Жонка будзе граць у выбарчай кампаніі намінальную ролю, а калі пераможа Лукашэнка, будзе партызанская вайна. Сяргей Ціханоўскі даў інтэрвью DW, а рэдакцыя Hrodna.life вылучыла асноўныя думкі беларускага блогера, які збіраўся стаць прэзідэнтам.

Беларускі блогер, аўтар Youtube-канала «Краіна для жыцця» і прадпрымальнік Сяргей Ціханоўскі збіраўся ўзяць удзел у выбарах прэзідэнта Беларусі. Але 6 траўня, напярэдадні старту прэзідэнцкай кампаніі, быў арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у пратэстах супраць інтэграцыі з Расіяй у снежні 2019 года. Праз гэта ён не змог зарэгістраваць ініцыятыўную групу. У выбарчую кампанію замест яго ўключылася ягоная жонка Святлана, а Ціханоўскі стаў кіраўніком яе ініцыятыўнай групы. Напярэдадні блогер атрымаў яшчэ 45 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях, але 20 траўня яго раптоўна адпусцілі.

Акрамя як на вуліцы, іншага выйсця няма. Людзі, з якімі Ціханоўскі сядзеў у турме, сказалі яму, што калі выйдуць, працягнуць пратэсты. Ціханоўскі адчувае адказнасць за тых, хто выходзіў на вуліцы з патрабаваннем адпусціць яго. Ён паабяцаў дапамогу ў зборы сродкаў на аплату сутак і штрафаў, калі спатрэбіцца. Упэўнены, што калі зменіцца ўлада, яна ўсё кампенсуе тым, хто пратэставаў супраць цяперашняй.

Святлана Ціханоўская ў выбарчай кампаніі будзе граць намінальную ролю. Гэта будзе кампанія хутчэй самога Ціханоўскага, а не яго жонкі. Выбар жонкі - ісці ў кандыдаты — быў для яго шокам. Рашэнне рэгістравацца з гэтай жа ініцыятыўнай групай яна прымала разам з камандай.

Чытаць таксама: Каардынатар ініцыятыўнай групы Ціханоўскай у Гродне баіцца выходзіць з дому

Будзе ездзіць па гарадах і заклікаць да байкоту. Стратэгіі перадвыбарчай кампаніі ў Ціханоўскага пакуль няма. Ён лічыць, што каб перамагчы Лукашэнку, частцы беларусаў трэба стаць назіральнікамі на выбарах, астатнім — байкатаваць іх. Тады камісіі прызнаюць, што выбары не адбыліся, і будуць прызначаны новыя. Тады ў іх, як упэўнены Ціханоўскі, змогуць удзельнічаць «годныя палітыкі» — Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, а можа і ён сам. Але ён не рвецца да ўлады.

Гатовы сесці ў турму за сваю дзейнасць. Але каб сям’я пацярпела, не хоча. Лічыць, што сітуацыя змяняецца і непажаданых проста саджаюць на суткі, збіцця не чакае.

Калі Лукашэнка пераможа на выбарах, гэта прывядзе да партызанскай вайны. Лічыць, што дзейны прэзідэнт звык да старой апазіцыі, а зараз сваё меркаванне выказвае новы апалітычны пласт людзей. Ціханоўскі перакананы, што затрыманні яго прыхільнікаў - знак таго, што яго баяцца.

Агульная пазіцыя ўладаў - не размаўляць з блогерамі. З ім на кантакт не выходзілі ніколі. З расійскім блогерам і апазіцыйным палітыкам Аляксеем Навальным або ўкраінскім прэзідэнтам і камедыйным акцёрам Уладзімірам Зяленскім сябе не параўноўвае, «адчувае сябе беларускім Ціханоўскім».

Выбарчую кампанію праспансуюць падпісчыкі. Ціханоўскі кажа, што амаль не ўкладваў грошы ў блог, усё, патрэбнае для здымкаў, збіралі падпісчыкі. Спансаванне Масквой, у якім яго абвінавачваюць, называе адным з «укідаў» супраць яго. Апошнія месяцы падпісчыкі дапамагаюць каналу купляй сувеніраў і краўдфандынгам.

Беларусь павінна быць суверэннай і сябраваць з захадам, усходам, поўначчу і поўднем. Тое, што прэзідэнт разгарнуў эканоміку выключна на Усход — самая вялікая памылка. Калі б энергарэсурсы закупляліся ў розных дзяржавах, Расія не магла б дыктаваць умовы па інтэграцыі і іншых пытаннях.

З Расіяй павінны быць выключна сяброўскія адносіны. Але праект Саюзнай дзяржавы сябе зжыў. Пакуль Беларусь так глыбока не інтэгравалася, дамову можна скасаваць. Лічыць, што Беларусь ні ў якім разе не павінна станавіцца часткай Расеі.

Чытаць таксама: Сродкі засцярогі і стаўка на пікеты. Як вылучэнцы ў прэзыдэнты будуць збіраць подпісы ва ўмовах пандэміі