Гродзенцу Мікалаю 37 гадоў, ён працуе сістэмным адміністратарам. Але паралельна з асноўнай працай мужчына займаецца сталярнай справай — робіць драўляныя цацкі. І не проста цацкі, а нейратрэнажоры, праз якія ён хоча дапамагчы свайму пяцігадоваму сыну з дыягназам аўтызму. Гісторыю майстра распавёў блог s13.ru.

Гродзенец пачаў рабіць драўляныя цацкі, каб дапамагчы сыну з аўтызмам. Цяпер хоча ператварыць гэта ў сур’ёзную вытворчасць
Гродзенец Мікалай, які робіць драўляныя трэнажоры для дзяцей з дыягназам аўтызм. Крыніца: s13.ru

Пачынаў з крафтавых пакункаў, менажніцаў і днушак

Дзед Мікалая быў добрым майстрам па дрэве. Сам мужчына ўзяў у рукі лобзік і фрэзер, калі трэба было вырабіць крафтавы пакунак для падарунка. Пазней ён рабіў менажніцы, днушкі, драўляныя цацкі. А калі лекары паставілі сыну дыягназ аўтызм — змяніў накірунак вытворчасці.

«Майму другому дзіцяці лекары паставілі аўтызм. Аднойчы я цэлы месяц правёў з ім у шпіталі ў Мінску, дзе пазнаёміўся з маці такога ж дзіцяці. […] Праз нейкі час пасля выпіскі мне патэлефанавала мая сяброўка і спытала, ці магу я зрабіць спецыяльны трэнажор для развіцця яе дзіцяці», — распавёў Мікалай.

Цана трэнажораў - ад 15 рублёў, самы дарагі - 450

Неўзабаве мужчына зрабіў не адзін такі трэнажор і пачаў вывучаць гэтую тэму больш дасканала. Паводле словаў Мікалая, падобныя рэчы ў Беларусі і Расіі ніхто не робіць. Ідэі ён распрацоўвае разам з жанчынай, з якой пазнаёміўся ў шпіталі. «Яна, як жанчына, лепш бачыць, што трэба дзіцяці, добра разбіраецца ў псіхалогіі. Распавядае мне ідэю, а я ўжо думаю, як яе рэалізаваць», — сказаў Мікалай. І ён, і яго сяброўка перажылі цяжкія разводы, а цяпер яны пара.

Трэнажор для дзяцей з аўтызмам
Трэнажоры для дзяцей з дыягназам аўтызм. Крыніца: Instagram / anko.brain

Сярод вырабаў Мікалая ёсць хадулі, якія развіваюць каардынацыю, арыентацыю ў прасторы і фізічнае здароўе, ёсць сцежка з сэнсарнымі мосцікамі. У сярэднім Мікалай робіць 20−25 замоваў у месяц.

Цяпер ён выпускае нейратрэнажоры пад брэндам anko.brain. Іх замаўляюць не толькі бацькі асаблівых дзяцей, але таксама спецыялісты і лагапеды ў карэкцыйна-развіваючыя цэнтры. А яшчэ раяць іх расійскім калегам.

Цана такіх трэнажораў - ад 15 рублёў. Самая дарагая замова, якая была ў мужчыны — трэнажор за 450 рублёў. Яго замовіў гродзенскі спецыяліст.

Трэнажор для дзяцей з аўтызмам
Трэнажоры для дзяцей з дыягназам аўтызм. Крыніца: Instagram / anko.brain

Чытайце таксама: У Гродне адкрылі «краму прыгожых прадметаў»: там прадаюцца аўтарскія рэчы — эстэтычныя і экалагічныя

Дзетак з аўтызмам шмат, але іх не бачна

Мікалай кажа, што дзетак з дыягназам аўтызм зараз шмат.

«Вы, верагодна, не бачыце іх у горадзе, але яны ёсць. Я разумею, што гэта такое, і ведаю, што трэба даць дзіцяці, каб яго мозг пачаў працаваць праз цела, — кажа Мікалай. — Калі ў яго развіваецца мозг на нейкія акрэсленыя рэчы, ён выдае адразу літару. А калі дзіцёнак на эмоцыях скокае з таго ж сэнсарнага мосціка, ён можа сказаць нават слог! Спецыялісту гэта добра дапамагае далей працаваць з дзіцём: фізічна і псіхалагічна ён гатовы».

Робіць толькі на замову, але плануе выйсці на маркетплэйсы

Усе трэнажоры выраблены з дрэва. Яго Мікалай пакрывае харчовым алеем. «Нават калі дзіцё яго абліжа, гэта будзе бяспечна. Да і практыка паказала, што калі дзіцяці прапанаваць кітайскі канструктар альбо нашую драўляную цацку, ён абярэ апошнюю».

Гэтыя вырабы мужчына робіць толькі на замову. Шматлікія трэнажоры ён апрабаваў на сваіх дзецях.

Трэнажор для дзяцей з аўтызмам
Трэнажоры для дзяцей з дыягназам аўтызм. Крыніца: Instagram / anko.brain

«У хуткім часе ў планах выйсці на маркетплэйсы і наладзіць сур’ёзную вытворчасць. Мы бачым у гэтым вялікі патэнцыял. І галоўная нашая мэта — не зарабіць шмат грошай, а даць бацькам якасны і вельмі патрэбны прадукт. Ну і, вядома, я спадзяюся, што дзякуючы яму я калі-небудзь пачую „тата“ з вуснаў свайго сына», — сказаў Мікалай.

Чытайце таксама: У Гродне прадаюць 100-гадовы дзіцячы садок: мог стаць сацыяльным цэнтрам, але новы архіепіскап перадумаў