Спецыяльны дзіцячы садок № 7 для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця на вуліцы Цаглянай у Гродне збіраюцца закрыць. Дзяцей з Кастрычніцкага раёна плануюць перавесці ў дзіцячы сад № 5, а дзяцей з Ленінскага — размеркаваць групамі па іншых садах. Каб адстаяць сад, бацькі збіраюцца на прыём да начальніка аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэя Семанчыка. А калі спатрэбіцца, гатовыя ехаць нават у Міністэрства адукацыі ў Мінск.

Чаму сад хочуць зачыніць

«Спачатку нашых дзяцей выпіхнулі са звычайных садоў у спецыяльны сад, а цяпер гэты сад у нас забіраюць. Дзе логіка? Наогул не зразумела», — кажа Дзмітрый Марэцкі бацька чатырохгадовага выхаванца гэтага саду. Паводле яго слоў, сад хочуць зачыніць, таму што ён «не сучасны і не адпавядае санітарным нормам»: у ім адсутнічае басейн і спартзала.

«Але такіх старых садоў у Гродне некалькі. Чаму хочуць зачыніць менавіта наш?», — не разумее Дзмітрый. Пытанне басейна ён лічыць надуманым, бо ў дзяцей з аўтызмам вада выклікае балючы шок. «Нашы дзеткі асаблівыя, яны не такія як усе. Што яны хочуць рабіць у басейне з нашымі дзецьмі? Гэта бескарысна, як і спартзала».

Дзмитрый вельмі хваліць заняткі ў садзе. У кожную групу індывідуальна прыходзіць выкладчык фізкультуры і займаецца з дзецьмі. Па словах Дзмітрыя, групы для гэтага добра абсталяваныя. Пры гэтым фізкультурай займаюцца далёка не ўсё. «У групе з 12 чалавек на фізкультуру ходзіць толькі маё дзіця і яшчэ двое дзяцей, — кажа Дзмітрый. — Таму, тое, што няма басейна і спартзалы, для нашых дзяцей зусім не праблема. Гэты басейн можа нашкодзіць ім яшчэ».

5 гадоў абмяркоўваюць закрыццё

Ёсць версія, што будынак дзіцячага сада плануюць перадаць Гродзенскаму абласному цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Па словах Дзмітрыя, дырэктарка цэнтра Алена Федарэнка ўжо прыходзіла ў сад і аглядала памяшканне. Аб перадачы будынка пакуль вядома толькі на словах, дакументаў пра гэта ніхто з бацькоў не бачыў.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Алена Пахомава, калі пачула пытанне Hrodna.life аб дзіцячым садку № 7, сказала, што занятая і кінула слухаўку. У прыёмнай начальніка Андрэя Семанчыка ўключаецца аўтаадказчык, а начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Ленінскага раёна Аксана Тарасевіч трубку не бярэ.

Детский сад №7 в Гродно. Фото: yandex.by/maps
Дзіцячы сад № 7 у Гродне. Фота: yandex.by/maps

Між тым, размовы пра закрыццё дзіцячага сада працягваюцца ўжо пяць гадоў. Кожны год бацькі пісалі калектыўны ліст у Міністэрства адукацыі. Усе бацькі падпісвалі яго, перадавалі загадчыцы, а загадчыца — у аддзел адукацыі. Такім чынам сад адстойвалі. Гэтым разам, па словах Дзмітрыя, сітуацыя іншая. Не ўсім выхавацелям збіраюцца працягваць кантракты. «Некаторыя выхавацелі ўжо пенсійнага ўзросту — з імі проста развітаюцца. Астатнія, калі садок расфармуюць, хутчэй за ўсё ўладкуюцца на працу ў той сад, які будзе бліжэй да іх», — разважае Дзмітрый.

Такіх дзетак складана кудысьці ўладкаваць

Бацькі дзяцей з аўтызмам сутыкаюцца з праблемай: усе гурткі ў горадзе для звычайных дзяцей.

«Мы спрабавалі ўладкаваць наша дзіця ў школу танцаў. Мы абышлі ўсе школы, якія ў нас ёсць у горадзе. Нас прынялі толькі ў танцавальнай школе „ADEPT“», — кажа Дзмітрый. Для яго дзіцяці там нават распрацавалі індывідуальную праграму. У іншых школах казалі адразу: «Выбачайце, мы з вашым дзіцём не будзем займацца».

З такой праблемай сутыкнуўся не толькі Дзмітрый. Паводле яго слоў, іншыя бацькі з іх саду таксама не могуць уладкаваць дзяцей у музычную школу або ў гурткі дадатковай адукацыі.

Чым дзіцячы сад № 7 лепш за іншыя?

Такіх дзіцячых садкоў у Гродне ўсяго два. У садзе № 7 усяго чатыры групы, у кожнай максімум 12 дзяцей. У звычайных садках — 10 груп па 20 чалавек.

«Тут працуюць спецыялісты, якія сапраўды дапамагаюць нашым дзецям», — кажа Дзмітрый. У гэтым садзе ёсць і выкладчык па музыцы, і дэфектолаг, і спецыяльна распрацаваная для дзяцей з аўтызмам фізкультура. У кожнай групе ёсць свой лагапед, у адрозненні ад звычайнага сада, дзе лагапед адзін на ўвесь сад.

«У іншых садках такога не будзе. Нас проста раскідаюць у звычайныя сады і пра нашых дзяцей усе забудуць. Будуць займацца звычайнымі дзецьмі, а нашы дзеці будуць як ізгоі», — упэўнены Дзмітрый.

Спецыяльных садоў і так не хапае

Некалькі гадоў таму здарыўся ўсплёск нараджальнасці дзяцей з расстройствам аўтыстычнага спектру, кажа Дзмітрый. А вось спецыяльных дзіцячых садкоў больш не стала.

У мікрараёне «Грандзічы» цяпер будуюць новы сад. У ім будзе асобная група для такіх дзяцей. На думку Дзмітрыя, гэта можа быць не вельмі эфектыўна і лепш было б будаваць новыя спецыяльныя дзіцячыя сады. «Калі б у звычайных садках былі такія педагогі і спецыялісты, можа быць і можна было б неяк рабіць асобныя групы. Але ў нас такога няма», — кажа Дзмітрый.

Што рабіць?

На думку Дзмітрыя, гарадская адміністрацыя, замест таго, каб зачыняць сад, павінна правесці рэканструкцыю і прыбудаваць памяшканні, якія адсутнічаюць, каб выканаць усе нормы.

Альбо яны павінны проста пабудаваць нармальны сучасны сад і ўсіх выкладчыкаў і дзяцей перавесці туды. Хай нават з пашырэннем, з павелічэннем колькасці груп.

Чытайце таксама: