацька быў шаўцом, меў сваю краму. Падчас нямецкай акупацыі, дзякуючы знаёмым у магістраце, маладой гродзенцы ўдалося пазбегнуць вывазу на працы ў Нямеччыну.
«Я нарадзілася ў доме над самым Нёманам. Дзяцінства я заўсёды ўспамінаю з задавальненнем, нам было добра жыць на беразе. Побач былі добрыя суседзі, у асноўным палякі. Тата мой быў шаўцом, а мама не працавала — у яе былі праблемы з сэрцам. Моцна хварэла. І калі мне было 10 гадоў яна памерла. Я з сястрой і братам засталіся на плячах бацькі. Ён нас вельмі любіў і стараўся максімальна клапаціцца пра нас».
Бацька Яніны Іосіфаўны спачатку працаваў шаўцом дома, але калі абзавёўся шматлікімі кліентамі, то вырашыў пашырыцца і адкрыць сваю краму-майстэрню.
«Ён сам працаваў у краме, а таксама наймаў рабочых палякаў і праваслаўных. Яўрэі, якіх у горадзе было шмат, стараліся не займацца такой нізкааплатнай працай. Яны былі ў асноўным начальнікамі. Першы магазін нашага бацькі быў на вуліцы Замкавай, недалёка ад пажарнай вежы. Памятаю, ён выходзіў з дому, падымаўся па большай лесвіцы і выходзіў якраз да крамы. Яна была невялікая, бацька спецыяльна шукаў месца з малай арэндай. Незадоўга да 1939 года бацька ўжо адчыніў краму на Дамініканьскай [суч. Савецкая]. Амаль на сярэдзіне вуліцы, насупраць жаночай гімназіі. Мы не былі багатай сям’ёй, але заробак бацькі дапамагаў нам жыць, а таксама забяспечваць усім неабходным: харчаваннем, адзеннем і годнай вучобай.
Я вучылася ў агульнаадукацыйнай школе, здаецца № 7 яна называлася. Гэта там, дзе быў тонкасуконны камбінат у савецкія гады. Там вучыліся дзяўчынкі, вось там я была з сястрой. А брат хадзіў у гімназію на Акадэмічнай. У польскай школе я скончыла 7 класаў, гэта якраз у 1939 годзе было. Планавала паступіць у купецкую гімназію, але пачалася вайна — Германія напала на Польшчу, а ў Гродна ўвайшлі савецкія войскі".
У 1939 годзе з прыходам савецкай улады сям’я Леванеўскіх закрыла краму. Галава сям'і стаў працаваць дома. Шматлікія рэпрэсіі ў адносінах да заможных гродзенцаў пры першых саветах Леванеўскіх не закранулі.
«1 верасня я на вучобу не пайшла, ужо тады на вуліцах ляжалі нябожчыкі. Ляталі нямецкія самалёты і бамбілі горад. Цяпер гэтыя падзеі ў Гродне ўжо не ўспамінаюць, бо як такой вайны і не было. Пасля нямецкіх налётаў у Гродна прыйшлі рускія і забралі частку Польшчы сабе, так званыя крэсы. Пра тое, што ідзе да нас савецкая армія, мы пачулі па радыё. Наша сям’я сядзела ціха і хавалася ў падвале. Хтосьці з гродзенцаў спрабаваў абараняць горад, але сур’ёзных баёў не было. На нашай вуліцы бітваў дакладна не было. З новай уладай мы не спрачаліся, бацька згаджаўся з усім. Ён гаварыў па-руску і стараўся адхіліць ад сям'і бяду. Таму мы маўчалі і нікуды не высоўваліся. Бацька працаваў на хаце і так зарабляў. Палякі і рускія не любілі адзін аднаго, але потым прывыклі, куды ты дзенешся з такой уладай.
Пры саветах мяне панізілі ў класах. З сёмага я перайшла ў пяты клас. І нічога не зробіш, трэба было падпарадкоўвацца. Іншая мова і іншая праграма".
Падчас нямецкай акупацыі немцы збіраліся вывезці Яніну ў Нямеччыну, на прымусовыя работы. Але дзякуючы знаёмствам яе бацькі ў магістраце адпраўкі ўдалося пазбегнуць. Гродзенка засталася ў родным горадзе і працавала на нямецкай фабрыцы.
«У 1941 годзе пачалася ўжо сапраўдная вайна. Мы сядзелі як мышы дома. Бацька іншы раз з хаты не дазваляў выходзіць, вельмі перажываў за нас. А мы былі вялікімі дзяўчатамі. А ён усё казаў - сядзіце дома або ў акенца глядзіце. Сам бацька працягваў малаточкам стукаць — абутак рабіў. У адзін дзень мне прыйшла позва, каб з’явілася ў магістрат. Тады маладых гродзенцаў вывозілі на працы ў Нямеччыну, высылалі позвы і вывозілі. У майго бацькі быў добры знаёмы ў магістраце і ён папрасіў яго вырашыць гэтае пытанне. Ён дапамог і зрабіў маладзейшай мяне на 2−3 года. І ў выніку я не падышла па ўзросце. Так я і засталася ў Гродне.
Выезда ў Нямеччыну ўдалося пазбегнуць, а вось працы на немцаў - не. Бліжэй да 1944 году мяне выклікалі працаваць на швейную фабрыку каля аўтавакзалу. Шылі ўсё для немцаў, у асноўным гэта было рабочае адзенне. Нічога ваеннага. За працу плацілі, але вось скрасці нічога нельга было. Старанна правяралі. У першую змену яшчэ сяк-так можна было са знаёмымі вяртацца дадому, але вось з другой, калі ў 23:00 сканчалі, то даводзілася бегчы. Я вельмі баялася немцаў, як чарцей. Маглі папросту так збіць і расстраляць. А яны яшчэ падэшву падбівалі нейкімі жалезнымі шыпамі і чуваць было як хадзілі, то ад гуку ботаў даводзілася заўсёды хавацца».
У 1944 годзе ў адзін з налётаў авіяцыі пацярпеў дом Леванеўскіх, сям’я перабралася жыць да сына на Падольную. Ён падчас акупацыі ажаніўся і са сваёй жонкай жыў асобна.
«Наш дом на берагу пацярпеў і бацька сказаў ісці да сына, брата майго. Жылі там некаторы час спакойна. Яго дом таксама быў ля Нёмана.
Немцы спрабавалі заляцацца да нашых дзяўчат, і яны не лепш былі, таксама стараліся спадабаецца вайскоўцам. Мы з сястрой не ішлі да салдат, толькі з нашымі хлопцамі гулялі. Ладзілі дома прываткі. Завешвалі шторы, каб нічога не было відаць. Уключалі ціха музыку і танчылі. У прызначаны час усё разыходзіліся. А прыходзілі ў асноўным суседзі - моладзь. А немцы бурна адпачывалі ў рэстаранах і іншых публічных месцах у горадзе, мы там ніколі не з’яўляліся.
Аднойчы па радыё, якое мы хавалі дома, неяк пачулі, што набліжаецца савецкі фронт. Чутныя ўжо былі стрэлы гармат. На працу на фабрыку я не пайшла, а бацька наадварот казаў, каб я схадзіла, бо могуць быць непрыемнасці. Не пайшла і правільна зрабіла. Баі прыблізіліся і да горада. Мы сядзелі ў падвале да заканчэння баявых дзеянняў. Нават па ваду ў калодзеж небяспечна было выйсці, бо маглі забіць. Неўзабаве ў Гродна ўвайшлі савецкія часткі».
Яніна Іосіфаўна ў сваіх успамінах часта распавядае пра гродзенскіх яўрэяў, якіх да вайны з немцамі ў Гродне была ледзь не большасць насельніцтва. Пасля вайны іх засталося ўсяго некалькі дзясяткаў.
«Гродзенскія яўрэі былі добрымі людзьмі, мы з імі сябравалі. Быў у нас адзін сусед на Новазамковой, Іцык звалі. Прыемны быў жыдэк. Да яго пастаянна хадзілі па прадукты. А ён прадаваў усё. Можна было і без грошай браць, на кніжку. Яшчэ за палякамі хапала гродзенцаў, якім не падабаліся яўрэі, казалі не купляць у іх і не сябраваць. Але ў нас праблем з імі ніколі не было.
Калі прыйшлі немцы, то яны страшна здзекаваліся з гродзенскіх яўрэяў. Загналі іх у гета і агарадзілі яго. У бацькі быў знаёмы яўрэй, які часам дапамагаў з абуткам у краме. Яго забралі ў гета з сям’ёй і бацька насіў яму пасылкі. А калі забаранілі дапамагаць, то перадаваў іх левымі шляхамі.
Шкада было людзей, я проста не разумею, як можна так было здзекавацца з людзей. Для нашай сям'і ніколі не было розніцы, якой чалавек нацыянальнасці - яўрэй, рускі ці паляк. Гэта наш сусед — гродзенец. А немцы прыйшлі, загналі іх у гета і трымалі, а калі хтосьці збягаў, то маглі адразу расстраляць 3−5 чалавек. Так і з палякамі было, калі ў горадзе нехта забіваў немца, то бралі ў закладнікі цывільных".
Жанчына кажа, што пасля вайны страх у горадзе яшчэ прысутнічаў, бо савецкая ўлада пачала вывозіць мясцовае насельніцтва. Бяда не абмінула і сям’ю Леванеўскіх.
«Савецкая ўлада пачала вывозіць нашых людзей. Без суда. Прыязджала пад дом машына, мы яе называлі „чорны воран“. Заходзілі людзі ў дом, пыталі пра чалавека, які ім патрэбны быў, а пасля забіралі яго і з’язджалі. У мяне так сястра ў іх рукі трапіла. Хтосьці нагаварыў так, што яе вывезлі ўглыб Расіі. Бязвінна вінаватая была. Год яе не было ў Гродне, а пасля вярнулася, бо апраўдалі. Бацька і брат з’ехалі як рэпатрыянты на польскае Памор’е, а я ў 1946 годзе выйшла замуж і засталася ў горадзе. Жыву ў роным Гродне і сёння».
У Гродне 87 маршрутаў грамадскага транспарту, а людзям даводзіцца ездзіць на таксі. Транспартныя болі гродзенцаў,…
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …