Мы публікуем чарговую гісторыю з цыклу ўспамінаў пажылых гродзенцаў. Сваімі гісторыямі з жыцця Гродна 1930−40-х гадоў падзялілася 86-гадовая Тамара Кежкоўская. Яна ўсё жыццё пражыла ў родным горадзе.

Тамара Васіл'еўна Кежкоўская (Баран) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне на вуліцы Беластоцкай. Праваслаўная беларуска. Усё жыццё жыве ў Гродне.

«У маёй сям'і ўсе беларусы. Бацька гродзенскі, а мама з вёскі Алекшыцы Бераставіцкага раёна. Бацька ў 1930-я гады выконваў розныя працы на падзаробках, тады беларусам не асабліва і давалі працу. А мама прыслужвала ў начальніка чыгуначнай станцыі „Гродна“, часам хадзіла да яўрэяў працаваць. За палякамі былі ў горадзе праблемы з пастаяннай працай, таму складана жылося. Нягледзячы на цяжкасці з працаўладкаваннем, бацькі збіралі грошы на дом і на зямлю, але не паспелі купіць — пачалася вайна ў 1939 годзе».

За саветамі пайшла ў першы клас

Жыццё за польскім часам Тамара Васільеўна практычна не памятае. Толькі эпізодамі 1939 год, калі яе сям’я жыла на Маставой, у тым месцы, дзе сёння стаіць помнік-танк.

«Калі ў Гродна ўвайшлі першыя саветы, мы жылі на Маставой, там здымалі кватэру. Прыступкі нашага дома выходзілі акурат на Бернардынскі касцёл. Мама за саветамі працавала дыктарам на занёманскім фанерным заводзе. Якраз за саветамі я пайшла ў першы клас, у школу на Дамініканскай [суч. Савецкая]».

Успаміны 86-гадовай гродзенкі: «Мы, беларусы, ніколі так не жылі, як тыя, хто да нас прыходзіў»
Тамара Кежкоўская (справа). 1940-я гг.

У пошуках жылля

У 1941 году вайна СССР з Германіяй для сям'і Баран стала нечаканасцю. Нямецкія самалёты разбамбілі дом у цэнтры Гродна, дзе была іх кватэра. Гродзенцам прыйшлося шукаць новае жыллё і прасіць дапамогі ў сваякоў.

«Мы не ведалі, што будзе вайна. Ноччу ўсталі і думалі, што гром і маланка. І мама тады думала: ісці ёй у гэты дзень на працу ці не. Потым на горад наляцелі самалёты і пачалі бамбіць. Снарады падалі на цэнтр горада і на казармы над Нёманам, а адтуль выбягалі салдаты ў кальсонах. І тады бацька сказаў нам, што пачалася вайна і трэба хутка сыходзіць. З цэнтра горада мы сталі прабірацца на ўскраіну да сваякоў, якія жылі паблізу Пярэселкі. Беглі не па беразе Нёмана, а праз вуліцу Віленскую.

Раніцай, калі налёты сціхлі, мама прыйшла паглядзець, што з домам, а там ужо папялішча. Суседзі, якія засталіся ў доме, загінулі. У нас з рэчаў нічога не засталося, усё згарэла. Адзін час жылі ў татавага брата, потым маміна стрыечная сястра запрасіла да сябе на Красіньскага [суч. Бялінскага]. Жылі там, пакуль немцы не далі нам новае жыллё. На Будзёнага была вольная двухпавярховая камяніца. Яна знаходзілася недалёка ад старой электрастанцыі. Нам далі памяшканне на паддашшы. Жылі там я з братам і бацькі. Там было некалькі рэчаў, шафа і стол. Але пажылі мы ў гэтым доме зусім няшмат, немцы загадалі выселіцца ў іншае месца. Яны захацелі самі там жыць і далі нам трохпакаёвую кватэру на Пясочнай, 11 [суч. Паўлоўскага]. Кватэр тады ў горадзе было шмат пустных, людзі ўцякалі з горада, а кагосьці забралі ў гета.

Успаміны 86-гадовай гродзенкі: «Мы, беларусы, ніколі так не жылі, як тыя, хто да нас прыходзіў»
Перасяленне гродзенскіх яўрэяў у гета, 1941 г.
Я бачыла, як у Гродне немцы сталі адразу зневажаць яўрэяў. Спачатку забаранілі ім хадзіць па ходніках, толькі па бруку і з зоркай. Потым гета стварылі і калючым дротам абгарадзілі. Аднойчы праходзіла каля аўтавакзалу і ўбачыла, як немцы павесілі двух людзей каля другога гета. Павесілі на арках з-за таго, што палезлі разбіраць рэчы яўрэяў, пасля таго як іх вывезлі".

Іспанцы кармілі хлебам

За немцамі бацька Тамары Васільеўны працаваў маляром, а маці была памочніцай кухаркі на абутковай фабрыцы.

«Мама працавала на кухні і добрая немка-загадчыца дапамагала. Неяк яна спытала пра дзяцей, а мама сказал, што ў яе двое. То жанчына параіла маме браць з сабой посуд для ежы. Казала: ты пакуль прыйдзеш дадому, прыгатуеш, дзеці галодныя застануцца. Мама з работы пастаянна прыносіла ў кацялку нейкую ежу. Нават, памятаю, былі і сушаныя яблыкі. Варылі потым кампот. Былі квашання буракі і іншае. Мы за немцамі яшчэ нядрэнна жылі. Яшчэ і сваякам дапамагалі. Не галадалі, цукру, вядома, не бачылі, але жыць было можна.

На сучаснай вуліцы Тэльмана была крамка «Рудольф». Там прадавалі маслянку — вадзіца ад узбітага масла і перагоннае малако. У гэтую краму пастаянна чэргі былі. Мама ж атрымлівала гэтыя прадукты на фабрыцы, без чаргі. Адзін тыдзень вядро маслянкі брала, а другі малака. За грошы ўсё гэта. Нам падабалася маслянка — вельмі смачная была, там нават яшчэ трапляліся маленькія крапінкі масла. Хлеб давалі па картках. Магазінаў для мясцовых у асноўным не было, таму даводзілася мяняцца нейкімі прадуктамі са сваякамі і суседзямі.

А яшчэ мы малыя бегалі і прасілі хлеб у іспанцаў, яны ў Гродна стаялі там, дзе зараз штаб арміі. Мы прыбяжым пад плот і па-свойму просім, кажам што есці няма чаго, а яны нам хлеб выносілі. Да немцаў баяліся падыходзіць, яны стаялі ў іншым месцы".

Успаміны 86-гадовай гродзенкі: «Мы, беларусы, ніколі так не жылі, як тыя, хто да нас прыходзіў»
Іспанскія добраахвотнікі са складу 250-й пяхотнай дывізіі вермахта праходзяць па мосце праз Нёман у Гродне. 1941 г.

У доме начавалі ўласаўцы

Падчас нямецкай акупацыі вучыцца было нельга. Тамара часта хадзіла з бацькамі ў Свята-Пакроўскі сабор на Ажэшкі. Там вывучала таемна Закон Божы.

«Тады ў саборы былі святары Уладзімір і Генадзь. Мой бацька быў вельмі веруючым чалавекам — чытаў Біблію і Евангеллі. І таму ён мяне за саветамі не адправiў ні ў піянеры, ні ў камсамол.

У 1944 годзе, калі рускія гналі немцаў, то яны масава адступалі праз наш горад. Разам з імі ішлі уласаўцы [члены рускай вызваленчай арміі, якія ваявалі на баку Трэцяга рэйха супраць СССР]. У наш двор яны паставілі свае фурманкі і ў кватэрах мясцовых начавалі. Былі ў нашым доме некаторы час, а пасля сышлі. Неўзабаве ў горад увайшлі савецкія часткі".

Жылі побач з Мураўёвым

Пасля вызвалення Гродна сям’я Баран працягвала жыць на Пясочнай, мяняліся ў іх толькі суседзі. Тамара Васіл'еўна кажа, што ў іх доме жыў той самы Мураўёў, чый знакаміты дом сёння стаіць на Савецкай плошчы.

«Мы працягвалі жыць на Пясочнай і праз некаторы час да нас у дом пасяліліся вядомыя ў горадзе людзі - Мураўёў і адвакат Шыфаловіч. Казалі, што гэты быў той самы Мураўёў, які валодаў домам у цэнтры горада. Ён быў такі высокі, чорны, але пажылы і не гарбаты. Хадзіў у капелюшы, было ў яго зімовае і восеньскае паліто. Прыгожы мужчына, жыў ён адзін і не меў зносін з намі. Іншы сусед Шыфаловіч быў невысокім і тоўстым, быў таксама з інтэлігентаў. У яго жонка была маленькая, працавала настаўніцай замежнай мовы. Да яе часта жанчыны прыходзілі. З ёй я трохі мела зносіны. Гэтыя суседзі адрозніваліся ад нас усіх у двары, былі сапраўднымі інтэлігентамі. У канцы 1940-х памёр Мураўёў, праз некаторы час Шыфаловіч і яго жонка. У Мураўёва ніхто тады не пытаў пра вялікі дом у цэнтры Гродна, проста ведалі, што гэта ён яго пабудаваў».

Успаміны 86-гадовай гродзенкі: «Мы, беларусы, ніколі так не жылі, як тыя, хто да нас прыходзіў»
Дом купца Мураўёва. Канец 1940-х пач. 1950-х гг.

«Мы ніколі так не жылі, як тыя, хто да нас прыходзіў»

Тамара Васіл'еўна пражыла ўсё жыццё ў Гродне і кажа, што лепшага жыцця, чым у незалежнай Беларусі, у яе ніколі не было.

«Савецкая ўлада, як і іншая любая, у першыя пасляваенныя гады стала наводзіць парадкі ў горадзе. Усіх падазроных гродзенцаў арыштоўвалі, а пасля вывозілі.

Неяк пасля вайны мы з братам апынуліся каля Савецкай плошчы, а там шмат народу сабралася. Не маглі праціснуцца. Аказваецца, там вешалі людзей. Рускія вешалі паліцаяў ці кагосьці яшчэ там. Памятаю, чалавек стаяў у кузаве машыны з пятлёй, а калі яна ад’ехала — ён павіс. Страшнае відовішча.

Арыштоўвалі таксама настаўнікаў, пісараў і іншых. Проста за любую сувязь з палякамі або немцамі. Нават калі ў калгас не ішоў, маглі гвалтоўна вывезці. Мы жылі недалёка ад турмы. Памятаю, як некалькі разоў па Пясочнай вялі вялікую калону людзей: наперадзе ішлі жанчыны, далей мужчыны. Перад імі салдат са стрэльбай, а па баках ахоўнікі з сабакамі. Вялі гэтых людзей на перон, пасля грузілі ў таварныя вагоны і вывозілі. Страшнае відовішча, вельмі баялася.

Ведаеце, я жыла ў сваім Гродне пры паляках, пры першых і другіх саветах, пры немцах і пры беларусах. У сваёй незалежнай Беларусі мне жывецца лепш за ўсё. Пры іншай уладзе, мы — беларусы — ніколі так не жылі, як тыя, хто да нас прыходзіў. Любая ўлада, якая была ў Гродне, заўсёды прыгнятала нас".

Успаміны 86-гадовай гродзенкі: «Мы, беларусы, ніколі так не жылі, як тыя, хто да нас прыходзіў»
Тамара Кежкоўская ў 2019 годзе

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life