Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго сям’я набыла зямлю ў Падпярэселцы і пабудавала там дом. У гэтым доме сям’я Усцілаў перажыла Другую сусветную вайну і пражыла да пераезду ў Польшчу ў 1946 годзе.
Hrodna.life сумесна з рэдакцыяй MOST аднаўляе цыкл гістарычных матэрыялаў з успамінамі гродзенцаў, народжаных у міжваенны перыяд. Гэта гісторыі, якія ўвойдуць у новую кнігу журналіста Руслана Кулевіча «Апошнія сведкі Гродна». Яна і пра тых гродзенцаў, што пасля вайны пераехалі ў Польшчу, і пра тых, што засталіся ў Беларусі. А некаторыя з герояў у савецкія часы наогул перабраліся ўглыб СССР.
Бацька Генрыка быў вайскоўцам і служыў у Чацвёртым палку занёманскіх уланаў. У 1920-х гадах ён быў вымушаны пайсці з войска па стане здароўя: на польска-савецкай вайне атрымаў абмаражэнне ног, што прывяло да хваробы і ампутацыі. Сям’я жыла за кошт гаспадаркі, дапамогі, якую атрымліваў бацька, а таксама працы маці, якая падпрацоўвала ў розных месцах.

Чацвёрты полк занёманскіх уланаў (4 Pułk Ułanów Zaniemeńskich) атрымаў сваю назву ў гонар таго, што быў першым польскім палком, які пераправіўся праз Нёман у 1919 годзе ў час польска-савецкай вайны 1919−1921 гадоў. Пасля заканчэння гэтага канфлікту і да верасня 1939 года размяшчаўся ў Вільні.
Вучоба на Паўночнай, шпацыры па набярэжнай і паходы на Рыбны рынак
Генрык вучыўся ў школе № 6 на Паўночнай вуліцы (сённяшні корпус аграрнага ўніверсітэта на Валковіча). Падчас так званых «першых саветаў» (1939−1941) школу падзялілі. Хлопец працягнуў навучанне ў тым жа будынку, але ўжо ў школе № 4.
— Вучыўся там да 1941 года. Усе класы адрозніваліся. Напрыклад, у дзяўчынак былі розныя фартухі, а ў хлопцаў — кукарды. У школе не было спартзалы, таму заняткі праводзіліся на вуліцы каля фабрыкі кавы на вуліцы Паўночнай. Помню гэты пах кавы, які разносіўся ў паветры. Са школьных гадоў запомніліся зборы сродкаў на будаўніцтва іншых школ. Дзеці збіралі металалом.
У 1935 годзе сям’я Усцілаў пераехала на вуліцу Падпярэселка, дзе набыла зямлю і пабудавала дом.
— Недалёка быў Нёман, любіў гуляць па набярэжнай Перацкага. Каталіся на цеплаходах «Ягайла» і «Ядвіга». Плавалі па Нёмане да Мелавых гор, а потым праз лес вярталіся дадому. Побач была вёска Пярэселка, там мы часта праводзілі час.
Набярэжнай Перацкага называлася набярэжная ў падножжы Старога і Новага замкаў - ад піўзавода да Гараднічанкі. Яе пабудавалі ў 1934 годзе і назвалі ў гонар Браніслава Перацкага — польскага міністра ўнутраных спраў, якога ў тым жа годзе забілі ўкраінскія нацыяналісты.


Генрык успамінае і паходы на Рыбны рынак у цэнтры горада. Каб дабрацца туды з Падпярэселкі, трэба было прайсці праз раён Завяршчызна і раку Гараднічанку, а потым па ўзгорку на Траецкую.
— У Гродне да вайны было шмат яўрэяў. Мая мама часта купляла ў іх прадукты на рынку, у тым ліку рыбу, якую лавілі не толькі ў Нёмане, але і ў іншых месцах.
Рыбны рынак знаходзіўся ў яўрэйскім раёне Гродна, прыкладна на месцы стаянкі каля сённяшняй крамы «Абухаўская» на Вялікай Траецкай.
Чытайце таксама: Гісторыя карэннай гродзенкі з вуліцы Прыгараднай
Спачатку не чакалі саветаў, потым не чакалі немцаў
У верасні 1939 года Генрыку было 10 гадоў. Прыход саветаў у Гродна ён памятае па абрыўках сваіх успамінаў і расказах бацькоў.
— Тады інфармацыя так хутка не даходзіла, як цяпер. Не ва ўсіх было нават радыё, і пра вайну з немцамі ў верасні 1939 года мы даведаліся, калі ўбачылі нямецкія самалёты над горадам. Памятаю, у той час мы з маці былі на Рыбным рынку. Падчас налёту мы хаваліся ў браме. Мы не думалі, што ўсё будзе так сур’ёзна. Пачалася вайна з немцамі, а тут увайшлі саветы. Яны падпісалі таемны пакт Молатава-Рыбентропа і падзялілі Польшчу. Мы адчулі гэта, калі ў Гродна прыйшоў наш вораг — саветы. Яны адразу пачалі вывозіць «асаднікаў», якія атрымалі зямлю пасля савецка-польскай вайны. У першую чаргу вывезлі іх, потым інтэлігенцыю і сем'і вайскоўцаў.
Бацька Генрыка быў былым вайскоўцам і ўдзельнікам савецка-польскай вайны. Генрык лічыць, што іх сям'і пашанцавала, бо саветы не паспелі да іх дайсці.
— Гараджане проста так не паддаліся рускім. Ваенныя арганізацыі, гімназісты і вайсковыя часткі, што засталіся ў Гродне, выйшлі на абарону горада. Быў бой на вуліцах, палілі танкі. Помню, як на Паштовай вуліцы стаяў спалены танк, такія ж былі на Дамініканскай і Іерусалімскай. Бітва была жорсткай. Саветы прывязалі аднаго нашага юнака да танка. Некаторыя дзеці хадзілі ў горад, але мяне маці не пускала. Яна казала, што вайна — гэта не забавы, можа дрэнна скончыцца.

Упершыню савецкіх салдат Генрык убачыў на вуліцы Каліноўскага. Гэта было ўжо пасля захопу Гродна. Цэлая армія ішла з танкамі і накіроўвалася ў раён Пышкоў.
Пачалося новае жыццё. Пры першых саветах, якія былі з 1939 па 1941 гады, многіх прадуктаў харчавання не хапала. Трэба было стаяць у чэргах, каб атрымаць сваё. Часам выручала тое, што бацька быў інвалідам і яго прапускалі без чаргі. Сям’ю ратавала і ўласная гаспадарка.
Генрык успамінае, што немцаў у 1941 годзе таксама не чакалі ў Гродне. Усё пачалося раптоўна. Па ўспамінах гродзенца, каля 4 гадзін раніцы яго сям’я прачнулася ад выбухаў.
— Пасля налётаў ахвяра была і ў суседняй Пярэселцы. Нямецкія самалёты ў першую чаргу бамбілі вайсковыя часткі і склады, але частка бомбаў трапіла на горад, дзесьці ў яўрэйскім квартале. Спачатку людзі беглі з Гродна, але хутка пачалі вяртацца. У горадзе на імгненне ні саветаў, ні немцаў не было. Немцы з’явіліся толькі на наступны дзень. І зноў новая ўлада, новыя парадкі і чэргі па хлеб.
Праца ў немцаў: «Брыгадзір часам мог ударыць бізуном. Але ў цэлым нармальна»
— Немцы, як асвоіліся, пачалі пераймяноўваць вуліцы, адкрываць свае ўстановы і крамы. Спачатку вопратку было немагчыма набыць у Гродне. Толькі абутак з драўлянай падэшвай, якую мы называлі «цвайшналі». Выпускала яе абутковая фабрыка, дзе працавала моладзь ад 14 гадоў. Мой калега Метэк Юшкевіч там працаваў, казаў, што яго норма была 16 пар у дзень. Ён з намі вечарамі не гуляў, помню, казаў, што яму трэба спаць, бо рана ўставаць і выконваць норму. За гэта амаль не плацілі грошы, толькі выдавалі прадуктовыя карткі.
Немцы лавілі на вуліцах Гродна моладзь. З 16 гадоў маглі адправіць у Германію на прымусовыя работы, а маладзейшых адпраўлялі працаваць у горадзе. Генрык трапіў на працу да немца Райнольда Гамба. Той прыехаў з Баварыі і ў былых яўрэйскіх крамах у Гродне адкрыў свае гандлёвыя кропкі. Там прадаваліся прыналежнасці для швачак, краўцоў і іншых рабочых спецыяльнасцей.
— У Гамба працавала каля 16 нашых хлопцаў. Усе на розных пасадах — ад уборкі да продажу. У нас была яшчэ добрая праца, бо не было цяжкасцяў у параўнанні з іншымі. Пілавалі дровы, прыбіралі, палілі печы. Усё рабілі. Вядома, за намі сачыў брыгадзір, часам мог удараць бізуном. Але ў цэлым было нармальна.
Генрык кажа, што цяжэй за ўсё прыйшлося яўрэям, якіх перасялілі ў два гета ў Гродне. Яны знаходзіліся ў розных частках горада. Яўрэяў з гета заганялі на прымусовыя працы.
— У першым гета было шмат людзей, але мы туды не хадзілі. Толькі пасля таго як яўрэяў вывезлі, прыбралі калючы дрот, можна было заходзіць. Так, першы час пасля дэпартацыі яўрэяў, у гета яшчэ можна было знайсці штосьці карыснае. Напрыклад, да нас у краму прывезлі дзве ці тры машыны абутку і сказалі нашай моладзі перабіраць і шукаць пары. Пасля гэты абутак прадавалі гараджанам. Немцы разабралі гета і пачалі засяляць гэтую тэрыторыю людзьмі з малой гаспадаркай. Некаторых прывозілі з бліжэйшых вёсак.
Ладзілі танцы ў лесе, куды немцы хадзіць баяліся
У вольны ад працы час Генрык хадзіў лавіць рыбу на Нёман ці гуляў у лесе, які называлі Дзікова. Ён быў недалёка ад фартоў.
— У лесе быў будынак і мой калега Зютэк Эйсмант іграў там на акардэоне. Немцы ў лес не спяшаліся хадзіць, баяліся. У Зютка былі яшчэ брат і сястра. Без музыкаў Эйсмантаў ніводнае свята ў Пярэселцы не абыходзілася. Былі ў нас так званыя прываткі і патанцоўкі. Гэта было падчас акупацыі, усё рабілася ціха.
Прыватка (польскае prywatka) — моладзевая імпрэза ў прыватным доме. Сёння слова лічыцца састарэлым.

Другія саветы, пакаранні на плошчы і выезд у Польшчу
У ліпені 1944 года ў Гродне зноў змянілася ўлада: саветы выбілі немцаў і занялі горад.
— У 1944 годзе, калі пагналі немцаў, у горадзе праходзілі паказальныя суды і пакаранні. Памятаю, як аднаго немца прывезлі пад Гарнізонны касцёл, ён быў у мундзіры і басанож. Тады суд прыехаў на плошчу, і людзей было шмат. Немца хутка асудзілі, паставілі на машыну-палутарку, яна ад’ехала, і ён застаўся вісець. Каля двух дзён правісеў. Памятаю, што на яго прымацавалі шыльду на беларускай і рускай мовах. Яго звалі Эрык Кер, і была інфармацыя, што ён нарабіў.
Гарнізонны касцёл — іншая назва Фары Вітаўта або інакш Касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Знаходзіўся на сённяшняй Савецкай плошчы, былой плошчы Баторыя. Знішчаны савецкімі ўладамі ў 1961 годзе.

Пасля вызвалення Гродна сям’я Усцілаў наладжвала побыт, але хутка пачала рыхтавацца да эвакуацыі ў Польшчу.
— Для нас вайна скончылася. Польшчу таксама вызвалілі, і многія пачалі туды пераязджаць. Мае бацькі адкладвалі выезд. Думалі, што мяжу перанясуць і Гродна зноў будзе ў Польшчы. У Гродне мы жылі добра, у нас быў уласны дом з участкам і гаспадаркай. Але аднойчы бацька пагаварыў з адным рускім, які спытаў у нас, чаму мы не з’язджаем у Польшчу. Бацька адказаў, што чакаем, але той сказаў, што трэба ехаць і больш не чакаць. Наверсе ўжо ўсё было вырашана. Мы чакалі да апошняга, але потым звярнуліся ў адміністрацыю, каб атрымаць спецыяльную карту для выезду.
У лістападзе 1946 года сям'і Усцілаў выдзелілі вагон для эвакуацыі ў Польшчу, як і іншым гродзенцам, якія вырашылі пераехаць. Генрык успамінае, што яго сям'і саветы дазволілі забраць усе рэчы і нават дзвюх кароў. У Польшчы гродзенцы атрымалі кампенсацыю за сваю зямлю, якую пакінулі ў родным горадзе. Кампенсацыя была не ў поўным аб’ёме.


— Цікава, але тады нам дазволілі вывезці з Гродна ўсё, што хацелі. Цэлы вагон. Было сумна пакідаць наш Гродна, але трэба было ехаць. Дзень ад’езду быў пахмурны, мы сталі перад домам, перахрысціліся і адправіліся ў невядомы нам шлях. З Гродна рушылі на станцыю Ласосна, а адтуль у Польшчу. Дабраліся цягніком да Шчацінка. У гэтым горадзе вагоны з Гродна адчапілі, а далей цягнік паехаў да Слупска. Мы затрымаліся ў Шчацінку. Першы час каровы дапамагалі выжываць, малако прадавалі.
Шчацінак (Szczecinek) — горад у сённяшнім Заходнепаморскім ваяводстве Польшчы. Да 1945 года быў часткай Германіі, але ў выніку разам з іншымі так званымі «вернутымі тэрыторыямі» быў далучаны да Польшчы. Нямецкіх жыхароў горада перасялілі ў Германію, а іх месца занялі перасяленцы-рэпатрыянты з былых усходніх тэрыторый Польшчы, якія сталі часткай СССР.
«І цяпер, праз столькі гадоў, калі прыеду, то не згублюся ў Гродне»
У Шчацінку Генрык скончыў школу, а бацькі знайшлі працу. Жылі гродзенцы ў гэтым горадзе да 1955 года. У Генрыка пачаліся праблемы са здароўем, клімат не пасаваў. Урачы параілі змяніць горад. Сям’я знайшла жыллё ў Супраслі - мястэчку пад Беластокам.
— Бацькі вырашылі паехаць у Беласток. Казалі, што акурат недалёка ад Гродна, можна нават будзе ездзіць.

Упершыню пасля рэпатрыяцыі Генрык змог паехаць у Гродна ў 1950-х гадах. Гэта была службовая сустрэча. Скарыстаўшы магчымасць, гродзенец наведаў сваю вуліцу і ўбачыў сямейны дом, які пакінулі пасля Другой сусветнай вайны.
— Хтосьці ўжо тады купіў наш дом. Сумна было, але вяртацца жыць у Гродна я не хацеў. Нічога майго там ужо не было. Я быў яшчэ некалькі разоў у горадзе. І цяпер, праз столькі гадоў, калі прыеду, то не згублюся ў Гродне. Магу экскурсію нават правесці. У памяці ўсё засталося, усё маё дзяцінства. Нават памятаю, як да Каложы падымацца па спецыяльных прыступках. Сёння ў мяне настальгія па Гродне, што не магу проста так прыехаць і ўбачыць родны горад.