Праект гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Дубко ад гродзенскай кампаніі «Інтэлсток Інжынірынг» атрымаў Малы Гран-Пры на конкурсе ў рамках XV Нацыянальнага фестывалю архітэктуры. Пераможцаў аб’явілі 21 кастрычніка ў Мінску.

Аўтары праекта — архітэктар Віктар Варабей і інжынер Вадзім Жук.

Праект бізнес-цэнтр на Дубко Інтэлсток Інжынірынг Intelstock архітэктар Віктар Варабей і інжынер Вадзім Жук
Праект гандлёва-адміністрацыйнага цэнтра на Дубко. Выява: instagram.com/intelstock

Гандлёва-адміністрацыйны цэнтр запланаваны на скрыжаванні на мяжы двух раёнаў - адміністрацыйнага (забудова вуліцы Дубко) і жылога (забудова вуліцы Пушкіна), які складаецца з аднатыпных панэльных дамоў.

Рог будынка мае выгляд пераламанай «кубістычнай» лініі. Там жа, на рагу, запланавана паглыбленая ўваходная група. Яна «становіцца працягам вулічнай плошчы і быццам „заваблівае“ прахожых унутр», піша кампанія ў сваім Instagram. У вячэрні час будынак павінен, дзякуючы вялікай колькасці шкла, актыўна падсвятляцца і ператварацца ў светлавую і каляровую дамінанту.

Інтэлсток Інжынірынг Intelstock архітэктар Віктар Варабей і інжынер Вадзім Жук
Узнагароджаныя аўтары праекта — злева з узнагародай у руках. Фота: instagram.com/intelstock

Гэта не першая ўзнагарода для каманды Віктара Вараб’я і Вадзіма Жука з «Інтэлсток Інжынірынг». У чэрвені 2021 года яны атрымалі сярэбраны дыплом Нацыянальнага незалежнага архітэктурнага рэйтынгу «Залатая капітэль-2021» (базіруецца ў Новасібірску). Тады адзначылі іх праект офіснага цэнтра на Вялікай Траецкай. Цяпер яго якраз будуюць.

Праект гродзенскіх архітэктараў атрымаў гран-пры на фестывалі: вось які бізнес-цэнтр можа з'явіцца на Дубко
Узнагароджаны ў 2021 годзе праект кампаніі «Інтэлсток Інжынірынг». Малюнак: instagram.com/intelstock
Будаўніцтва офіснага цэнтра на Вялікай Траецкай у Гродне. Лета 2023
Будаўніцтва офіснага цэнтра на Вялікай Траецкай у Гродне. Лета 2023. Скрыншот Hrodna.life з панарамнага фота сэрвісу Яндекс.Карты

Гэта не адзіная праца «Інтэлсток» у гістарычным цэнтры Гродна. Вядома, што кампанія рыхтуе таксама праект рэстаўрацыі закінутага будынка былога скурвендыспансера на вуліцы Васілька.