У Гродне на продаж выставілі былыя яслі па вуліцы Міхася Васілька, 5 (па суседстве з літоўскім консульствам). У старажытным будынку ўжо пачыналі рамонт: два гады таму гродзенская праваслаўная епархія хацела адкрыць там інклюзіўную пякарню і сацыяльны цэнтр. Але прыйшоў новы архіепіскап і вырашыў не ўкладваць туды сродкі - будынак вярнулі гораду праз непатрэбнасць.

Былыя яслі 1911 года пабудовы прапануюць рэканструяваць пад аб’ект шматфункцыянальнага грамадскага прызначэння, шматкватэрны жылы дом (малапавярховай, сярэднепавярховай або зменнай паверхавасці) або грамадска-жылы шматпавярховы дом з аб’ектамі абслугоўвання.

Асноўны будынак цагляны, двухпавярховы, з падвалам, прыбудовай і тэхнічным падполлем. Агульная плошча — 513,6 кв.м. Яслі прадаюць разам з пуняй, кухняй, пральняй і агароджай з брамай. На ўчастку плошчай 0,2604 га — асфальтавае і плітачнае пакрыццё, растуць самшыт, язмін, таполя, бяроза і клёны.
Пакупнік атрымае права арэнды зямельнага ўчастка на 50 год. За ўсё разам выставілі пачатковую цану 914 669,12 руб. ($ 277,5 тыс.). Можна будзе аформіць растэрміноўку.

Будынак размешчаны на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна, прызнанага гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Праз гэта забаронена неабгрунтаваная змена архітэктуры фасада, а праект трэба будзе ўзгадніць з Міністэрствам культуры. На распрацоўку праекта рэканструкцыі або рамонту даецца год, на ўвод будынка ў эксплуатацыю — тры гады.

Планавалі адчыніць сацыяльны цэнтр і нават зрабілі рамонт

Будынку на Васілька, 5 больш за сто гадоў. Паводле адных дадзеных, тут раней была яўрэйская малітоўная школа, паводле іншых — дом належаў буйному памешчыку Кандратовічу. На месцы суседняга консульства Літвы раней знаходзіўся млын. З 1950 года на Васільку, 5 быў дзіцячы яслі-сад № 1. Побач з ім пабудавалі невялікае памяшканне, там быў гаспадарчы блок — пункт прыгатавання ежы і пральня.

У 2018 годзе дзяржава аддала памяшканні разам з тэрыторыяй у 25 сотак праваслаўнай царкве ў бязвыплатнае карыстанне. Праваслаўны святар і актывіст Павел Сяргееў пачаў рыхтаваць будынкі пад сацыяльны цэнтр «Васількі» і пякарню «Пчала». Там людзі з інваліднасцю змаглі б рабіць крафтавы хлеб для гродзенцаў і прасфоры для цэркваў.

У асноўным будынку збіраліся надбудаваць мансардны паверх. Праектныя работы вялі з канца 2018 года, дайшлі да экспертызы. У сацыяльным цэнтры павінна была быць канферэнц-зала для людзей з інваліднасцю, прыхаджан праваслаўнай царквы і моладзі, невялікі храм-капліца, сталовая для малазабяспечаных сем’яў, цэнтр дапамогі для людзей з аўтызмам. На мансардным паверсе хацелі ўладкаваць пакоі для гасцей і паломнікаў. У меншым будынку — будучай пякарні - за паўгода зрабілі капрамонт: правялі камунікацыі, зрабілі падлогі і санвузлы, атынкавалі сцены, памянялі дзверы, дах і нават купілі першую электрычную печ для выпечкі. У двары збіраліся праводзіць кінапаказы пад вольным небам і моладзевыя пікнікі.

На працы і абсталяванне для пякарні разлічвалі атрымаць падтрымку ад нямецкіх партнёраў на € 15 000, некалькі тысяч павінна была вылучыць царква, айцец Павел шукаў спонсарскую падтрымку ў бізнэсу. Праект «Інклюзіўная пякарня „Пчала“» выйшаў у фінал конкурсу сацыяльных праектаў Social weekend і атрымаў ментарскую падтрымку.

Зараз Instagram-старонкі абодвух праектаў маўчаць. Яны не абнаўляліся з 2021 года. Сам айцец Павел ужо паўтара года служыць на востраве Мадэйра ў Партугаліі.

Вярнулі праз непатрэбнасць

Праект сацыяльнага цэнтра і пякарні запускалі яшчэ пры ранейшым архіепіскапе Гродзенскім і Ваўкавыскім уладыку Арцеміі. Гродзенская епархія пачала патроху інвеставаць у будучы цэнтр свае сродкі, укладваць грошы ў рамонт, планавалі прыцягнуць фінансаванне па праектах, але не паспелі, распавяла Hrodna.life крыніца, знаёмая з сітуацыяй. У 2020 годзе Арцемій асудзіў гвалт пасля выбараў, а ўжо на пачатку лета 2021 года яго знялі з пасады.

«Калі прыйшоў Антоній, ён сказаў, што гэта яму не цікава, і на гэты праект грошы выдаткоўваць не будуць. [Будынкі] проста аддалі „праз непатрэбнасць“», — расказала крыніца.

Чытайце таксама: